12:30 15.01.2010 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"
Беларусь і Польшча могуць у лютым падпісаць дамову аб бязвізавым рэжыме
Як распавялі Еўрарадыё ў польскім МЗС, апошнія нюансы пагаднення ўжо ўзгодненыя.
Беларусь і Польшча ўзгаднілі апошнія нюансы пагаднення аб бязвізавым памежным рэжыме. Пра гэта Еўрарадыё паведамілі ў Міністэрстве замежных спраў суседняй краіны. Да нядаўняга часу бакі дамаўляліся, наколькі далёкія сваякі тых людзей, якія жывуць у памежнай зоне, змогуць карыстацца бязвізавым уездам.
Паводле пагаднення, беларусы з прыгранічнай тэрыторыі змогуць ездзіць у польскае памежжа, не плацячы за шэнгенскую візу 60 еўра. Спецыяльныя дазволы мусяць каштаваць 20 еўра і выдавацца на год ці нават большы тэрмін.
Супрацоўнік МЗС Польшчы: "Умова практычна ўзгодненая, і проста чакае падпісання адпаведнымі асобамі. Чакаецца візіт патрэбнага ўзроўню. Спадзяемся, што самае позняе ў лютым умова аб памежным руху будзе падпісана".
Адзначым, што акурат на пачатак лютага з раней запланаванага 15 студзеня перанесены візіт беларускага міністра замежных спраў Сяргея Мартынава ў Варшаву.
Дарэчы, падобнае пагадненне Беларусі з Літвой было ўзгодненае ўжо даўно. Яго планавалі падпісаць яшчэ 4 месяцы таму – падчас візіту ў Вільню Аляксандра Лукашэнкі. Але неспадзявана ў самы апошні момант беларускі бок заявіў, што яму патрэбны час на вырашэнне нейкіх тэхнічных пытанняў.
Тады прэс-служба памежнага камітэта паведаміла, што праблема хутчэй за ўсё звязаная з літоўскім горадам Алітус і беларускім Смаргонь. Маўляў, вядуцца перамовы, каб уключыць і гэтыя гарады ў памежную зону. А ў канцы верасня старшыня камітэта Ігар Рачкоўскі заявіў, што пагадненне падпішуць да канца года. Але гэтага не адбылося, і ў снежні Літва заявіла, што Беларусь зацягвае час з урэгуляваннем сваіх унутраных працэдур.
Цяпер у Вільні глядзяць на справу больш аптымістычна. Па словах дырэктара Дэпартамента палітыкі ўсходняга суседства МЗС Літвы Марыюса Гудзінаса, нейкі прагрэс ужо ёсць. Аднак візіт беларускіх чыноўнікаў пакуль не плануецца.
Марыюс Гудзінас: "Беларускі бок нас інфармаваў, што працэс блізіцца да завяршэння. І вельмі хутка.
Источник: Объединенная Гражданская Партия
Обсудить новость на Форуме