01:32 09.04.2009 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"
Ці паўторыцца ў Кішынэве ўкраінскі Майдан?
Падзеі ў Кішінэве мы папрасілі пракамэнтаваць расейскага палітоляга, супрацоўніка Інстытуту Эўропы Расейскай акадэміі навук, прафэсара Дзьмітрыя ФУРМАНА. Ён – складальнік зборніка “Малдова і Расея. Грамадзтва і дзяржавы”, які быў выдадзены пазалетась.
Дракахруст: На Ваш погляд, наколькі абгрунтаваныя патрабаваньні ўдзельнікаў пратэстаў у Кішінэве аб пераглядзе вынікаў выбараў? Вось назіральнікі АБСЭ кажуць, што істотных парушэньняў не было.
Фурман: Я ня быў там назіральнікам, а калі б і быў, то ня мог бы сьцьвярджаць абсалютна ўпэўнена. Але я мяркую, што парушэньні калі і былі, то ня мелі сыстэматычнага характару і што гэта не магло кардынальна зьмяніць вынікаў выбараў. У мяне было ўражаньне, што камуністы павінны былі перамагчы і гэтым разам. Я зусім не радаваўся гэтаму. Я ня супраць камуністаў, тым больш малдоўскіх, якія зрабілі шмат добрага для краіны. Але тры тэрміны запар – гэта занадта. У краіне павінна быць моцная левая і моцная правая. Моцная левая ёсьць, моцная правая пакуль ня высьпела. Таму я ня думаю, што заявы часткі апазыцыі пра татальную фальсыфікацыю маюць нейкае абгрунтаваньне.
Дракахруст: Камуністы сапраўды перамагаюць у Малдове ўжо трэці раз запар, пачынаючы з 2001 году. Але раней гэта не выклікала такіх масавых і бурлівых пратэстаў?
Фурман: Трэба ўлічваць, што ў Малдове і асабліва ў Кішынэве моладзь, і асабліва студэнцкая, вельмі лёгкая на пад’ем. Гэта іншае асяродзьдзе, іншая псыхалёгія, чым, скажам, у Маскве, дзе моладзь не зьяўляецца палітычным фактарам. Яны бунтавалі, мітынгавалі шмат разоў, былі маратоны мітынгаў, якія працягваліся ў Кішінэве 100 дзён.
Разрыў паміж Кішынэвам і астатняй Малдовай значна большы, чым у іншых краінах. Такі разрыў заўсёды ёсьць, і Менск, і Масква, і Кіеў таксама адрозьніваюцца ад правінцыі, але ў Малдове гэты разрыў значна большы, бо маладая малдоўская інтэлігенцыя, сканцэнтраваная ў сталіцы, ня толькі больш палітычна правая, яна мае іншую нацыянальную ідэнтыфікацыю, яны лічаць сябе румынамі, тым часам як сялянская маса працягвае лічыць сябе малдаванамі. Тут больш глыбокі разрыў. У Кішінэве на працягу апошніх гадоў прарумынскія настроі ішлі ўгару. Два гады таму ў сталіцы правыя перамаглі на мясцовых выбарах і ўзялі пад кантроль кішінэўскі муніцыпалітэт. І чаканьні ў сувязі з гэтымі парлямэнцкімі выбарамі былі вельмі высокімі. Гэтая канцэнтрацыя прарумынскіх настрояў і вялікіх чаканьняў зьмены ўлады ў сталіцы і спарадзілі такі ўсплёск.
Дракахруст: На ваш погляд, цяперашнія падзеі ў Кішінэве могуць стаць другім выданьнем украінскага Майдану 2004 году?
Фурман: Давайце паглядзім, якія адрозьненьні ад Майдану. Па-першае, на Майдане было зразумела, хто ідзе да ўлады, былі сымбалічныя асобы, якія тады былі разам – Юшчанка і Цімашэнка. Малдоўская апазыцыя вельмі расьцярушаная, адносіны ўнутры яе вельмі кепскія. Яна больш падобная да нашай расейскай правай, якая ні ў якіх абставінах ня можа аб’яднацца.
Па-другое, ва Ўкраіне спрэчка ішла пра некалькі адсоткаў галасоў. Было зразумела, што прыкладна палова краіны – на баку Майдану. У Малдове правыя, паводле афіцыйных дадзеных, разам атрымалі 35%. Ну, уявім сабе, што насамрэч – 40%. Але гэта не 50 на 50.
Трэці момант – тое, што Майдан быў надзвычай арганізаваны, там нічога не грамілі, як цяпер у Кішынэве.
І нарэшце чацьвёртае. Усё ж пра фальсыфікацыі на ўкраінскіх выбарах недвухсэнсоўна заяўлялі заходнія назіральнікі. Там была выразная падтрымка з боку Захаду. Тут, наколькі я разумею, яе няма.
Было б добра, калі б малдоўскія ўлады пайшлі на саступкі апазыцыі і пералічылі галасы ў асобных спрэчных акругах. Гэта быў бы прыгожы ход. Але я ня думаю, што калі б гэта было зроблена, вынік бы атрымаўся супрацьлеглы.
Источник: Объединенная Гражданская Партия
Обсудить новость на Форуме