15:01 25.04.2009 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"
Беларуская мадонна
25 красавіка адзначае юбілей адна з самых вядомых і любімых тэлезорак краіны — народная артыстка Беларусі Зінаіда Бандарэнка.
Прыгожая жанчына з бездакорным густам. Палымяная патрыётка і прапагандыстка роднага слова. Мужная змагарка за незалежную беларускую Беларусь. Такімі эпітэтамі адорвалі Зінаіду Бандарэнка вядомыя паэты Беларусі.
А Анатоль Вярцінскі аднойчы, убачыўшы Зінаіду Аляксандраўну на экране, напісаў:
На ўвесь экран
Зініны вочы.
Экран блакітны.
Вочы сінія.
Голас Зінін.
Усмешка Зіны.
Фальшу ні грана.
Выраз бясцэнны.
Панна экрана.
Княгіня сцэны.
Напярэдадні юбілею разам з Зінаідай Аляксандраўнай мы пагарталі яе сямейны альбом. Дакладней — альбомы. У сямейным архіве Бандарэнка — Кап’ёва сотні здымкаў. Але ёсць і такія, пра якія кажуць: самыя дарагія, самыя любімыя…
1. Мне ўжо 1 год.
— Я нарадзілася ў Мінску 25 красавіка 1939 года. У тыя часы было заведзена рэгістраваць немаўлят у той дзень, калі яны нарадзіліся. Парадзіха яшчэ была ў раддоме, а хтосьці з блізкіх павінен быў ісці ў загс выпісваць пасведчанне. Але так здарылася, што мой тата, які працаваў хірургам у ваенным шпіталі, быў на дзяжурстве і прыйшоў мяне рэгістраваць праз тры дні, 28 красавіка. І як ён ні ўгаворваў супрацоўніцу загса запісаць мой сапраўдны дзень народзінаў, яны адмовіліся і напісалі ў пасведчанні 28-е. Але дома мы ўсё роўна адзначалі мой дзень 25 красавіка.
2. З мамай Марыяй Піліпаўнай. 1948 год.
— Мае бацькі ажаніліся па вялікім каханні. Але так здарылася, што разышліся. Іх развяла Вялікая Айчынная вайна. У першыя дні вайны, калі немцы бамбілі Мінск, тата амаль увесь час быў у шпіталі. Мы — мама, я і мой старэйшы брат Ігар — дома, у інтэрнаце Медінстытута на вул.Ленінградскай. Рыхтаваліся да эвакуацыі, павінны былі пакідаць Мінск са шпіталем.
24 чэрвеня да нас прыбегла медсястра і сказала, што ў шпіталь трапіла нямецкая авіяцыйная бомба і ўсе загінулі. Хаця на самай справе бомба не ўзарвалася, і тата застаўся жывы. Потым дайшоў да Берліна. Але ж мы не ведалі. Мама паплакала і вырашыла ратаваць нас: пешшу мы пайшлі да родных у Гомель. Ішлі амаль месяц і толькі ноччу, днём хаваліся ў хмызняку. А бацька перад эвакуацыяй забег дамоў і… Замест інтэрната была варонка, на гэты раз бомба, якая ляцела, узарвалася. Тата вырашыў, што мы загінулі… Пасля вайны, калі высветлілася, што мы ўсе засталіся жывыя, у таты ўжо была іншая сям’я. Мы сустракаліся, падтрымлівалі добрыя адносіны, нават сябравалі. Але ж… Мой старэйшы брат, які вельмі любіў бацьку, моцна перажываў тое, што ён не жыў з намі.
3. Гомельскае медыцынскае вучылішча. 1956 год.
— Тата марыў, каб я пайшла па яго слядах. Адразу пасля школы я паступіла ў медвучылішча. Хаця яшчэ ў школе займалася ў драмгуртку, мяне дражнілі "артысткай". Але менавіта ў вучылішчы вызначыўся мой артыстычны талент, я займалася ў тэатральнай студыі Палаца чыгуначнікаўГомеля. І тут пазнаёмілася з чалавекам, які адыграў вялікую ролю ў маім жыцці, — маім першым педагогам Сяргеем ПаўлавічамАстравумавым. Ён быў мастацкім кіраўніком тэатральнай студыі і мастацкім кіраўніком Гомельскай студыі тэлебачання. Калі на Гомельскім тэлебачанні быў аб’яўлены конкурс дыктараў, Сяргей Паўлавіч параіў мне паспрабаваць свае сілы. І я прайшла, хаця конкурс быў вялікі. З медыцынай прыйшлося развітацца, я паступіла ў БДУ на беларускае аддзяленне філалагічнага факультэта.
4. Маё вяселле. 1959 год.
