15:30 03.11.2009 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"
Беларускі бок не гатовы да спрашчэння візавага рэжыму з Літвой
Пра гэта ў інтэрв’ю Еўрарадыё паведаміў палітык і грамадскі дзеяч Літвы Жылвінас Лелейва падчас устаноўчага з’езду Беларускай хрысціянскай дэмакратыі
Еўрарадыё: “Як у кіраўніцве Літвы ўспрымаюць тыя палітычныя працэсы, якія адбываюцца ў нашай краіне? Ці ведаюць, напрыклад, пра тое, як складана зарэгістраваць у Беларусі новую партыю?”
Жылвінас Лелейва: “На афіцыйным узроўні было заяўлена, што мы турбуемся на гэты конт. Я сам рабіў пратэкцыю Беларускім хрысціянскім дэмакратам, званіў у прэзідэнтуру. Да таго ж, на ранішняй тэлевізійнай праграме быў міністр. Яго пыталіся наконт таго, як ён ставіцца да прыезда прэзідэнта Лукашэнкі. Я пазваніў ў прамы эфір і запытаўся, ці нагадаюць (Лукашэнку. — Еўрарадыё) пра рэгістрацыю БХД. І міністр сказаў, што абавязкова. А ўжо на наступны дзень, падчас вечаровага эфіру, міністр замежных спраў сказаў, што дзве рэчы былі сказаныя прэзідэнту Лукашэнку — свабодная прэса і рэгістрацыя Беларускіх хрысціянскіх дэмакратаў. Так што гэтая справа на дзяржаўным узроўні — не магу сказаць, прасоўваецца ці не, але нагадваецца — гэта дакладна. На ўзроўні міністэрства і ў прэзідэнтуры нагадалі”.
Еўрарадыё: “Як вырашыцца справа з рэгістрацыяй БХД, пакажа найбліжэйшы час. А вось як яна вырашаецца са свабодай СМІ, бачна ўжо сёння. Калі вы ведаеце, у верасні і кастрычніку падчас акцый апазіцыі праваахоўныя органы дэманстратыўна не давалі журналістам магчымасці працаваць. Увогуле, сітуацыю з выкананнем Лукашэнкам сваіх абяцанняў у Літве адсочваюць?”
Жылвінас Лелейва: “Безумоўна. У нашай прэсе гэта ўсё адзначаецца. Было адзначана і тое, што падчас візіту Лукашэнкі ў Літву ў Мінску розныя непрыемныя сітуацыі адбываліся з дэманстрантамі і прэсай. Нашая прэса і грамадства не стамляецца гэтым цікавіцца. І пастаянна пра гэта ўзгадваецца. Мы нібыта ў закладніках саміх сябе — і адносіны не хочам псаваць, але калі такія справы працягваюцца, то мы пачынаем думаць пра змены ў стасунках з беларускай уладай”.
Еўрарадыё: “Ці не выключаеце вы таго, што пасля кароткага пацяплення паміж уладамі Літвы і Беларусі можа ізноў наступіць пахаладанне?”
Жылвінас Лелейва: “Гэта відавочна. Паглядзім, што будзе з гэтай рэгістрацыяй. І таму стане зразумела, ці змянілася што пасля гэтага візіту і нашых напамінаў. Стане зразумела, ці будуць паляпшацца ўзаемаадносіны, альбо яны ізноў пойдуць на замарозку”.
Еўрарадыё: “У гэтым месяцы павінен вырашыцца далейшы лёс санкцый супраць беларускіх чыноўнікаў. З пункту гледжання кіраўніцтва Літвы, як будзе лепш для далейшай дэмакратызацыі Беларусі: каб санкцыя адмянілі ўвогуле, працягнулі іх прыпыненне, альбо ізноў увялі?”
Жылвінас Лелейва: “Складана мне казаць нешта пра гэтую справу. Гэта ўжо міжнародныя пытанні. Але калі змен не будзе да лепшага, то я мяркую, што трэба вяртацца да таго, што было раней. Але ў нас троху звязаныя рукі агульным меркаваннем Еўрасаюза. Хоць мы знешнюю палітыку праводзім самастойную, але не можам аднаасобна нешта прадпрымаць. Але трэба глядзець, што будзе далей, і тады трэба будзе вяртацца да таго, што было”.
Еўрарадыё: “З чальцоў Еўрасаюза менавіта Літва і Польшча з’яўляюцца найбліжэйшымі суседзямі Беларусі. І, найхутчэй, лепш разумеюць сітуацыю ў нашай краіне, чым, да прыкладу, Нямеччына альбо Італія. Ці можаце вы, зыходзячы з гэтага, кансультаваць ЕС у дачыненні да Беларусі і ўплываць на рашэнні ЕС у дачыненні да нашай краіны?”
Жылвінас Лелейва: “Я думаю, можам. Спадар Альгірдас Соўдаргас як дэпутат еўрапарламента ад Літвы мае трыбуну для гэтага. Я перадаваў сёння прывітанне ад Вітаўтаса Ланцбергіса. Яны гэтую справу прасоўваюць, нагадваюць, як толькі паўстае пытанне. Мы ведаем, што разумеем сітуацыю лепш і больш праўдзіва. Таму што ў нас няма моўнага бар’ера і мы тут кантакты маем, да нас прыязджае шмат людзей з Беларусі. Калі ты ведаеш мову, то нават інтанацыю можна лепш зразумець. Пераклад — гэта зусім іншая справа”.
Еўрарадыё: “Літва выступае за спрашчэнне візавага рэжыму з Беларуссю. Ці могуць Літва і Беларусь, без уцягнення ў працэс астатніх краін шэнгенскай зоны, вырашыць гэтае пытанне?”
Жылвінас Лелейва: “Гэтая справа павінна была зрушыцца і павінна была быць падпісаная дамова. Але беларускі бок, прэзідэнт не падпісаў яе. Тут, канечне, не ўсё так проста. У тым сэнсе, што гэта шэнгенская зона. Але я думаю, што гэта магчыма і гэта будзе. У нас усё гатова для гэтага. Толькі чакаем беларускага боку. Будзем спадзявацца, што гэта будзе ў хуткім часе”.
Источник: Объединенная Гражданская Партия
Обсудить новость на Форуме