18:00 09.02.2012 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"
Безкаравайны: Беларуская музыка – не бізнес, а ўкладанне грошай у хобі
Каб запісаць альбомы, нават легенды рока вымушаныя мець пабочныя падпрацоўкі. Затое беларуская музыка застаецца некамерцыйнай, а цікавасць да яе расце.
Цяжкі для беларускай эканомікі 2011 год неспадзявана выдаўся надзвычай плённым для беларускага шоў-бізнесу. Дэбютанты беларускай рок-сцэны адзначыліся першымі альбомамі. Гурты з “мэйнстрыму” замацавалі пазіцыі і развілі поспех. Год прынёс шэраг гучных “камбэкаў”. Цікавая музыка гучала ў беларускіх клубах ледзь не кожны дзень… Хіба што, усе без выключэння генералы айчыннага рока — па розных прычынах — адляжаліся ў цені… Пра шоў-бізнэс “падчас чумы” Еўрарадыё размаўляе з музычным экспертам і піяршчыкам Змітром Безкаравайным.
Еўрарадыё: У 2011-м беларускія музыкі выдалі каля 100 альбомаў. Колькасць уражвае, а што з якасцю?
Зміцер Безкаравайны: Натуральна, не толькі колькасць, але і якасць была на ўзроўні. Былі цікавыя дэбюты: трып-хопавы альбом ад гурта B-side, электронны рок ад Wasp'n'Hornet, пост-панк ад The Blackmail. З маладых можна яшчэ вылучыць Akute – няхай яны і не зусім дэбютанты. Яшчэ адзін амаль дэбют ад Насты Някрасавай, былой вакалісткі NHS. Міжнародны праект Kazalpin, які запісала Akana са швейцарцамі. Таксама былі цікавыя рэлізы ад тых, хто дэбютную стадыю прайшоў: “Петля пристрастия”, “Серебряная свадьба”, Rockerjoker, The Toobes. Былі істотныя камбэкі: Pomidor/Off, Gods Tower, “Крамбамбуля”. “Ляпісы” таксама пасля паўзы выдалі новы альбом. Карацей, сапраўды было што паслухаць.
Еўрарадыё: Але гэта ўсё на фоне таго, што прызнаная чацвёрка “генералаў беларускага рока”: N.R.M., Ulis, “Крама” ды “Нейра Дзюбель” — канчаткова сышлі ў цень.
Зміцер Безкаравайны: Мне здаецца, што ўсе гэтыя гурты ўжо ў тым узросце, калі адзін альбом за 3-5 год – гэта абсалютна нармальна. Нават калі гэта было б недзе на забяспечаным Захадзе. А калі ўлічыць, што гэта ўсё адбываецца ў нашых умовах, то нават гэты вынік – цудоўны. Рэч у тым, што беларуская музыка дагэтуль ствараецца на энтузіязме. У большасці выпадкаў яна, на жаль, не ператвараецца ў асноўны сродак, зарабляць на жыццё, ні ў бізнес, нават для такіх сапраўдных легенд як Варашкевіч, Кулінковіч, Корань. Наадварот: сучасная беларуская музыка — гэта ўкладанне грошай у тое, што табе падабаецца рабіць. Часам, людзі маюць песні, маюць жаданне, але не могуць нічога запісаць, бо няма грошай. Той жа Варашкевіч зараз працуе за невялікія грошы ў рэстаране, яго канцэрты забароненыя – пра што тут размаўляць? Кулінковіч таксама не музыкай зарабляе, і Слава Корань – таксама. З “генералаў” толькі Лявон Вольскі зарабляе грошы музыкай. Можа, таму ён і найбольш актыўны дагэтуль.
Еўрарадыё: Як патлумачыць тое, што колькасны рост у беларускім шоў-бізе адбыўся на фоне цяжкага эканамічнага крызісу?
Зміцер Безкаравайны: Запіс альбома займае шмат часу – мне здаецца, што крызіс проста яшчэ не паспеў адбіцца на колькасці рэлізаў. Да таго ж, як я і казаў, музыка ў нас – не бізнес. Гэта ўкладанне грошай і высілкаў у любімае хобі. У нас жа лейблаў, па сутнасці, і не было – толькі незалежныя артысты, якія самі сабой займаюцца. Тое, да чаго прыйшлі на Захадзе, дарэчы. Раней EMI “падпісвала” 50 гуртоў, “укідвала” у кожны грошы, здымала кліпы. І спадзявалася, што пасля 5 удалых праектаў “адаб’юць” сродкі за астатнія 45. Такога кідання грошамі больш няма, EMI адчувае фінансавыя цяжкасці, а ў сусветным шоў-бізнэсе ўсё больш незалежных артыстаў.
