03:01 07.04.2009 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"

Беларусь паміж Масквой і Брусэлем

У Брусэлі і Страсбуры думаюць пра Беларусь, а ў Менску думаюць пра Прагу. Канец любоўнага сэзону з Расеяй: ні грошай, ні тэлеканалаў, ні прызнаньня Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі. Гэтыя тэмы абмяркоўваюць кіраўнік беларускай службы Аляксандар Лукашук, аналітыкі Ян Максімюк і Юры Дракахруст.

 

Абхазія з Асэтыяй

Лукашук: Дзьве рэчы стаяць паміж посьпехам і паразай членства Беларусі ва Ўсходнім партнэрстве. Ва ўнутранай палітыцы гэта павага да правоў чалавека і дэмакратычных прынцыпаў, у зьнешняй палітыцы – гэта непрызнаньне незалежнасьці грузінскіх аўтаноміяў Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі.

Сьвяткаваньне 25 сакавіка прайшло пераважна мірна. На гэтым тыдні паказальнай сталася гісторыя са звальненьнем і аднаўленьнем на працы выкладчыцы ангельскай мовы Марыяны Грузьдзіловіч – спачатку яе звольнілі за размовы пра сьвяткаваньне ўгодкаў БНР. А потым, пасьля публічнага бурлівага абмеркаваньня на сайце Свабоды і іншых незалежных выданьняў – рэдкі выпадак – аднавілі.

А пачатак красавіка даў яшчэ адну падзею, якая не адбылася. У парадак дня сэсіі Палаты прадстаўнікоў, якая пачалася 2 красавіка, не было ўключанае пытаньне аб Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі. Пасьля нядаўняга візыту Аляксандра Лукашэнкі ў Сочы, сустрэчаў там з прэзыдэнтам Расеі Мядзьведзевым і лідэрам Абхазіі Сяргеем Багапшам многія экспэрты выказвалі ўпэўненасьць, што справа з прызнаньнем ужо вырашаная. А высьветлілася, што пакуль не. А чаму? Ян, як Вы мяркуеце?

Макімюк: Каб адказаць на гэтае пытаньне, трэба спачатку адказаць, як Беларусі належыць вырашыць гэтае пытаньне, каб атрымаць найбольш палітычнай карысьці. Я ня маю ілюзій, што Менск здолее супрацьстаяць ціску Масквы ў гэтым пытаньні і зможа зацягваць прызнаньне двух сэпаратысцкіх рэгіёнаў Грузіі да бясконцасьці. Я думаю, што ў Брусэлі людзі, адказныя за палітыку Эўразьвязу, таксама ня маюць ілюзіі на гэты конт. Але ёсьць, так бы мовіць, мінімальнае патрабаваньне да беларускага боку – не прызнаваць Абхазіі з Асэтыяй да саміту, на якім маюць быць падпісаныя дакумэнты аб Усходнім партнэрстве. Мне падаецца, што Менск прыняў гэтае мінімальнае патрабаваньне да ведама і дзейнічае адпаведна. Магчыма, што Лукашэнка паабяцаў Мядзьведзеву ў Сочы гэтае прызнаньне, але пакінуў сабе свабоду манэўру адносна тэрміну прызнаньня.

Лукашук: Юры, у прынцыпе рэглямэнт Палаты прадстаўнікоў дазваляе ўключыць пытаньне ў парадак дня сэсіі як тэрміновае ў любы момант. Можа так і будзе зроблена падчас гэтай сэсіі?

Дракахруст: Наагул кажучы, гэта магчыма. Але насамрэч, я ўпэўнены, зроблена ня будзе. Справа ў тым, што ад прызнаньня незалежнасьці грузінскіх аўтаноміяў Аляксандра Лукашэнку ўтрымліваюць ня толькі парады эўрапейскіх партнэраў, але і ягоная ўласная філязофія ўлады, нежаданьне і страх паказаць сябе слабым, дапусьціць прыніжэньне. Прызнаньне незалежнасьці Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі будзе менавіта прыніжэньнем і Беларусі, і яе кіраўніка. З магчымымі практычнымі наступствамі. Тэрміновае ўключэньне пытаньня ў парадак дня стала б дадатковым прыніжэньнем, маўляў, напачатку тое рабіць не зьбіраліся, а як у Маскве бразнулі кулаком аб стол, дык адразу ўзялі пад казырок. Не, я упэўнены, што на гэтай сэсіі пытаньне разглядацца ня будзе.

