11:47 18.01.2012 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"
Ці пойдзе апазіцыя на выбары?
Днямі вядомы апазіцыйны палітык Віктар Івашкевіч абвясціў пра пачатак кампаніі пад лозунгам "Байкот фальшывым выбарам. Скажы Лукашэнку "НЕ!". Хто з партыйных босаў падтрымлівае кампанію байкоту, і наогул, ці маюць намер прадстаўнікі апазіцыйных партый ісці на парламенцкія выбары?
Не гуляць па правілах улады
Старшыня Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька гаворыць, што пытанне паходу на выбары знаходзіцца ў кампетэнцыі партыйнага з'езда, які адбудзецца толькі ўвесну.
— Мы загадзя запланавалі з'езд пад выбарчую кампанію, — гаворыць Анатоль Уладзіміравіч. — На сёння ў нас ёсць рэкамендацыя палітычнай рады — для з'езда і для суб'ектаў палітычнай апазіцыі. Сэнс рэкамендацыі заключаецца ў тым, што нельга гуляць па правілах Ярмошынай і Лукашэнкі. Можна ўдзельнічаць у выбарах толькі тады, калі будуць вызвалены ўсе палітычныя вязні і ўнесены змены ў Выбарчае заканадаўства, якое больш-менш гарантуе справядлівыя выбары. Разам з тым я не падтрымліваю ідэю сядзення на канапе. Лічу, што ігнараваць палітычную кампанію нельга, бо калі мы яе ігнаруем, значыць, нас проста няма. І не трэба лічыць, што людзі чытаюць незалежныя выданні, заглядваюць у інтэрнет і валодаюць інфармацыяй аб тым, чаму мы так робім. Інфармацыі ўсё роўна не хапае. Таму мы не прывязваем сваю дзейнасць да выбарчай кампаніі, і нашы планы на бягучы год не будуюцца на выбарчай кампаніі. Ідзе сістэмная праца з людзьмі. На дадзены момант стаіць такая задача: трэба, каб тое, што робіць апазіцыя, было зразумелым для простых людзей. Можа, варта прыняць удзел у выбарах, а потым зняць усіх кандыдатаў, але абавязкова выкарыстаць мажлівасць таго, каб хоць на пяць хвілін кандыдат у дэпутаты трапіў у тэлеэфір. Пры гэтым можна не браць ніякіх рэсурсаў ад дзяржавы, таму што калі ўзяў, то ты ўжо на кручку.
Пакуль партыя катэгарычна супраць таго, што было ў папярэдніх кампаніях. Мы больш не гуляем у такія гульні. Але я лічу, што байкот таксама дрэнны варыянт, аднак іншага варыянта пакуль не знайшлі. Мы далі даручэнне нашай крэатыўна-аналітычнай групе, каб яна распрацавала спіс сцэнарыяў, якія могуць быць: удзел у выбарах, байкот, нейкі сінтэз. Трэба ўзважыць усе станоўчыя і адмоўныя бакі.
Канчатковую кропку ў пытанні наконт выбараў паставіць з'езд партыі, які адбудзецца ў сакавіку — красавіку. Хаця мяркую, што рашэнне пра ўдзел у выбарах будзе прынята раней: дэ-факта яно выкрышталізуецца бліжэй да канца студзеня, а юрыдычна аформіцца ўжо на з'ездзе.
За байкот улада скажа дзякуй
Беларуская партыя левых "Справядлівы свет" таксама пакуль што не вызначылася з выбарамі і зараз актыўна шукае адказ на іншае пытанне: калі не ісці на выбары, то чаму? Што гэта дасць?
"Мы пакуль што не прымалі канчатковага рашэння наконт выбараў, як і ўся апазіцыя, наколькі мне вядома, — кажа лідар партыі Сяргей Калякін. — Усё будзе вырашацца ў бліжэйшы час. Думаю, да першай дэкады лютага ўсе вызначацца. А пакуль гэтае пытанне знаходзіцца ў стадыі абмеркавання. Ёсць людзі, якія выступаюць, дапусцім, з ідэяй байкоту — хоць, на мой погляд, у нашых умовах ён проста нерэальны. Я сам прыхільнікам байкоту не з'яўляюся, але яшчэ раз кажу, што партыя пакуль што не прыняла канчатковага рашэння па гэтым пытанні. Мы вызначыліся толькі з тым, якія мэты будзем ставіць падчас палітычнай кампаніі «выбары ў Палату прадстаўнікоў». Мы не лічым, што ў Беларусі ёсць выбары, але разам з тым ведаем, якія мэты можам для сябе паставіць і што можна вырашаць у рэальных палітычных умовах".
Як вядома, выбары прызначаны на верасень, а апазіцыя яшчэ не вызначылася, ці ўдзельнічаць у выбарчай кампаніі. Ці паспеюць падрыхтавацца да нармальнай кампаніі?