Больш за ўсё альбомаў выдаюць рокеры, альтэрнатыўшчыкі і рэперы, з іх адзінкі зарабляюць нармальныя грошы канцэртамі. А дыскамі ў нас ніколі не зараблялі – у пачатку-сярэдзіне 2000-х лідары рынку – N.R.M., “Морсы”, “Крамбамбуля”, “Ляпісы”прадавалі ў сярэднім каля 4-5 тысяч дыскаў, зрэдку – да 10-12 тысяч. Артыст атрымліваў з дыска 50-70 цэнтаў. Агулам атрымлівалася пэўная сума, але гэта нават запіс альбома не пакрывала. Між тым, астатнія прадавалі яшчэ менш. Зараз жа наклады лідараў каля тысячы дыскаў, не больш. Дзе тут заробіш?
Еўрарадыё: Няма шоў-бізу — няма і крызісу?
Зміцер Безкаравайны: Так, валютны крызіс нічога ў беларускім шоў-бізнесе не змяніў. У адрозненні, напрыклад, ад забароны пэўных артыстаў, якая вельмі дэматывуе. Хаця, каго як: Кулінковіч новы альбом “Жаба” піша…
Еўрарадыё: Усе забароненыя гурты і выканаўцы — мінскія. Магчыма, праз забарону цэнтр беларускай рок-музыкі перасунецца з Мінска, напрыклад, у Магілёў, адкуль паходзіць шмат маладых гуртоў?
Зміцер Безкаравайны: Мінск як быў, так і будзе цэнтрам. Тут больш грошай, больш людзей, лепшыя магчымасці тэхнічныя і па прасоўванні. Але ў Магілёве сапраўды вельмі добрая рок-сцэна, ёсць гледачы і 5-6 гуртоў высокага ўзроўню. Я б сказаў, што ў Магілёве зараз беларускі рок развіваецца найбольш імкліва з усіх рэгіёнаў.
Еўрарадыё: Ці змяняецца колькасць публікі, зацікаўленай беларускай музыкай?
Зміцер Безкаравайны: Думаю, што так. Калі прыгадаць мінулае, напрыканцы 1990-х і на пачатку 2000-х сапраўднай падзеяй выглядала тое, што N.R.M., альбо Kriwi, альбо “Ляпіс” збірае к/з “Мінск” – 1300 месцаў. Тады пра “Палац Рэспублікі”(2700) ніхто з беларускіх артыстаў і не марыў ! Але ў сярэдзіне 2000-х узялі гэты бар’ер. А зараз J:Морс і “Без Билета” збіраюць Палац спорту – гэта 4500 гледачоў.
Калі ж прыгадаць сярэдзіну 1990-х, калі нават канцэрты на 500-600 гледачоў былі дасягненнем! “Крама” адзначала сваё 5-годдзе ў Палацы прафсаюзаў, там жа гралі сваё “Смяротнае вяселле” ўжо модныя “Ляпісы”. Зараз такая колькасць гледачоў адпавядае ўзроўню нармальнай альтэрнатыўнай каманды – “Петля Пристрастия”, The Toobes і іншых. А “Серебряная свадьба” ці “Дай Дарогу” тысячу сабраць могуць. І з гэтага пункту гледжання можна ўпэўнена сказаць, што цікавасць да беларускай музыкі ўзрасла. Хаця, Стас Міхайлаў і Rammstein застаюцца па-за канкурэнцыяй.
Еўрарадыё: Я бачу прычыны гэтага ў тым, што, па-першае, людзі сталі больш выдаткоўваць на забавы. А па-другое, сацыяльныя сеткі сталі вельмі шчыльна гуртаваць людзей вакол музыкі.
Зміцер Безкаравайны: Згодны, але мне падаецца, што змянілася ў станоўчы бок і вядомасць беларускай музыкі сярод насельніцтва – няхай магло быць і яшчэ лепш. Дзякуючы росту якасці запісаў і канцэртаў, паступова змяняецца і агульнае стаўленне да беларускай музыкі – яна перастае быць нейкім незразумелым дзівам. Паступова адыходзіць комплекс, што добрыя артысты толькі ў Расіі, Украіне ці на Захадзе. Зараз хапае добрых выканаўцаў на розны густ, асабліва ў рок-музыцы і альтэрнатыве. Што тычыцца інтэрнэта, то фактарам распаўсюджання музыкі сталі не толькі сацыяльныя сеткі, але і сучасная хуткасць падлучэння і нізкі кошт.
Еўрарадыё: Музыкі сталі пампаваць больш, гэта відавочна. Але, у той жа час, кліпаў у Беларусі сталі здымаць нашмат менш. Хаця, хуткасны інтэрнэт дазваляе пампаваць і іх таксама. Раней здымалі 60 кліпаў на год. Зараз каб 20 ролікаў знялі. У чым тут справа?