 

Рублі ды эўра

Лукашук: Давайце пагаворым пра грошы, і ня ўвогуле, а пра эўрапейскія эўра і расейскія рублі.

За апошнія паўтара года Беларусь атрымала ад Расеі крэдытаў на 3 мільярды даляраў. А ўвесь бюджэт Усходняга партнэрства на 6 краінаў на некалькі гадоў – 600 мільёнаў даляраў. Дык што даражэй – мільярды расейскіх даляраў ці асалода ад запрашэньня ў Прагу? Чаму Лукашэнка так упарціцца з прызнаньнем Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі? Ён так прасякнуўся эўрапейскімі каштоўнасьцямі, што не прадасьць іх нават за расейскія мільярды?

Максімюк: Я думаю, што тут на шалю быў кінуты вельмі істотны палітычны аргумэнт. Аляксандар Лукашэнка адчуў, што праграма Ўсходняга партнэрства дае яму рэальны шанец – упершыню пасьля 1996 году выправіць свой “дзікі крэн на ўсход” і пазбавіцца ад ізаляцыі на міжнароднай арэне. Натуральна, Беларусі патрэбныя грошы. Але калі далей браць крэдыты ад Расеі, то гэта далейшае закабальваньне дзяржавы ад адной краіны. І трэба гэтае закабальваньне чымсьці ўраўнаважыць. І я разумею так, што Лукашэнка пастанавіў прыступіць да Ўсходняга партнэрства, каб гэты балянс знайсьці.

Дэмакратам ён ніколі ня стане, бо гэта супраць натуры, і ягонай, і большасьці ягонага электарату. Але згуляць яшчэ больш эфэктыўна на супярэчлівых інтарэсах Эўразьвязу і Расеі яму, хутчэй за ўсё, удасца.

Дракахруст: А хто сказаў, што Лукашэнка забудзе шлях у Маскву? У маёй нядаўняй перадачы “Праскі акцэнт” Аляксандар Класкоўскі ў сувязі з новай палітыкай Менску нагадаў прымаўку пра ласкавае цяля, якое дзьвюх матак смокча, і дадаў, што для гэтага, як паказаў Лукашэнка, неабавязкова быць нават ласкавым. І ня зробіць ён Расеі такой ласкі, як прызнаньне грузінскіх аўтаноміяў. А сваім сяброўствам ва Ўсходнім партнэрстве будзе смактаць у яе грошы далей. А з эўрапейцаў – сваімі саюзьніцкімі адносінамі з Расеяй. Спадар Лукашэнка гандлюе не ляяльнасьцю, а пагрозамі, што можа быць яшчэ больш неляяльным. Рызыкоўная гульня, ну дык хто на што вучыўся.

Лукашук: Галоўнай палітычнай навіной гэтага тыдня ў сьвеце стала сустрэча ў Лёндане “Вялікай дваццаткі” – кіраўнікоў найбольш значных у эканамічным сэнсе краінаў сьвету. У Беларусі галоўнай эканамічнай навіной стала паведамленьне аб адмове расейскага ўраду даць Беларусі крэдыт памерам 100 мільярдаў рублёў (3 млрд. даляраў). Пры гэтым мінфін Расеі паведаміў, што адразу пасьля адмовы зь Менску прыйшла новая просьба аб крэдыце на 2 мільярды даляраў.

Юры, што адбываецца – што прымушае ўрад Беларусі залазіць у даўгі?

Дракахруст: Эканамічны стан, хоць і не катастрафічны, але дадае няшмат аптымізму. За два месяцы году прамысловая вытворчасьць скарацілася на 2%, інфляцыя скокнула амаль на 6%. Самыя вялікія праблемы ў краіны са зьнешнім гандлем. У студзені-лютым сальда зьнешняга гандлю таварамі – гэта значыць экспарт мінус імпарт вырасла на 1 мільярд 92 мільёны даляраў. Гэта ў 2.5 разы болей, чым за першыя два месяцы году летась. Пры гэтым экспарт з пачатку году упаў амаль напалову, імпарт – на траціну. Беларусі ўсё цяжэй прадаваць сваю прадукцыю за мяжу, а імпарт і даўгі трэба ж нечым аплачваць. Адсюль і такі ліхаманкавы пошук грошай па ўсім сьвеце, у тым ліку і ў Расеі.

Лукашук: У Лёндане зь пяці краінаў, зь якімі Беларусь мяжуе, прадстаўлена толькі адна – Расея. Да яе па крэдыты зьвяртаецца ня толькі Беларусь, але і Ўкраіна. Ці азначае гэта, што эканамічны крызіс падвышае палітычную вагу Расеі у рэгіёне?

