04:00 14.04.2009 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"
«Чарнобыльскі шлях» па «чарнобыльскай» зоне
«“Чарнобыльскі шлях” выходзіць за межы кальцавой дарогі», – заявіў сёньня старшыня АГП Анатоль Лябедзька, які з’яўляецца каардынатарам рэгіянальных мерапрыемстваў у праграме Аб’яднаных дэмсілаў «Чарнобыль–2009». 24–26 красавіка лідары АДС паедуць у рэгіёны. Лябедзька паведаміў, што ў гэтую паездку, акрамя яго, зьбіраюцца экс-кандыдат у прэзідэнты Аляксандр Казулін і першы сакратар ЦК Партыі камуністаў (беларускай) Сяргей Калякін. Лідар АГП лічыць карысным, калі ў мерапрыемствах возьмуць удзел «не толькі прадстаўнікі рэгіянальных кааліцыяў, але і палітыкі з цэнтру».
Зрэшты, ў прэсавай канферэнцыі бралі ўдзел і тыя, і другія. Журналісты пацікавіліся, як стасуецца адээсаўская праграма з «чарнобыльскімі» паездкамі прадстаўнікоў улады (што таксама запланавана). «Мы самастойна планавалі свае паездкі, незалежна ад адміністрацыі Лукашэнкі», – адказаў старшыня Гомельскай абласной арганізацыі АГП Васіль Палякоў, адзін з каардынатараў рэгіянальнай кааліцыі АДС.
Таксама Палякоў засяродзіў увагу на тым, што ўлады, з чыста матэрыяльных прычынаў, «уводзяць “чарнобыльскія” землі ў абарот, і ўсяляк замоўчваюць гэтую праблему».
Гэтую ж думку, у пэўным сэнсе, працягнуў і Мікалай Уласевіч з Астраўца, які цяпер актыўна змагаецца супраць пабудовы ў гэтым рэгіёне атамнай электрастанцыі: «Вырасла новае пакаленьне, якое мала ведае пра чарнобыльскую бяду, і часам паддаецца на прапаганду, якую вядуць улады: што АЭС – гэта бясьпечна, што негатыўных наступстваў не будзе».
М.Уласевіч, лідар грамадскай ініцыятывы «Астравецкая атамная – гэта злачынства», зазначыў, што «нягледзячы на супрацьдзеяньні выканаўчай улады, ёсьць людзі, якія працуюць». Сам ён, як географ па адукацыі, з веданнем справы распавёў пра наступствы АЭС, і дадаў: «Я адчуваю абавязак бараніць наш край, ды ў дадзеным выпадку ўвогуле бараніць усю нашу Беларусь».
Кіраўнік планава-аналітычнай групы АДС Вацлаў Арэшка праінфармаваў пра тое, як мяркуецца праводзіць «Чарнобыльскі шлях» у сталіцы: збор ля Акадэміі навук, з 13-00 да 14-00 – шэсьце па прашпекце Незалежнасьці да плошчы Якуба Коласа і далей, праз вуліцу Веры Харужай, да капліцы. «Тэмаю акцыі ў Мінску плануецца зрабіць не толькі Чарнобыльскую трагедыю саму па сабе, але і, так бы мовіць, “сацыяльны Чарнобыль”, – паведаміў Арэшка. – Па сутнасьці, сёлета гэта будзе першая буйная акцыя за сацыяльную абарону грамадзян».
З гэтай прычыны да акцыі арганізавана далучаюцца прадпрымальнікі. «Работа ў прадпрымальніцкім асяродку праводзіцца мэтанакіравана, – адзначыў Віктар Калей, намесьнік старшыні грамадскай кампаніі “За свабоднае разьвіцьцё прадпрымальніцтва”. – Мы будзем выступаць па сваіх сацыяльных пытаньнях, па Антыкрызіснай платформе АДС, па праблеме падаткаабкладаньня. Таксама мы пратэстуем супраць будаўніцтва АЭС».
24–25 красавіка сталічныя палітыкі разам з прадстаўнікамі Гомельскай кааліцыі АДС паедуць па радыёактыўна забруджаных населеных пунктах: Ветка, Чачэрск, Хойнікі, Брагін, Нароўля, Карма (націск на апошнім складзе, – хаця, з улікам пацярпеласьці, можна паставіць і на першым). Пройдуць жалобныя мерапрыемствы з ускладаньнем кветак да помніка «чарнобыльцам» у Мазыры. Будуць раздавацца інфармацыйныя матэрыялы: газета «Глоток воздуха» і ўлёткі. 26-га мерапрыемствы працягнуцца ў Магілёве, дзе пройдуць адпаведныя службы ў царкве і касьцёле, і жалобны мітынг ля Крыжа ахвярам Чарнобыля.
Запланаваны і шэраг іншых мерапрыемстваў. Так, «круглыя сталы» па розных асьпектах «чарнобыльскай» тэматыкі адбудуцца ў Гомелі, Быхаве і Астраўцы.
Источник: Объединенная Гражданская Партия
Обсудить новость на Форуме