14:15 21.04.2009 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"

Ці паедзе Лукашэнка ў Прагу?

Напярэдадні праскага саміту праграмы “Ўсходняе партнэрства” Менск наведаў міністар замежных спраў Чэхіі Карл Шварцэнбэрг. Чаму пытаньне пра прадстаўніцтва Беларусі на гэтым форуме стала палітычна вострым? Як ацаніць запрашэньне Лукашэнкі ў Прагу? Ці на карысьць беларускім нацыянальным інтарэсам ягоная прысутнасьць на праскім саміце?

Удзельнікі:намесьнік старшыні руху “За свабоду” Віктар Карняенка і старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька.

Чаму пытаньне пра аб прадстаўніцтве Беларусі ў Празе
стала палітычна вострым?

Валер Карбалевіч: “Дачыненьні афіцыйнага Менску з ЭЗ носяць супярэчлівы характар. Нават пасьля таго як было прынятае рашэньне ўключыць Беларусь у праграму “Ўсходняе партнэрства”. З аднаго боку, другі раз адменены візыт камісара Эўразьвязу ў пытаньнях замежных сувязяў і палітыкі добрасуседзтва Бэніты Фэрэра-Вальднэр. А зь іншага боку, Менск наведаў міністар замежных сувязяў Чэхіі сп. Шварцэнбэрг. Паколькі Чэхія старшынюе ў ЭЗ, то візыт чэшскага міністра напярэдадні ўстаноўчага саміту праграмы “Усходняе партнэрства” ў Празе выглядае знакавым у сэнсе вызначэньня прадстаўніцтва Беларусі на гэтым форуме. Гэта, мусіць, галоўнае пытаньне, якое хвалюе палітычную супольнасьць. Чаму гэтае пытаньне стала важным і для Эўропы, і для беларускіх дэмакратычных сілаў?“

Віктар Карняенка: “Я не лічу, што гэтае пытаньне настолькі прынцыповае і самае галоўнае на сёньняшні дзень. Прынцыповым зьяўляецца пытаньне, ці далучыцца Беларусь паўнавартасна да праграмы “Ўсходняе партнэрства”.

А ў пытаньні запрашэньня Лукашэнкі ў Прагу больш жаданьня кідаць камяні пад косы, імкненьне ствараць дробныя перашкоды ўладзе. Вялікага плёну ад гэтага ня будзе“.

Анатоль Лябедзька: “Гэтае пытаньне не прынцыповае для звычайных людзей, якія жывуць недзе пад Жабінкай, якія думаюць, як выжыць. А для палітыкаў гэтае пытаньне надзвычай важнае.

Запрашэньне Лукашэнкі ў Прагу азначае падпісаньне ЭЗ акту аб палітычнай капітуляцыі перад беларускім рэжымам. Гэта дапамагае кансэрваваць сытуацыю ў Беларусі, узмацняе легітымнасьць Лукашэнкі. Ёсьць і маральны складнік. 7 траўня, якраз у дзень адкрыцьця саміту ў Празе, спаўняецца 10 гадоў з моманту скраданьня і забойства Захаранкі“.

Як ацаніць запрашэньне Лукашэнкі ў Прагу?

Карбалевіч: “Па выніках перамоваў у Менску высьветлілася, што сп.Шварцэнбэрг прывёз Лукашэнку запрашэньне ў Прагу. Цікава, што яшчэ раніцай, падчас сустрэчы з прадстаўнікамі дэмакратычных сілаў, чэскі міністар казаў, што гэтае пытаньне ня вызначанае. Як ацаніць гэтае запрашэньне?”

Карняенка: “Такое запрашэньне Лукашэнку будзе ня вельмі прыемна прымаць. Бо яно не абяцае яму шыкоўнага прыёму ў Празе. Хутчэй за ўсё, ён ад яго адмовіцца.

Усё ж палітыкі павінны клапаціцца, каб іх думкі перагукаліся з думкамі тых самых людзей з-пад Жабінкі. Бо ў адваротным выпадку мы не атрымаем іх падтрымкі. А ЭЗ не ўвядзе ў Беларусі дэмакратыю”.

Лябедзька: “Па-першае, я ня вельмі разумею паводзіны сп. Шварцэнбэрга, калі ён, маючы ў партфэлі запрашэньне для Лукашэнкі, казаў, што пытаньне яшчэ ня вырашанае.

Па-другое, гэтае запрашэньне азначае, што палітычна моцная Эўропа прымае правілы гульні Лукашэнкі. Цяпер ініцыятыва на баку Лукашэнкі. Менавіта ён будзе выбіраць тактыку паводзін: ехаць ці ня ехаць. І цяпер ужо позна прагназаваць, што мы яго запрашаем, але спадзяёмся, ён не паедзе. Думаць, што калі ў Празе яму скажуць, што ты ня вельмі дэмакратычны, і ён густа пачырванее — гэта сьвятая наіўнасьць.

А беларусам з-пад Жабінкі пакажуць, што, бачыце, 15 гадоў Эўропа нешта патрабавала, а цяпер прызнала свае памылкі і вітае Аляксандра Рыгоравіча, які ішоў увесь час правільным шляхам. А дэмакратычная частка грамадзтва будзе проста паралізавана”.

Чые інтарэсы дамінуюць?