Максімюк: Гэта сапраўды так. Пры гэтым стратэгія Расеі – выкарыстоўваньне эканамічных рычагоў для дасягненьня палітычных мэтаў на постсавецкай прасторы. Аналітыкі шмат пра гэта гаварылі ў мінулыя гады, але насамрэч нейкага яркага прыкладу – у якім Расея скарыстала важкі эканамічны рычаг і дасягнула важкага выніку – так і не было. Як думаю, цяпер сытуацыя пачынае мяняцца – Расея нацэленая на тое, каб дасягнуць канкрэтных палітычных мэтаў у блізкім замежжы.

Але цяпер адмова Беларусі ў цяжкой сытуацыі ў крэдыце і адмова Ўкраіне паказваюць, што тут ёсьць выразная агульная лінія на дасягненьне палітычных мэтаў эканамічнымі сродкамі. Прыгадайма, што ва Ўкраіне прамысловая вытворчасьць упала за два месяцы гэтага году на 30% у параўнаньні са студзенем-лютым 2008 году. Гэта –эканамічны абвал. Украіна папрасіла 16 мільярдаў даляраў у МВФ, але атрымала толькі першую траншу – 5 мільярдаў. Украіна папрасіла 5 мільярдаў даляраў стабілізацыйнага крэдыту ў Расеі і яшчэ нейкую суму на збалянсаваньне свайго бюджэту.

Але Расея выстаўляе свае ўмовы, яна мае на мэце ўзяць пад свой кантроль газатранспартную сыстэму Ўкраіны.


Адключэньне расейскіх тэлеканалаў

Лукашук: Яшчэ адна падзея на, так бы мовіць, усходнім фронце – беларуская кампанія кабэльнага тэлебачаньня спыніла рэтрансьляцыю пяці расейскіх тэлеканалаў – "Рен ТВ", "Первый (Всемирная сеть)", "НТВ-Мир”, "РТР-Планета" і TVCI. Паводле афіцыйных тлумачэньняў, прычына ў тым, што расейскія тэлекампаніі паводле новага закону аб СМІ павінны былі атрымаць дазвол на трансьляцыю ў Беларусі. Яны мелі на тое 3 месяцы, але аб атрыманьні дазволу не паклапаціліся. Расейскае пасольства папрасіла ў беларускага МЗС тлумачэньняў з нагоды адключэньня тэлеканалаў. На ваш погляд справа тут сапраўды ў чыста тэхнічных нестыкоўках ці ў нечым іншым?

Дракахруст: Ведаеце, афіцыйных тлумачэньняў насамрэч вельмі шмат: гэта і тое, што арыгінальныя расейскія каналы, якія адключаюцца, дублююцца ў сумесных вэрсіях, і тое, што па іх ішла няправільная рэкляма, ад чаго беларуская эканоміка губляе шмат грошай, і тая прычына, якую Вы, Аляксандар, прыгадалі – адсутнасьць дазволу на трансьляцыю.

Калі так шмат прычынаў адключэньня, то хутчэй за ўсё прычына – адна, толькі ня тая, якая называецца ўголас.

Што на “Першым канале” ідзе сьцёбная перадача “ПрожекторПэрисХилтон”, кпіны якой пра Лукашэнку выразалі з беларускага эфіру, што на НТВ нядаўна была перадача, дзе абмяркоўваліся бацькоўскія радасьці Аляксандра Лукашэнкі – дык гэта ж факт.

Ёсьць, праўда, агульная палітыка, якая пачалася недзе з 2003 году – выцісканьне расейскіх мэдыяў зь беларускай інфармацыйнай прасторы. Аднак у дадзеным выпадку расейскія каналы мяняюцца ў пакеце “Космас-ТБ” зноў жа на расейскія, толькі іншыя. Хутчэй за ўсё, гэта тыповая праява цэнзуры. Расейцам кпіны наконт таго, што Лукашэнка эканоміць на няньцы для Колі, слухаць не забароніш, ну а для сваіх забараніць можна. Ну а ў больш шырокім сэнсе – яшчэ адна ілюстрацыя да жарту Аляксадра Класкоўскага пра няласкавае цяля, грошай не далі, дык мы ваша тэлебачаньне адрубім.

