17:16 28.09.2009 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"
Брэсцкім актывістам АДС забаранілі правядзенне пікетаў
Брэсцкім актывістам Аб’яднаных дэмакратычных сіл (АДС) забаранілі правядзенне ўсіх 52 заяўленых пікетаў супраць пагаршэння матэрыяльнага становішча жыхароў рэгіёна.
Акцыі планавалася правесці ў абласным цэнтры 30 верасня. Іх мэта — прыцягнуць увагу грамадскасці і органаў улады да пагаршэння матэрыяльнага становішча насельніцтва, абумоўленага ростам цэн на спажывецкія тавары, зніжэннем пакупніцкай здольнасці і рэальнай зарплаты, а таксама аб’яднаць намаганні грамадзян у барацьбе за свае сацыяльна-эканамічныя правы.
З 52 заявак на правядзенне пікетаў у 47 былі названыя розныя шматлюдныя пляцоўкі Брэста (каля буйных гандлёвых аб’ектаў) і двары дамоў. Яшчэ пяць акцый меркавалася правесці на стадыёне "Лакаматыў" (адзінае месца ў абласным цэнтры, вызначанае гарвыканкамам для такіх мерапрыемстваў), з якіх адна — сумесная. Яе арганізатарамі выступілі гарадскія арганізацыі Партыі камуністаў Беларускай, Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада), Аб’яднанай грамадзянскай партыі і Партыі БНФ.
Як паведаміла БелаПАН старшыня гарадской арганізацыі БСДП (Грамада) Ганна Канюс, тым, хто падаваў заяўкі на пікетаванне на вуліцах і ў дварах абласнога цэнтра, гарвыканкам адмовіў з матывіроўкай, што для гэтага прызначаны стадыён "Лакаматыў". Разам з тым, акцыі на гэтым спартыўным аб’екце таксама забаронены на падставе таго, што там 30 верасня адбудзецца штогадовы традыцыйны турнір па футболе, пры гэтым не ўказваецца час яго правядзення.
"Гэтыя забароны мы расцэньваем як імкненне ўладаў не дапусціць публічнага выказвання сацыяльных і эканамічных праблем, якія хвалююць многіх брэстаўчан, — заявіла Канюс. — Мы абскардзім адмовы ў судзе, таму што лічым, што яны парушаюць нашы правы на мірныя сходы і свабоднае выказванне свайго меркавання", паведамляе БелаПАН
Источник: Объединенная Гражданская Партия
Обсудить новость на Форуме