18:31 16.07.2009 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"

Ці лічыце вы "Славянскі базар" гордасцю беларусаў?

Міністр культуры Беларусі Павел Латушка:
"ВЫСОКІ ЎЗРОВЕНЬ"

— Высокі ўзровень выканальніцкага майстэрства прадэманстравалі ўсе ўдзельнікі XVIII Міжнароднага конкурсу выканаўцаў эстраднай песні "Віцебск-2009". Вострая барацьба, што разгарнулася за прызавыя месцы, паказала, як павысіўся ўзровень удзельнікаў конкурсу. Прыемна, што выхадцы з Беларусі прадэманстравалі добрыя вакальныя даныя. Асабліва хочацца адзначыць моцную гомельскую пеўчую школу.
(Уладальнік Гран-пры сёлетняга конкурсу Дзмітрый Даніленка, які прадстаўляў Расію, і беларус Андрэй Коласаў, уладальнік другой прэміі, з’яўляюцца выхаванцамі гомельскага педагога.)

Зміцер Падбярэзскі, музычны крытык:
"ФЕСТЫВАЛЬ З ГОДУ Ў ГОД ПАЎТАРАЕ САМ СЯБЕ"

— Наконт нацыянальнай гордасці можна было б спрачацца, шчыра кажучы. Таму што калі паглядзець на нашу музычную спадчыну, то мы выразна бачым наступнае. Напрыклад, у Беларусі няма ніводнага сапраўднага фестывалю этнамузыкі, то бок музыкі, заснаванай на нашых традыцыях. Упор робіцца на чыста папсовы фестываль. І таму ў мяне ёсць вялікія сумневы наконт таго, каб называць яго нацыянальнай гордасцю. Гэта вялікае, маштабнае мерапрыемства, часткова звязанае з палітыкай. Аднак з чыста музычнага пункта гледжання мне гэта не цікава. Апошні раз я там быў у 2001 годзе. Заўтра еду туды прэзентаваць сваю энцыклапедыю. Але не думаю, што за гэты час нешта там істотна змянілася. Бо ўжо пачынаючы з канца 90-х фестываль з году ў год паўтараў сам сябе.

Тацяна Карпіловіч, музыка:
"БЕЗ ЗАХОДНІХ ЗОРАК ПРА МІЖНАРОДНЫ ЎЗРОВЕНЬ МОЖНА ЗАБЫЦЬ"

— З кожным годам “Славянскі базар” становіцца менш цікавым. Чым яны выхваляюцца? Што гэтаму конкурсу аналагаў няма, бо канкурсанты выступаюць пад аркестр? Але для прафесійнага аркестра вялікай цяжкасці не складае сыграць, што называецца, у жывую. На слых жа ніхто не падыгрывае, бо прадастаўляюцца партытуры. Многа гучыць хітоў мінулых гадоў. І для такога ўзроўню аркестра, які шмат канцэртуе, ніякай праблемы падыграць няма. А больш нічым, акрамя “жывога” аркестра, “Славянскі базар” пахвастацца не можа. Зоркі — адны і тыя ж твары з году ў год, журы — таксама адны і тыя ж твары пастаянна. Адна і тая ж кампашка з Расіі, якая забірае, напэўна, асноўны ганарарны куш. І гэта вельмі раздражняе. Як быццам Баскаў і Пугачова — недасягальны ўзровень, на які беларусы павінны маліцца. А чаму б не запрасіць якую Каас? Ці Х’юстан? А без заходніх зорак пра які міжнародны ўзровень можна казаць? Гэта расійскі міжсабойчык.

Аляксандр Кулінковіч, рок-музыка:
"ВЕЛЬМІ ПАФАСНАЕ МЕРАПРЫЕМСТВА"

— Гэта шараговы канцэрт, вельмі моцна разрэкламаваны па тэлеку. Не больш за тое. Не лічу, што там нешта выбітнае адбываецца ці нейкія выбітныя людзі выступаюць. Звычайны, добра прапіяраны фестываль. У маім жыцці ён ніяк не прысутнічае. Я не думаю, што ў яго ёсць нейкая будучыня ў выглядзе фестывалю еўрапейскага маштабу, не кажучы ўжо пра сусветны. Ніводнае падобнае мерапрыемства, што ладзіцца ў Беларусі, ніколі далёка не пойдзе, бо там выступаюць тыя, хто “павінен” выступаць. Як і на “Еўрабачанне” — пасылаюць тых, каго “трэба” паслаць, а не тых, хто рэальна можа перамагчы. Так і “Славянскі базар”. Вельмі палітызаванае мерапрыемства, вельмі пафаснае. І вельмі лаяльнае.

Юры Хашчавацкі, кінарэжысёр:
"ГЭТА ПАЛІЦЭЙСКІ ФЕСТЫВАЛЬ"

— Што тычыцца “Славянскага базару”, то ён ніяк не можа быць нацыянальнай гордасцю. Ёю не бываюць базары. Процьма папсы, якая там гучыць, — гэта нацыянальная ганьба. Я не супраць лёгкай прысутнасці папсы ў нашым жыцці. Але такое папсовае мора, як там, гэта жах. На жаль, базар прысутнічае ў маім жыцці, бо жонка яго слухае, і ён мне з суседняга пакоя замінае: пастаянна даносяцца з тэлевізара папсовыя дзялы. Але пачынаць трэба з АМАПа. Ён з’яўляецца пераможцам гэтага конкурсу папсы. Асабіста я ў Віцебску сёння бачу крутую паліцэйскую аперацыю, што там адбываецца. Гэта па-за межамі разумення таго, што такое мастацтва і людскія зносіны. Такога не бывае ў Еўропе: у Парыжы, Берліне, Амстэрдаме столькі паліцэйскіх не пабачыш. А тут быццам свята — і такі шмон!

Зміцер Вайцюшкевіч, музыка:
"САМАЕ ЦІКАВАЕ АДБЫВАЕЦЦА ПА-ЗА ГАЛОЎНАЙ СЦЭНАЙ"

— І “Славянскі базар”, і беларуская прырода, і ўсмешкі беларускіх дзяўчат могуць быць нацыянальнай беларускай гордасцю. Я не супраць гэтага фестывалю. Я не бачу праблемы ў тым, што “Славянскі базар” існуе. Насамрэч, там шмат рознага адбываецца. Не толькі на вялікай сцэне, якая мне не зусім цікавая. Ёсць сцэна, нябачная шырокаму колу слухачоў. Менавіта тая праграма, што адбываецца па-за тэлеэкранам, можа лічыцца і гордасцю, і развіццём культурным. І хочаш не хочаш, а ў Віцебску зараз культурнае жыццё багацейшае, чым дзе кольвек у Беларусі. Я там быў не раз. І з “Крыві”, і без “Крыві”. Сольна таксама выступаў. Атмасфера там розная: хто п’е, хто не п’е, хто проста адпачывае. Адным словам, паўнавартасны фестываль.

Источник: Объединенная Гражданская Партия

  Обсудить новость на Форуме