Лукашук: У мінулай перадачы экспэрты рабілі прагноз – ці будзе уключана пытаньне пра прызнаньне Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі ў парадак дня палаты прадстаўнікоў у красавіку і як яно будзе вырашана, і тады экспэрты Свабоды адказалі – не, ня будзе. Я пашыру часавы кантэкст і папрашу экспэртаў зрабіць прагноз: у навагоднім выпуску нашай перадачы, калі мы будзе абмяркоўваць галоўныя падзеі года – што мы будзем гаварыць на гэтую тэму?

Максімюк: Я мяркую, што гэтае пытаньне будзе вырашанае на карысьць Масквы. Беларусь усё ж ня можа сабе дазволіць поўнамаштабную эканамічную вайну з Расеяй. Магчыма, ня толькі ў красавіку, але нават да лета Менск гэтую справу не кране, але ўвосень, калі трэба будзе падпісваць кантракт на пастаўкі расейскага газу, тады мы можам дачакацца прызнаньня.

Дракахруст: Я рызыкую з прагнозам, але мой адказ, што і напрыканцы году мы скажам, што з прызнаньнем Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі адбываецца тое самае, што і зь беларуска-расейскай інтэграцыяй: інтэгруемся, але застаемся на тым самым месцы. Я ўжо прыводзіў дасьціпную думку Аляксандра Класкоўскага, што Беларусь Лукашэнкі - тое цяля, якое смокча дзьвюх матак, алее пры гэтым не абцяжарвае сябе патрэбай быць ласкавым. Пераб’юцца расейцы без прызнаньня.


Запрашэньне ў Прагу

Лукашук: На мінулым тыдні ў Чэхіі ў замку Глыбока над Влтавай міністры замежных справаў краінаў Эўразьвязу абмяркоўвалі, запрашаць ці не запрашаць Аляксандра Лукашэнку ў Прагу. Складваецца ўражаньне, што перад прыняцьцем рашэньня яны ўважліва слухаюць перадачу Белсату “Тыдзень з радыё Свабода”. Нашы экспэрты казалі, што Лукашэнка фармальна будзе запрошаны, але форма запрашэньня будзе прадугледжваць прыезд іншага прадстаўніка беларускай улады.

Нешта такое і атрымалася – “папярэдне вырашана даслаць у Менск запрашэньне на саміт Эўрапейскага партнэрства, які адбудзецца ў Празе 7 траўня, даючы адначасова зразумець Аляксандру Лукашэнку, што ў Празе чакаюць не яго, а нейкага іншага прадстаўніка Беларусі”.

Чаму было прынятае такое папярэдняе рашэньне?

Дракахруст: Ну ўсё ж запрашаць Лукашэнку вельмі ня хочацца. І ня толькі таму, што ён дыктатар. Ілхам Аліеў таксама не дэмакрат, але правілаў датрымліваецца, і ў Празе ўсе словы пра дэмакратыю, свабоду, эўрапейскія каштоўнасьці, але і пра ўсходнюю спэцыфіку, пра Сінгапур як узор для Азэрбайджану скажа. І тым абмяжуецца. Таксама малапрыемна, але пагаршаць няўтульны стан гаспадароў Аліеў ня будзе. А Лукашэнка прыедзе і скажа: “Ну што – хацелі мяне прыдушыць, не прызнавалі мяне, але правалілася ўся ваша гульня. Прызналі і да сябе запрасілі, схаваўшы свае ўрокі дэмакратыі ў кішэньку”. Слухаць гэта будзе надзвычай крыўдна, асабліва таму, што ў пэўнай ступені гэта будзе і праўда. А можа. Як, дарэчы, ягоны сябра Уга Чавэс, які нягледзячы на ўсялякія намёкі, што яго прысутнасьць непажаданая, езьдзіць куды толькі пускаюць і “адцягваецца па поўнай”. А не запрасіць Лукашэнку неяк не атрымліваецца – калі краіна запрошаная на роўных і яго прызнаюць яе кіраўніком, то запрашэньне другой ці трэцяй асобы – гэта ўжо атрымліваецца як бы і не на роўных.

Вось гэтую галаваломку міністры замежных справаў краінаў ЭЗ і спрабавалі вырашыць.