— Са сваім будучым мужам Генадзем Кап’ёвым я пазнаёмілася выпадкова. Ён працаваў канструктарам на "Гомсельмашы", а мы — тэатральная студыя — ставілі для іх спектакль, вясёлы скетч "Каханне і глыба". У той пастаноўцы я і спявала, і таньчыла, і вельмі спадабалася Генадзю Мікалаевічу. Ён вырашыў абавязкова са мною пазнаёміцца, доўга хадзіў, хадзіў. І аднойчы летам на аўтобусным прыпынку падышоў да мяне… Увосень таго ж 1959 года мы ўжо зладзілі вяселле. Святочныя сталы накрылі ў нашым з мамай пакоі. Гасцей было шмат, літаральна ўсё Гомельскае тэлебачанне.
Маме спадабаўся мой выбар, бацькі Генадзя таксама былі задаволеныя. Мой муж з сям’і ваеннага. Ягоны бацька быў намеснікам ваеннага каменданта ў горадзе Жлобіне.
5. Першыя эфіры на Беларускім тэлебачанні. 1963 год.
— Я працавала на Гомельскім тэлебачанні. У 1960 годзе мяне паслалі ў Мінск весці на Беларускім тэлебачанні Дні Гомельскай вобласці. Калі перадача з’явілася ў эфіры, на БТ пачалі ісці лісты ад гледачоў, што, маўляў, такая прыгожая дзяўчынка павінна працаваць на рэспубліканскім тэлебачанні. Мяне запрасіў да сябе старшыня Дзяржкамітэта радыё і тэлебачання Васіль Пятровіч Несцяровіч і прапанаваў перавесціся ў Мінск. Але я адмовілася. Справа ў тым, што я была цяжарная і не хацела пачынаць сваю працу на БТ з дэкрэтнага адпачынку.
А праз год, калі ў нас нарадзіўся Саша, Генадзь быў у камандзіроўцы ў Мінску, пайшоў да Несцяровіча і расказаў, чаму я тады адмовілася. Васіль Пятровіч задаў толькі адзінае пытанне: "Яна ў форме?" Так я апынулася на БТ.
6. Працоўныя будні.
З Уладзімірам Шэліхінам падчас рэпартажу 7 лістапада.
— З пераездам у Мінск пачалося вельмі напружанае, але шчаслівае творчае жыццё на тэлебачанні. Напружанае таму, што амаль усе новыя праграмы, якія з’яўляліся на БТ, прапаноўвалі весці мне. Я купалася ў гэтых праграмах, розных праектах, шмат выязджала за межы рэспублікі. Тэлебачанне было маім родным домам. Я ляцела на працу, маё сэрца білася ад шчасця, калі я падбягала да Камуністычнай, 6 і бачыла тэлевізійную вышку. А цяпер сэрца шчыміць ад болю. Я персона нон-грата на тэлебачанні, унесена ў чорны спіс, не маю права ўвайсці туды. Думаю, што мяне далей хола і не прапусцяць.
Маімі любімымі перадачамі былі "Блакітны агеньчык" і "Калыханка".
У 2006 годзеБеларускае тэлебачанне адзначала сваё 50-годдзе, на творчую вечарыну ў Палац Рэспублікі мяне не запрасілі. Нават і слова са сцэны пра мяне не сказалі. Атрымліваецца, што гісторыя тэлебачання пачалася з 1996 года, а да гэтага часу нічога знакавага на Беларускім тэлебачанні не было. У 1956 годзе першы дыктар БТТамара Паўлаўна Бастун упершыню ў эфіры сказала: "Добры вечар, дарагія тэлегледачы! Мы пачынаем першую пробную праграму". А потым — перыяд з 1963 года выпаў з гісторыі, яго сцёрлі, таму што там увесь гэты час была я. Але, думаю, пройдзе час, і ўсё вернецца. Адзінае, што трывожыць: ходзяць чуткі, што шмат плёнак тых часоў знішчаны. У Доме радыё, напрыклад, плёнкі проста палілі ў двары, і самі супрацоўнікі выхоплівалі каштоўныя матэрыялы, каб захаваць для нашчадкаў.
7. Свякроў (у цэнтры) дапамагала гадаваць нашых сыноў. 1982 год.
— Наш другі сын Валодзя нарадзіўся ў 1970 годзе. І мая свякроў Ніна Пятроўна і свёкар Мікалай Пятровіч пераехалі ў Мінск. Яны літаральна кінулі сваю кватэру ў Жлобіне і пераехалі да нас, каб дапамагаць нам.
Напэўна, я не змагла даць той вялiкай любовi сваiм дзецям, якую павiнна даць мацi. Я ўвесь час была ў раз’ездах. Дзякуючы толькi сваёй свекрывi, якую я вельмi любіла i паважала, мае сыны выраслi ў жаночым клопаце. Яна змагла iх выхаваць. Сыны ўвесь час мяне разумелi i паважалi маю працу. У нас заўсёды складвалiся добрыя ўзаемаадносiны.