Зміцер Безкаравайны: Скарачаецца не толькі колькасць, але і бюджэты кліпаў. Больш-менш рэгулярна працягваюць здымаць відэа некалькі фаварытаў. Па-першае, раней было больш магчымасцяў для паказу кліпаў на тэлебачанні – больш няма “Першага музычнага”, больш няма беларускага “MTV”, на нацыянальных каналах зачынілася некалькі музычных праграм. А па-другое, за кошт кліпа можна запісаць альбом, выкласці яго ў інтэрнэт і добра парэкламаваць. Для рокераў і альтэрнатыўшчыкаў сэнсу нашмат больш, бо нават адзін сапраўды якасны кліп за гэтыя грошы не зробіш, і ён наўрад ці можа пераканаць людзей прыйсці на канцэрт, як добры альбом. Таму музыкі робяць запісы, граюць канцэрты, а відэа – як атрымаецца.
Еўрарадыё: Раней не было магчымасці так шырока выкласці музыку ў інтэрнэце, як цяпер, таму кліпы, з дапамогай якіх можна было дагрукацца да патэнцыйнага слухача праз тэлебачанне, былі актуальныя…
Зміцер Безкаравайны: …Цяпер наогул музыка паступова сыходзіць з тэлебачання і прэсы ў інтэрнэт. Шмат буйных музычных каналаў ва ўсім свеце ўжо даўно перасталі быць цалкам музычнымі. На тэлебачанні ўсюды застаецца мэйнстрым – там толькі хэдлайнеры. Тыя, хто ўжо зарабіў сабе імя.
Еўрарадыё: Але “Ляпис Трубецкой” па-ранейшаму не шкадуе грошай на кліпы.
Зміцер Безкаравайны: Параўноўваць з астатнімі беларускімі гуртамі іх цяжка. У Беларусі няма такога рынку, які б пакрыў выдаткі на здымкі хаця б кліпа кшталту “Не быць скотам” альбо “Путинарода”. Калі б у Беларусі рок быў часткай мэйнстрымавай культуры, калі б у нас былі вялікія фестывалі, рокавая радыёстанцыя ці тэлеканал (прычым, пажадана, арыентаваны на беларускіх выканаўцаў), была б трохі іншая справа.
Што праўда, у нашай сітуацыі ёсць свае плюсы. Часта знаёмыя з Расіі і Украіны кажуць, што ў іх шмат музыкі зроблена пад пэўны фармат. Фармат “Нашего радио”, нейкага тэлеканала. Музыка шматлікіх гуртоў атрымліваецца больш падобнай. А ў нас кожны гурт шукае сваю персанальную аўдыторыю. Яны не маюць цэнтраў прыцягнення ў выглядзе тэлеканалаў ці радыёстанцый. Можа таму нашы лепшыя гурты вельмі разнастайныя.
Еўрарадыё: Пры тым, што музыкаў шмат, і кожны імкнецца да сваёй аўдыторыі, у Мінску, фактычна, працуе адзін буйны клуб з альтэрнатыўнай музыкай. Канцэрты там ледзь не кожны дзень. Ці не замала гэта для сталіцы?
Зміцер Безкаравайны: Калі б было відавочна, што канцэртаў можа быць яшчэ больш, з’явіўся б і яшчэ адзін клуб. Не кожны канцэрт у Re:Public збірае шмат людзей – справа ідзе, але няма ўражання, што кожны дзень аншлагі. Вось калі яны зробяць нармальны рамонт, напрыклад, — будзе бачна, што ў іх ёсць грошы. А зараз у гэты клуб дастаткова папросту зайсці і паглядзець, каб зразумець, што яны не купаюцца ў золаце.
Хутчэй за ўсё, калі і з’явіцца альтэрнатыва Re:Public, дык гэта будзе пляцоўка чалавек на 500-700. Мне здаецца, гэта свабодная ніша. Ёсць “Мулен руж”, але гэта, хутчэй, рэстаран. Быў жа, дарэчы, яшчэ Night Star. І мне здаецца, што яны якраз зачыніліся праз тое, што ім не хапіла мерапрыемстваў. Бо на адных дыскатэках не пражывеш.
euroradio.fm
Источник: Объединенная Гражданская Партия
Обсудить новость на Форуме
26 декабря 2024
« | Декабрь 2024 |
Пн | Вт | Ср | Чт | Пт | Сб | Вс |
1 | ||||||
2 | 3 | 4 | 5 | 6 | 7 | 8 |
9 | 10 | 11 | 12 | 13 | 14 | 15 |
16 | 17 | 18 | 19 | 20 | 21 | 22 |
23 | 24 | 25 | 26 | 27 | 28 | 29 |
30 | 31 |