17:01 03.12.2009 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"
Беларускія палітыкі не баяцца змешваць працу з сям’ёй
Шведскі міністр бярэ дачку на паседжанні камітэта Еўрасаюза, сыны Мілінкевіча прыходзілі да яго на працу ў выканкам, Навасяд аднойчы спазніўся на паседжанне выбарчай камісіі з-за хваробы дачкі, а Гайдукевіч, калі браў дзяцей на працу, паказваў, “якія яны прыгожыя”
Міністр унутраных спраў Швецыі Тобіяс Білстром днямі прынёс на паседжанне камітэта Еўрасаюза па правасуддзі і ўнутраных справах сваю васьмімесячную дачку (на здымку). Ён патлумачыў гэта тым, што жадае больш часу праводзіць з сям’ёй.
Еўрарадыё вырашыла пацікавіцца ў беларускіх палітыкаў, як яны сумяшчаюць працу і сям’ю, ці ўплываюць клопаты пра дзяцей на іх палітычную кар’еру.
Лідэр руху "За свабоду" Аляксандр Мілінкевіч кажа, што дзеці прыходзілі да яго на працу самастойна.
Аляксандр Мілінкевіч: "Было такое, калі я ў выканкаме працаваў (намеснікам старшыні Гродзенскага гарвыканкама, у пач. 1990-х — Еўрарадыё) , яны даволі часта да мяне прыходзілі, а ва ўніверсітэце тым больш. Зараз, на жаль, гэта немагчыма, таму што мае дзеці неўяздныя ў Беларусь. Але дзеці ў маім жыцці адыгрываюць вялікую ролю. Я такі бацька, які апекуецца, калі ім ужо шмат гадоў. Старэйшаму 35, але я ўсё роўна лічу, што ёсць бацькоўскія абавязкі".
Уладзімір Навасяд, кіраўнік аргкамітэта Партыі свабоды і прагрэсу, мае дзве дачкі — якіх часта трэба раней забіраць са школы ці садка, а для гэтага трэба раней скончыць працу. Аднойчы з-за хваробы адной з дачок Уладзімір Навасяд спазніўся на паседжанне акруговай выбарчай камісіі.
Уладзімір Навасяд: "Калі вы памятаеце скандал, які быў звязаны з апошнімі выбарамі ў Палату прадстаўнікоў, тады я спазніўся на сход акруговай камісіі на паўгадзіны. І калі ў мяне ёсць выбар, ці займацца дзецьмі, ці ісці на важнае мерапрыемства, то я заўсёды абяру дзяцей".
Лідэр Ліберальна-дэмакратычнай партыі Сяргей Гайдукевіч бярэ на афіцыйныя мерапрыемствы не толькі дзяцей, але і жонку.
Сяргей Гайдукевіч: "Я на шматлікія мерапрыемствы браў і сваіх дзяцей, і сваю жонку. Я вам адкрыю сакрэт. Мая дачка Аня на сустрэчы ў Берліне, калі Андрыян Севярын кіраваў Парламенцкай асамблеяй АБСЕ, была перакладчыкам... Ведаеце, у асноўным, гэта ў вядомых людзей адбываецца. Хай ніхто не крыўдзіцца, але калі да мяне прыходзілі дзеці, звярталі ўвагу усе! Калі журналісты бачаць, што да мяне прыходзіць сын, я маю сваю мэту. Я хачу, каб журналісты бачылі, што у мяне прыгажун сын, прыгажуня дачка, і я сам нічога (смяецца)".
Сяргей Гайдукевіч нагадаў, што нават сам кіраўнік краіны з’яўляецца на людзях са сваім сынам.
Сяргей Гайдукевіч: "Наколькі гэта часта можна рабіць, з якой перыядычнасцю — гэта залежыць ад Аляксандра Рыгоравіча. Тое, што ён з’яўляецца з сынам, вядома, гэта выклікала цікаўнасць не толькі ў Беларусі. Вось вы пытаецеся, у вас гэта выклікае цікаўнасць, вы спрабуеце зразумець, ці карысна гэта: калі гэта адбываецца, значыцца ён мае рацыю".
А вось старшыня Вярхоўнага Савета ў 1994-95 гадах Мечыслаў Грыб кажа, што ў яго часы дзяцей у парламент не прыводзілі.
Мечыслаў Грыб: “Вельмі рэдка ў мяне былі дзеці. Можа, толькі на выходных, а мы і на выходных працавалі. У нас гэта было не прынята”.
Источник: Объединенная Гражданская Партия
Обсудить новость на Форуме