Максімюк: Гэта быў сыгнал, што лідэрам Эўразьвязу было б найбольш камфортна, калі б у Празе Лукашэнка не зьявіўся, а нехта іншы з паўнамоцтвамі ад Беларусі, каб падпісаць Усходняе партнэрства. Зразумела, чаму — вось яны бэсьцілі “апошняга дыктатара Эўропы” столькі гадоў, а тут раптам паціскаюць рукі, усьміхаюцца і фатаграфуюцца разам зь ім. Ня толькі ў Беларусі гэта выклікае неўразуменьне, але і сярод эўрапейскага электарату таксама можа выклікаць хвалю заўважнага абурэньня. А ў гэтым годзе мы маем выбары па ўсёй Эўропе ў Эўрапарлямэнт. Так што фактычна прыезд, напрыклад, спадара Сяргея Мартынава на саміт быў бы ідэальным вырашэньнем гэтай сьвецкай дылемы. Але я ня думаю, што калі б Аляксандар Лукашэнка наважыўся прыехаць у Прагу, дык яго туды б не пусьцілі ці не хацелі б зь ім фатаграфавацца.

Па-мойму, аднак, самому Лукашэнку карысьней застацца ў Менску, а ў Прагу паслаць Мартынава. Чаму?

Па-першае, ня варта Лукашэнку, які хоча вярнуцца ў эўрапейскія палітычныя салёны, пачынаць гэтае вяртаньне са сварак і абмену наўрад ці прыемнымі рэплікамі ў Празе з усімі, хто хоць што-колечы значыць у эўрапейскай палітыцы.

Па-другое, ня варта Лукашэнку нарывацца на дадатковы гнеў Масквы і абструкцыю Грузіі пры гэтай векапомнай нагодзе. Няхай у Маскве думаюць, што Эўропа Лукашэнку даняла. А ў Тбілісі няхай думаюць, што ў Менску пра грузінаў думаюць не зусім каб кепска.

Лукашук: На гэтым тыдні ў Брусэлі на сэсіі Эўрапалярмэнту была прынятая “беларуская” рэзалюцыя. Сёньня яна была прысьвечаная тэме “эвалюцыі дыялёгу паміж ЭЗ і Беларусьсю”.

Наколькі гэтая эвалюцыя нэўтралізавала рэзалюцыю – іншымі словамі, наколькі там захавалася пазыцыя апазыцыі, ці пачулі эўрапарлямэнтары аргумэнты тых беларускіх палітыкаў, хто кажа пра падступны характар беларускага рэжыму і заклікае ня браць напавер заявы афіцыйнага Менску?

Максімюк: Гэтая рэзалюцыя адрозьніваецца ад папярэдніх хіба што тонам. Там пералічваюцца ўсе істотныя праблемы, якія Эўрапарлямэнт узьнімаў шмат гадоў. ЭП лічыць, што пасьля выпрабавальнага тэрміну 9 месяцаў можна будзе скасаваць санкцыі, калі афіцыйны Менск зробіць пэўныя крокі. Якія менавіта? Рэформа выбарчага заканадаўства. Колькі гадоў пра гэта гаворыцца? Забесьпячэньне свабоды СМІ. Гэта было праблемай ад прыходу Лукашэнкі да ўлады. Дадаліся там і новыя элемэнты – прызнаньне Саюзу палякаў пад кіраўніцтвам Анжалікі Борыс. Ну і ўвядзеньне мараторыю на выкананьне сьмяротных пакараньняў, Беларусь – адзіная краіна ў Эўропе, якая іх выконвае. Што абяцаецца зь "пернікаў"? Адзін пункт, які можа тычыцца ня толькі ўладаў, але і простых грамадзянаў – робіцца намёк на палягчэньне працэдуры атрыманьня візаў і зьніжэньне іх коштаў.

Лукашук: Гэта важная рэч, якой дамагаецца і апазыцыя і ўлада. Але на гэтым тыдні адбылася яшчэ адна важная падзея, якая, так бы мовіць, не адбылася. Адзін з ініцыятараў гэтай рэзалюцыі Эўрапарлямэнту Ян Марынус Віерсма не прыехаў у Беларусь, хаця і зьбіраўся. Візыт кіраванай ім дэлегацыі эўрапарлямэнтароў быў сарваны. З тлумачэньняў спадара Віерсмы вынікае, што прычынай канфлікту стала форма сустрэчы эўрадэпутатаў з дэпутатамі палаты прадстаўнікоў. Эўрапейцы настойвалі, каб сустрэча мела нефармальны характар, бо Эўразьвяз прызнаў леташнія выбары, на якіх цяперашняя палата была сфармаваная, несвабоднымі і несправядлівымі. Беларускі бок дамагаўся, каб сустрэча мела афіцыйны характар.

Як вы патлумачыце гэты інцыдэнт?