8. Канцэртная зала "Россия". Масква. 1985 год.
— Мая праца дарыла мне незабыўныя цікавыя сустрэчы. Напрыклад, я магу ганарыцца, што сябравала з Аркадзем Куляшовым. Мы з мужам Генадзем сталі першымі чытачамі ягонай паэмы "Хамуціус". Разам з Куляшовымі мы адпачывалі ў санаторыі "Нясвіж", там Аркадзь Аляксандравіч пісаў "Хамуціус" і чытаў нам першы раздзел паэмы. Апошнім часам я называю сваім сябрам Генадзя Бураўкіна. Калі ён узначальваў Беларускае тэлебачанне, паміж намі была дыстанцыя: кіраўнік — падначалены. А зараз мы сябруем, нас зблізіла грамадзянская пазіцыя. Таксама, як і з Нілам Гілевічам, Анатолем Вярцінскім, Уладзімірам Някляевым.
У сямейным архіве я захоўваю раманы Івана Мележа, зборнікі вершаў Ніла Гілевіча, Рыгора Барадуліна, Анатоля Сыса, кнігі Яўгена Цікоцкага і Зянона Пазьняка, якія яны мне асабіста падарылі, пакінуўшы памятныя запісы.
У 1980-я гады Ігар Лучанок часта ладзіў свае творчыя канцэрты ў Маскве, у канцэртнай зале "Россия", і заўсёды гэта былі незабыўныя сустрэчы з цікавымі людзьмі. Рэжысёр Любоў Грачышнікава, якая займалася пастаноўкай канцэртаў, сыходзіла з старажытнай беларускай ідэі, імкнулася гэта падкрэсліць. Я заўсёды з’яўлялася на сцэне ў народным строі, які мне шылі ў Беларускім доме мод.
На гэтым здымку побач са мною — паэт Аляксандр Лягчылаў. Крайні злева паэт Барыс Бруснікаў. На жаль, я не ведаю, як склаўся ягоны лёс. Можа, яму трапіць гэтая газета, і ён адгукнецца.
9. З унучкай Машай. 1998 год.
— Маша — адзіная мая ўнучка. Зараз яна студэнтка, навучаецца адразу ў дзвюх ВНУ. Спадзяюся, што ў яе будзе шчаслівы лёс. Вельмі балюча, што Маша расце без бацькі. Наш старэйшы сын Аляксандр заўчасна пайшоў з жыцця. Яму было толькі 42 гады, калі ад вострай сардэчнай недастатковасці спынілася яго сэрца. Саша зрабіў шмат, каб з Машы атрымаўся (і атрымліваецца) сапраўдны чалавек. Думаю, што Маша гэта разумее…
Наша жыццё пасля смерці Сашы падзялілася на дзве паловы: да таго і пасля. Гэтая рана не загоіцца ніколі. Пра гэта нават гаварыць цяжка…
10. Мае вучні. Маладзечна, 1999 год.
— Я выкладала на журфаку БДУтэхніку і культуру мовы. На гэтым здымку ўсе, акрамя Алесі, хто, як казаў Ягор Хрусталёў, прайшлі праз мае рукі. Але, на жаль, зараз мы не кантактуем. Жыццё развяло, калі ў 1998 годзе я выказала сваю пазіцыю адносна таго, што адбываецца ў сучаснай Беларусі.
11. Сучасныя дні. 2008 год.
— З лета мінулага года мы рыхтавалі вечар-рэквіем памяці Генадзя Карпенкі, які адбыўся 6 красавіка 2009 года. У гэты дзень 10 гадоў таму не стала Генадзя Дзмітрыевіча.
На гэтым здымку я са старшынёй БАЖ Жаннай Ліцвіной і арганізатарам вечара-памяці памочнікам Карпенкі Валерыем Косткам. Мы ўваходзілі ў аргкамітэт па падрыхтоўцы вечара. Пасля мерапрыемства мне тэлефанавала з Нямеччыны ўдава Генадзя Дзмітрыевіча ЛюдмілаКарпенка, падзякавала за тое, што мы помнім яе мужа і не даем забываць іншым…
Я і зараз шмат працую, з задавальненнем адгукаюся на цікавыя прапановы. Прычынілася да адкрыцця незалежнага беларускага тэлеканала "Белсат", рыхтавала журналістаў, якія зараз працуюць на канале. Цяпер вось рыхтуем вечарыну з нагоды 50-годдзя хору ветэранаў вайны і працы "Спадчына", якая адбудзецца 5 мая ў сталічным Доме ветэранаў. Хочацца спыніцца, але маё жаданне быць у творчым напружанні не дае, мне цікава быць з людзьмі, і прыемна, што я цікавая людзям.
Источник: Объединенная Гражданская Партия
Обсудить новость на Форуме