20:15 12.01.2009 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"
“Без змены Выбарчага заканадаўства гаварыць пра прэзідэнцкія амбіцыі смешна”
Днямі, у адным са сваіх інтэрв’ю, старшыня Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенню рэспубліканскіх рэферэндумаў Лідзія Ярмошына прадказала з’яўленне на беларускай палітычнай сцэне “новых фігур з прэзідэнцкімі амбіцыямі”.
Праўда, сама нікога канкрэтнага альбо пэўную палітычную плынь, з глыбінь якіх можа выплыць гэтая новая і незнаёмая высока амбіцыйная палітычная постаць, не назвала. Магчыма мелася на ўвазе, што непрыемны сюрпрыз Цэнтрвыбаркаму рыхтуюць Аб’яднаныя дэмакратычная сілы? Пра гэта ды іншае і запытаўся карэспандэнт www.Euramost.org у сустаршыні АДС Анатоля ЛЯБЕДЗЬКІ.
— Старшыня Цэнтрвыбаркама не патлумачыла, адкуль у яе звесткі пра “новыя фігуры з прэзідэнцкімі амбіцыямі”. Але, магчыма, яна ўжо нештаведае такое, чаго не ведаем мы, пра АДС і іх “адзінага кандыдата”?
— Наўрад ці яна мела на ўвазе АДС. Мы не гатовыя зараз гаварыць пра свайго адзінага кандыдата, бо не ведаем, што будзе адбывацца ў 2010 годзе ў Беларусі і што гэта будуць за прэзідэнцкія выбары. Адно, калі гэта будуць гэта выбары з роўнымі магчымасцямі для ўсіх удзельнікаў. Іншае, калі гэта будзе чарговая кампанія, на якую нас запрашаюць пайсці, каб і там мы вынайшлі і прад’явілі доказы недэмакратычнасці выбараў і нелегітымнасці абраных асоб. Вось калі з гэтым разбярэмся, тады і будзем думаць пра адзінага, пра тое, якая будзе працэдура яго вылучэння, у каго больш перавагі – у новага чалавека ці ў чалавека з досведам удзелу ў рэальнай беларускай палітыцы.
Менавіта таму АДС зараз сканцэнтраваліся на спробе вярнуць людзям права выбара. Нацыянальны камітэт стварыў працоўную групу, яна падрыхтавала праект зменаў у Выбарчы кодэкс і накіравала яго ў Адміністрацыю Лукашэнкі і ў Бюро па дэмакратыі і правах чалавека. Тое, што мы прапануем, — гэта практыка еўрапейская, мы не патрабуем сабе ніякіх прывілеяў. Мы патрабуем роўных магчымасцяў для ўсіх кандыдатаў.
Не можа быць так, што ў выбарчай кампаніі ўдзельнічаюць 120—130 тысяч чалавек і ўсе яны прадстаўляюць аднаго кандыдата ці адну палітычную сілу. Гэта ўжо не выбары. Таму ў Выбарчае заканадаўства павінны быць унесеныя змены, якія гарантуюць, што ў выбарчых камісіях будуць прадстаўленыя ўсе палітычныя плыні, яны будуць удзельнічаць у падліку галасоў і падводзіць рэальныя вынікі галасавання. Гэта тычыцца і пытання міжнародных і ўнутраных наглядальнікаў. Яны павінны сапраўды наглядаць, як прагаласавалі выбарцы, а не проста прысутнічаць у памяшканні, дзе нехта нешта робіць. Павінна быць паўнавартасная дыскусія з удзелам усіх кандыдатаў у прэзідэнты.
— А вось сакратар Цэнтрвыбаркама Мікалай Лазавік ў інтэрв’ю карэспандэнту нашага сайта сказаў, што ў нашай краіне самы дэмакратычны Выбарчы кодэкс у Еўропе і нешта палепшыць у ім проста немагчыма. Вы з гэтым, атрымліваецца, не згодныя?
— Катэгарычна. Калі выбарчыя камісіі на 99,9% складаюцца з людзей, якія падтрымліваюць альбо адну асобу, альбо адну палітычную сілу, то пра якую дэмакратычнасць можна казаць? Лазавік разам з Ярмошынай не правялі яшчэ ні адной кампаніі, якая была б прызнаная дэмакратычнай і легітымнай. Гэта вотум недаверу і да гэтых асоб, і да той выбарчай сістэмы , якая ёсць у Беларусі.