Дракахруст: Ну, беларускія ўлады адчуваюць, што ім, як кажуць, ідзе карта, і таму падвышаюць стаўкі. Калі адносіны са стану ідэалягічнай перастрэлкі перайшлі ў фазу ўласна палітыкі, то стала відавочнай вага ў прыняцьці рашэньняў розных эўрапейскіх інстытутаў. У прыватнасьці, вага парлямэнцкіх інстытутаў аказалася ня надта вялікай. На гэтым самым тыдні Менск наведаў міністар замежных справаў Гішпаніі Мігель Марацінас. Яго краіна цяпер старшынюе ў Радзе Эўропы. Госьць з Мадрыду выказаўся за скасаваньне ўсіх санкцыяў адносна Беларусі і за прыняцьцё яе ў Раду Эўропы. Кіраўнікі МЗС дзяржаваў Зьвязу – гэта тыя, хто прымае рашэньне. Эўрапарлямэнтары – тыя, хто стварае палітычны фон, які ўплывае на прыняцьце рашэньняў. І сапраўды ўплывае, але беларускія ўлады вырашылі з дэлегацыяй Эўрапарлямэнту рызыкнуць, пайсьці на тое, што яны лічаць прынцыпам.

Лукашук: Ян, на Ваш погляд, наколькі важным быў гэты візыт кіраўніка гішпанскага МЗС у Беларусь?

Максімюк: Заявы гішпанскага міністра важныя зь дзьвюх прычынаў. Пра першую ўжо згадаў Юры, кажучы, што фактычна кіраўнікі МЗС, Рада Эўразьвязу прымаюць рашэньні па замежнай палітыцы 27-мі дзяржаваў, а не Эўрапарлямэнт.

Па-другое, гэтыя заявы важныя, бо Гішпанія будзе старшыняваць у Эўразьвязе, пачынаючы з 1 студзеня 2010 году. Беларусь патрапіла ў паласу шанцаваньня, цяпер у Эўразьвязе старшынююць краіны, якія зацікаўленыя ўцягнуць Беларусь у Эўропу і даволі прыхільна ставяцца нават да самога беларускага рэжыму. Прыгадайма, што Ўсходняе партнэрства прыдумалі Польшча са Швэцыяй. Швэцыя пачне старшыняваць у ЭЗ зь сярэдзіны гэтага году.

За ёй – Гішпанія. І калі прыяжджае гішпанскі міністар і кажа, што мы хацелі б цалкам нармалізаваць адносіны і нават падпісаць базавую дамову наконт супрацоўніцтва – гэта вельмі важна.

Лукашук: Мы падрабязна абмеркавалі пазыцыі лідэраў эўрапейска-беларускай дыскусіі – эўрапейскіх кіраўнікоў, беларускіх уладаў і беларускай апазыцыі. Роля голасу народу ў міжнародных дачыненьнях звычайна ня надта значная. Тым больш – у аўтарытарных недэмакратычных рэжымах.

Але на ўзроўні самаадчуваньня, настрояў – што мы ведаем, што адбываецца?

Дракахруст: На гэтым тыдні былі абнародаваныя дадзеныя сакавіцкага апытаньня Незалежнага інстытуту сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў. Там задавалася пытаньне пра стаўленьне да новай палітыкі Эўропы ў дачыненьні да Беларусі. Адразу скажу – яе падтрымлівае большасьць апытаных, але з надзвычай розных меркаваньняў. 38% лічыць новую палітыку Эўразьвязу правільнай, бо, паводле іх, Эўропа павінна супрацоўнічаць з той уладай, якая карыстаецца падтрымкай народу. Стандартнае лукашэнкаўскае тлумачэньне. Яшчэ 18 % мяркуюць, што ЭЗ паступае правільна, бо якая б у Беларусі ўлада ні была, галоўнае – аслабіць залежнасьць Беларусі ад Расеі. У суме 56%. 12%, разам з большасьцю апазыцыі, мяркуюць, што Эўразьвяз, ідучы насустрач беларускай уладзе, здрадзіў сваім прынцыпам. І прыкладна столькі ж – 11% – асуджаюць Эўропу за тое, што яна сваёй новай палітыкай хоча адарваць Беларусь ад Расеі. У суме 13%. Навідавоку ўтварэньне новых дзіўных кансэнсусаў: лукашэнкаўцы сышліся з прыхільнікамі лёзунгу “Прэч ад Расеі”, пасьлядоўныя змагары з рэжымам – з выразна прарасейскім электаратам.

Источник: Объединенная Гражданская Партия

  Обсудить новость на Форуме