"Не буду "казаць за ўсю Адэсу", але наша партыя шырокамаштабна рыхтуецца да выбараў ужо з моманту завяршэння папярэдняй парламенцкай кампаніі, — адказвае Калякін. — Калі прымем рашэнне ісці на выбары, то адразу будзем ведаць, хто пойдзе і па якіх акругах. Калі не пойдзем, то тады павінны вызначыцца, чаму. На гэтае пытанне, на жаль, адказу ніхто не дае. "Байкот" — прыгожае слова, але за ім нічога няма. І рэсурсаў на байкот трэба больш, чым на выбары. Але самае галоўнае — незразумела, што мы атрымаем на выхадзе; якія праблемы вырашым, абвясціўшы байкот. Мне здаецца, у дадзеным выпадку мы проста дапаможам уладзе арганізаваць выбары, як казаў Лукашэнка, "па паняццях" сярод сваіх кандыдатаў: можна сумленна лічыць галасы, не трэба нічога фальсіфікаваць, можна смела склікаць міжнародных назіральнікаў — яны зафіксуюць, што ўсё было чыста і прыгожа. Улада толькі дзякуй скажа апазіцыі за байкот!"
Мастацкі свіст
Сакратар Цэнтрвыбаркама Мікалай Лазавік сваю пазіцыю тлумачыць выразна: любая палітычная партыя ствараецца не для таго, каб хадзіць з лозунгамі па вуліцах, а для таго, каб змагацца за ўладу.
"Змагацца за ўладу можна рознымі шляхамі, але законным і легітымным з'яўляецца толькі адзін — выбары, — кажа юрыст. — І калі партыя адмаўляецца ад удзелу ў выбарах, значыць, яна адмаўляецца ад адзінага шляху дасягнення сваіх праграмных мэт. Усё астатняе — мастацкі свіст".
У пошуках фармату
Намеснік старшыні партыі БНФ экс-кандыдат на прэзідэнцкую пасаду Рыгор Кастусёў выступае за тое, каб усе партыі праявілі актыўнасць падчас выбарчай кампаніі.
"Я разглядаю і вылучэнне кандыдатаў, і актыўны байкот выбараў як работу ў выбарчай кампаніі, — гаворыць Рыгор Андрэевіч. — Я супраць таго, каб нічога не рабіць. На апошнім сойме партыя БНФ разглядала пытанне выбараў, і меркаванні на гэты конт падзяліліся 50 на 50. Я сам да канца яшчэ не вызначыўся, але мая пазіцыя такая: партыя павінна актыўна працаваць".
Канчаткова з удзелам у выбарах БНФ вызначыцца на студзеньскім сойме.
"На маю думку, партыя павінна прыняць удзел у кампаніі, ісці да людзей, даносіць сваю пазіцыю, — гаворыць палітык. — Трэба казаць людзям і пра тое, што выбары фальсіфікуюцца. Я ведаю, что амаль ва ўсе мінулыя парламенцкія кампаніі каля 70 адсоткаў выбаршчыкаў успрымалі выбары як справядлівыя і сумленныя, і толькі каля 30 працэнтаў лічылі, што праблемы ёсць. І калі мы не распавядзём людзям пра фальсіфікацыі, не давядзём да іх сваю пазіцыю, то 70 адсоткаў зноў скажуць, што выбары былі сумленнымі... Таму я за тое, каб удзельнічаць у выбарчай кампаніі, а вось у якім фармаце — пытанне пакуль што адкрытае".
Меркаванне эксперта
Думку пра альтэрнатыўны сцэнар удзелу ў выбарах выказвае і вядомы палітолаг Валер Карбалевіч.
"Байкот магчымы ва ўмовах наяўнасці ў краіне сапраўдных выбараў, — кажа Карбалевіч. — Калі ёсць падлік галасоў, калі нейкая палітычная сіла заклікае не ісці на выбары, і народ не ідзе. У выніку па факце падліку галасоў аказваецца, што на выбары сапраўды прыйшло менш за палову насельніцтва. Улада пра гэта абвяшчае, апазіцыя святкуе перамогу. У нас жа падліку няма: улада агучыць патрэбныя ёй лічбы, апазіцыя назаве свае, у выніку кожны аб'явіць сябе пераможцам. Таму байкот у поўным сэнсе ў Беларусі немагчымы. Можна казаць аб няўдзеле апазіцыі ў выбарах, а гэта розныя рэчы. Удзельнічаць у выбарах паўнавартасна, так, як апазіцыя звычайна ўдзельнічае, напэўна, было б немэтазгодна. Але з іншага боку, не ўдзельнічаць зусім і сядзець дома падчас выбарчай кампаніі, піць чай з варэннем — таксама не самая лепшая тактыка. Трэба шукаць нейкі альтэрнатыўны сцэнар".
Источник: Объединенная Гражданская Партия
Обсудить новость на Форуме
25 декабря 2024
« | Декабрь 2024 |
Пн | Вт | Ср | Чт | Пт | Сб | Вс |
1 | ||||||
2 | 3 | 4 | 5 | 6 | 7 | 8 |
9 | 10 | 11 | 12 | 13 | 14 | 15 |
16 | 17 | 18 | 19 | 20 | 21 | 22 |
23 | 24 | 25 | 26 | 27 | 28 | 29 |
30 | 31 |