13:32 19.09.2009 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"
Беларуская апазыцыя ў Стакгольме
Дэлегацыя беларускіх дэмакрытчных сілаў, у складзе якой былы палітвязень Аляксандар Казулін, сустаршыня БХД Павал Севярынец, кіраўніца БАЖ Жанна Літвіна, лідэры АГП і БНФ Анатоль Лябедзька і Аляксей Янукевіч, 16—18 верасьня знаходзілася зь візытам у Стакгольме.
Беларускія апазыцыянэры правялі перамовы з кіраўніцтвам Швэцыі, якая цяпер старшынюе ў Эўразьвязе.
Прадстаўнікоў беларускай апазыцыі запрасіла МЗС Швэцыі. Спачатку яны выступілі ў Камітэце міжнародных спраў Рыксдагу і ў парлямэнцкай групе “За дэмакратычную Беларусь”. Пазьней — правялі перамовы зь міністрамі замежных спраў, міжнароднага разьвіцьця і супрацоўніцтва, міністрам спраў Эўрапейскага Зьвязу.
Міністру замежных спраў Швэцыі Карлу Більту беларускія апазыцыянэры прапанавалі вывучыць магчымасьць стварэньня пасады спэцпрадстаўніка Эўразьвязу па Беларусі, — паведаміў сябра дэлегацыі Анатоль Лябедзька:
“Менавіта Швэцыя, як краіна, якая старшынюе ў Эўразьвязе, магла б выступіць з такой прапановай. Усе прызнаюць, што 6 месяцаў старшынства — гэта невялікі тэрмін. Ён завяршаецца, і напрацоўкі, якія ёсьць, людзі, якія заглыбіліся ў беларускую праблематыку — гэта ўсё застаецца незапатрабаваным, сыходзіць у архіў, у лепшым выпадку асобныя паперы застаюцца ў Брусэлі. Няма пераемнасьці”.
Такую пераемнасьць адносна стасункаў зь Беларусьсю, на думку спадара Лябедзькі, можа забясьпечыць спэцпрадстаўнік Эўразьвязу. Ініцыятыву зь цікавасьцю ўспрынялі і занатавалі ў МЗС Швэцыі, кажа спадар Лябедзька.
Прагучала яшчэ адна прапанова беларускай апазыцыі — правесьці ў Эўразьвязе спэцыяльную канфэрэнцыю па Беларусі, якая магла б паспрыяць усталяваньню сталага перамоўнага працэсу паміж беларускімі ўладамі, апазыцыяй і Эўрапейскім Зьвязам. Такую канфэрэнцыю Швэцыя магла б наладзіць з наступным старшынёй Эўразьвязу — Гішпаніяй. Да гэтай ідэі зь цікавасьцю паставілася міністар па справах Эўрапейскага Зьвязу Сэсілія Мальмстрэм.
Паводле Анатоля Лябедзькі, кіраўнік МЗС Швэцыі Карл Більт выказаўся за тое, каб пры выдзяленьні Беларусі крэдытаў улічваліся не толькі палітычныя крытэры, але і выкананьне правоў чалавека і дэмакратычных стандартаў.
Прадстаўнікі апазыцыі ўздымалі таксама пытаньне аб закрыцьці беларускай службы Швэдзкага радыё, але ў МЗС Швэцыі ім адказалі, што паўплываць на гэтае рашэньне, прынятае кіраўніцтвам радыё, ня могуць.
Швэцыя, якая старшынюе цяпер у Эўразьвязе, адрэагавала на зьбіцьцё і арышт дэманстрантаў у Менску 16 верасьня і запатрабавала спыніць гвалт супраць мірных дэманстрантаў.
У адмысловай заяве швэдзкае старшынёўства падкрэсьліла, што разгон мірнай акцыі, прысьвечанай памяці зьніклых апанэнтаў рэжыму Лукашэнкі, выклікае сур’ёзную заклапочанасьць у Эўразьвязе.
Ад імя Эўразьвязу Швэцыя патрабуе ад беларускіх уладаў не выкарыстоўваць сілы супраць удзельнікаў мірных акцыяў, а таксама забясьпечыць незалежным журналістам умовы для працы ў сваёй краіне.
Источник: Объединенная Гражданская Партия
Обсудить новость на Форуме