Карбалевіч: “Вось Івонка Сурвіла, Зянон Пазьняк, Станіслаў Шушкевіч і Аляксандр Казулін зьвярнуліся да ЭЗ з заклікам не запрашаць кіраўніка Беларусі ў Прагу. Але, як высьветлілася, было позна.

Ёсьць інтарэсы рэжыму, інтарэсы апазыцыі, але ёсьць і беларускія нацыянальныя інтарэсы, калі казаць спрошчана, інтарэсы тых самых людзей з-пад Жабінкі. Візыт Лукашэнкі ў Прагу, увогуле, удзел Беларусі ў праграме “Ўсходняе партнэрства” — на карысьць беларускім нацыянальным інтарэсам ці не?“

Карняенка: “А ёсьць жа яшчэ інтарэсы ЭЗ. А вось іх мы і дрэнна разумеем. Шмат каму бачыцца, што ЭЗ павінен абслугоўваць беларускую апазыцыю. Думаю, Эўропа бярэ пад увагу інтарэсы беларускай дэмакратыі, але на першым месцы бачыць свае інтарэсы.

Я абсалютна перакананы, што Беларусі карысны паўнавартасны ўдзел у праграме “Ўсходняе партнэрства”. І калі ўмовай такога ўдзелу стаў візыт Лукашэнкі ў Прагу, то я на яго паглядзеў бы па-іншаму. Для Лукашэнку будзе непрыемна, калі ў яго ня будзе ніякіх сустрэч зь іншымі лідэрамі. Таму ён яго, думаю, і ня прыме”.

Ці патрэбна выстаўляць умовы?

Карбалевіч: “Як вядома, Беларусь уключана ў праграму "Ўсходняе партнэрства“ без усялякіх умоваў. Сп. Лябедзька, вы стаіце на пазыцыі, што трэба было выставіць Лукашэнку жорсткія ўмовы па дэмакратызацыі грамадзтва й толькі пасьля іх выкананьня прымаць у гэты праект. Але застаецца без адказу пытаньне: што рабіць, калі Лукашэнка гэтыя ўмовы ня выканае? А гэта самы верагодны сцэнар. І што тады? Вяртаньне да сытуацыі, якая была да жніўня 2008 году, калі ніякага дыялёгу з ЭЗ не было? Вяртаньне да "халоднай вайны“? Гэта было б лепш для Беларусі?”

Лябедзька: “Гаворка ідзе не пра жорсткія, а рэалістычныя ўмовы. Хіба гэта жорсткая ўмова, каб людзі ў Беларусі маглі выбіраць сабе дэпутатаў і прэзыдэнта? Ці каб на тэлевізіі людзі маглі бачыць розныя погляды і палітычныя пазыцыі?

Зразумела, ЭЗ не павінен абслугоўваць беларускую апазыцыю. Але іх аб’ядноўвае агульны грунт каштоўнасьцяў. І ў ЭЗ павінен быць плян дэмакратызацыі Беларусі.

Што рабіць, калі Лукашэнка гэтыя ўмовы не выканае? Давайце спачатку паспрабуем іх вылучыць. Сёньня ёсьць сытуацыя эканамічнага крызісу. Палова беларускага гандлю прыходзіцца на ЭЗ, то бок існуе моцная залежнасьць Беларусі ад Эўропы. Чаму ЭЗ выкарыстоўвае толькі пернік, а не бізун?“

Дык ці паедзе?

Карбалевіч: “Беларускі бок даводзіць, што Лукашэнка яшчэ ня вызначыўся, ці паедзе ён у Прагу. Вось сп. Карняенка, вы сумняваецеся, што Лукашэнка паедзе, бо там ён пачуе шмат для сябе непрыемнага і зь ім ніхто не захоча сустракацца. Але Лукашэнка любіць скандалы, на крытыку ён можа адказаць у агрэсіўнай форме. А сустрэцца там ён можа з прэзыдэнтам Арменіі, зь якім сустракаўся нядаўна, ці прэзыдэнтам Азэрбайджана”.

Карняенка: “Зразумела, выключаць паездкі Лукашэнкі нельга. Можна, канечне, вылучаць патрабаваньні. Але, акрамя іх, трэба мець стратэгію пераменаў.

Але мяне больш клапоціць, што Беларусь будзе імітаваць збліжэньне з ЭЗ, а не рабіць рэальныя крокі па тых чатырох кірунках, якія прапануе праграма “Ўсходняе партнэрства”.

Лябедзька: “Мяне турбуе тактыка слабага гульца, якую прапануе ЭЗ. А Лукашэнка выкарыстае паездку дзеля ўзмацненьня сваіх пазыцый. Ён такім чынам дашле пасланьне намэнклятуры, тым самым людзям з-пад Жабінкі. Сэнс мэсыджу такі: “Хоць цяпер і крызіс, але я кантралюю сытуацыю, мяне прызнаюць ў Эўропе”.

Пасьля тэлекарцінкі людзі з-пад Жабінкі скажуць: “Вось бачыце, нашага Сашу ня толькі ў Вэнэсуэлу запрашаюць, а і ў Эўропу. Значыць, усё правільна рабіў”. Паездка ў Прагу адчыняе Лукашэнку дзьверы ў эўрапейскія сталіцы. Гэта візытоўка віп-пэрсоны, якая дапушчана да эўрапейскай эліты”. 

Источник: Объединенная Гражданская Партия

  Обсудить новость на Форуме