20:00 12.08.2009 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"
Ці сутыкаліся вы з хамствам з боку чыноўнікаў?
Кожны пяты сталічны чыноўнік — хам і грубіян. Такія несуцяшальныя вынікі сацыялагічнага апытання, які быў нядаўна праведзены інфармацыйна-аналітычным цэнтрам пры Адміністрацыі прэзідэнта.
Згодна з вынікамі апытання, "фармалізм, раўнадушша і абыякавасць" сярод характэрных рысаў сталічнага чыноўніка назвалі 41,1% апытаных, "раздражняльнасць" —29,5%, грубасць і хамства — 18,4%.
Ці сапраўды праблема стаіць так востра?
Леанід ДРАНЬКО-МАЙСЮК, паэт:
— Можаце мяне павіншаваць: я, напэўна, самы шчаслівы жыхар Мінска і Беларусі, бо з хамствам з боку чыноўнікаў не сутыкаўся ніколі. Наадварот, усе людзі, якія займаюць нейкія пасады і з якімі мне даводзілася сутыкацца, паводзілі сябе прыстойна і ветліва. Я заўжды размаўляю па-беларуску, і на прыёмах у чыноўнікаў таксама. Дык вось, пачуўшы беларускую мову, яны амаль усе таксама адразу пераходзяць на яе. А некаторыя потым нават просяць мае кнігі з аўтографам.
Iгар ШЫНКАРЫК, старшыня выканкама Аб’яднанай грамадзянскай партыі:
— На шчасце, апошнім шасам я вельмі мала кантактую з чынавенствам. Дзесяць гадоў таму, калі я меў намер адкрыць уласную краму, прыйшлося паабіваць парогі розных кабінетаў, розных інстанцый... Доўга і марудна гэта ўсё адбывалася, але гэта пытанне хутчэй бюракратычнага кшталту... Дык вось з адкрытым хамствам я тады таксама не сутыкаўся.
Зараз жа мае зносіны з чыноўнікамі абмяжоўваюцца сустрэчамі ў Мінгарвыканкаме, калі мы падаем заяўку на правядзенне нейкіх масавых мерапрыемстваў. Не, чыноўнікі не абражаюць, яны проста культурна "адсылаюць" праз адмоўныя адказы на паперах...
Павел СЕВЯРЫНЕЦ, сустаршыня незарэгістраванай партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя":
— З хамствам чыноўнікаў даводзіцца сутыкацца пастаянна. Супрацоўнікі пракуратуры, міліцыя, прадстаўнікі ЖЭСаў. Не агулам, канечне, але хамы сярод іх трапляюцца. Бяда ў тым, што гэтыя самыя чыноўнікі не абіраюцца людзьмі, а прызначаюцца зверху. І таму людскія беды і праблемы іх не турбуюць, галоўнае — дагадзіць начальству...
Але многае залежыць і ад прыроды самога чалавека, ад ступені яго выхаванасці. Нядаўна давялося браніраваць квіток з Гомеля ў Мінск. Дзве гадзіны аператары футболілі мяне адзін да аднаго... Стварылі праблему на роўным месцы. У рэшцэ рэшт я ў чарговы раз зразумеў, што Беларусь — гэта не тая краіна, дзе кліент заўжды правы...
Вольга ГАНЧАРОВА, афіцыянтка:
— Ну, з хамствам чыноўнікаў мне ў адкрытую сутыкацца не даводзілася, але некаторыя з іх і сапраўды вядуць сябе не вельмі... Ведаеце, кожную кавярню ці рэстаран раз-пораз наведваюць разнастайныя праверкі. Дык вось, пры жаданні ў любым рэстаране можна знайсці недахопы. Ведаюць пра гэта і гаспадары, і правяраючыя. Таму перад праверкай правяраючыя часцяком кажуць: каб праблем было менш, мы выпісваем мінімальны штраф, а за гэта мы ў вас альбо смачна павячэраем, альбо ўвогуле прадуктамі возьмем… Ну і як гэта расцэньваць, ці ж не хамства? Але прыходзіцца цярпець.
Iрына ПАНКРАТАВА, хатняя гаспадыня:
— Я ім, чыноўнікам, папросту не веру. Таму стараюся да іх не звяртацца. Быў прыкры прэцэдэнт: у свой час я спрабавала дабіцца для сваёй бабулі кампенсацыі ў звязку з тым, што яна падчас вайны была ўгнана ў Германію... Людзі, сведкі, якія з ёй там былі, памерлі, а бабуліны дакументы згарэлі. Звароты ва ўладныя структуры ніякага эфекту не прынеслі... Даказаць відавочнае не атрымалася, бо чыноўнікі не вераць простаму чалавеку... І што тут зробіш? Нічога.
Аляксандр МАНЬКЕВIЧ, індывідуальны прадпрымальнік:
— Ці не хамства тое, што індывідуальным прадпрымальнікам забаранілі ствараць працоўныя месцы шляхам прыёму на працу несваякоў? Ці не хамства драконаўскія падаткі на прыбытак у тых жа індывідуальных прадпрымальнікаў? Ці не хамства, што тыя ж чыноўнікі забралі ў пенсіянераў права на льготны праезд? Ці не хамства тое, што рабочыя зараз бяспраўныя і безгалосыя з-за кантрактнай сістэмы? З падобным хамствам мы сутыкаемся кожны дзень... Пытанне ў іншым: колькі яшчэ мы будзем дазваляць чыноўнікам абражаць сябе?..
Источник: Объединенная Гражданская Партия
Обсудить новость на Форуме