— І ўсё ж такі – вы сцвярджаеце, што АДС не складалі нават прыблізны спіс асоб, якія маглі б разглядацца ў якасці кандыдатаў на пасаду “адзінага”?
— Мы не хочам і не будзем распыльваць свае рэсурсы і эмоцыі. Да красавіка ў нас уведзены мараторый на абмеркаванне гэтай тэмы. Бо менавіта да красавіка павінна вызначыцца – ці змяняюць беларускія ўлады заканадаўства. Гэта можна зрабіць дэкрэтам Лукашэнкі, можна прапусціць праз працэдуру разгляду дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, альбо праз стварэнне мажлівасці для рэалізацыі права грамадзян на заканадаўчую ініцыятыву: калі збіраюцца 50 тысяч подпісаў і пасля разглядаюцца прапанаваныя ініцыятыўнай групай папраўкі да Выбарчага заканадаўства. Ініцыятыўную групу мы стварылі і будзем спрабаваць яе зарэгістраваць і збіраць подпісы. Мы далі мажлівасць вызначыцца самой уладзе. Паглядзім, ці гатовая ўлада да гэтага.
Калі не – то будуць дыскутавацца не толькі пытанні аб удзеле ў выбарах, але ўвогуле ставіцца пытанне аб мэтазгоднасці такой кампаніі. У першыя дні 2009 года я паспеў з’едзіць у Калінкавічы і Мазыр, і скажу, што ў людзей вельмі скептычныя адносіны да выбарчых кампаній. Цэнтрвыбаркам сваёй “дэмакратыяй” прывёў да таго, што людзі проста не вераць у выбарчую сістэму Беларусі. Таму ўладзе давядзецца шмат зрабіць для таго, каб людзі самі, а не пад бізуном, прыйшлі на выбарчыя ўчасткі і каб у іх з’явіўся давер да вынікаў галасавання.
— Мы маем прыклады таго, што прымаліся добрыя і дэмакратычныя законы і дэкрэты, якія, у выніку, выкарыстоўваліся так, як было выгадна ўладзе. Ці не атрымаецца так і з дэкрэтам аб унясенні змен у Выбарчы кодэкс?
— Ёсць пэўная рызыка. Таму мы некаторыя моманты прапісваем у сваіх прапановах вельмі дэталёва. Да таго ж, гаворым не толькі пра закон, але і пра правапрымяняльную практыку. Гэта патрабуе прыняцця інструкцый, якія даюць падрабязнае тлумачэнне таго, як і што павінна адбывацца. Дэмакратычнай краіне гэта не патрэбна. У сітуацыі беларускай – без гэтага не абыйсціся.
Магчыма, нам дапаможа сённяшняя сацыяльна-эканамічная сітуацыя ў краіне і свеце. Апазіцыя гатовая браць на сябе адказнасць за спробы вывесці краіну з крызісу. Але павінны быць створаныя ўмовы, якія дазволяць прадстаўнікам апазіцыі прыйсці ва ўладу са сваімі ідэямі, прапановамі і гатоўнасцю браць на сябе частку адказнасці .
— Старшыня Цэнтрвыбаркама безапеляцыйна заяўляе, што палітыка, роўнага Лукашэнку, у нашай краіне няма і не будзе…
— Да свайго дэпутацтва і прэзідэнцтва Лукашэнка быў далёка не самым лепшым кіраўніком далёка не самага лепшага саўгаса сярод 3 тысяч іншых кіраўнікоў іншых сельскіх гаспадарак краіны. Давайце сёння не крыўдзіць людзей, якія даказалі сваёй працай, што маюць дастатковы досвед для таго, каб працаваць кіраўніком дзяржавы. І маюцца не ўвазе не толькі старшыні саўгасаў ды калгасаў. Не толькі дырэктары заводаў і прадпрыемстваў. Не трэба абражаць 10-мільённы беларускі народ словамі, што нікога ў нас лепшага за Лукашэнку ў якасці прэзідэнта не знойдзецца.
Источник: Объединенная Гражданская Партия
Обсудить новость на Форуме