14:30 08.10.2009 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"
“Бацькаўшчына” заклікае парламент прыняць закон аб беларусах замежжа
На падставе рашэнняў нядаўняга Пятага з’езда беларусаў свету МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” звярнулася да Палаты Прадстаўнікоў з тым, каб была ўзноўленая праца па распрацоўцы праекта закона, які б рэгуляваў стасункі Рэспублікі Беларусь з беларусамі замежжа, паведамляе Інфармацыйны цэнтр арганізацыі.
Таксама ў лісце рэкамендуецца пры распрацоўцы законапраекта прыняць за аснову прапановы і заўвагі МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”, у тым ліку праект закона “Аб беларусах замежжа”, прынятыя на Пятым з’ездзе беларусаў свету.
Пытанне юрыдычнага ўрэгулявання стасункаў беларускай дзяржавы з беларусамі замежжа “Бацькаўшчына” не ўпершыню ўздымае перад дзяржаўнымі органамі па даручэнні суполак беларускай дыяспары.
Нагадаем, што ў 2001 годзе Нацыянальны цэнтр законапраектнай дзейнасці пры прэзідэнце Рэспублікі Беларусь па даручэнні кіраўніка дзяржавы пачаў распрацоўку праекта Закона Рэспублікі Беларусь “Аб суайчынніках, якія пражываюць за мяжой”. У тым жа годзе МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” брала ўдзел у працы Рабочай групы пры згаданым Нацыянальным цэнтры і выйшла з шэрагам прынцыповых заўваг і прапановаў, якія грунтаваліся на пажаданнях беларускіх суполак замежжа. Аднак Цэнтр законапраектнай дзейнасці спыніў працу над праектам закона, і яго разгляд, запланаваны на восень 2002 года, не адбыўся. З просьбай паскорыць прыняцце закона звярталіся да Ураду і Нацыянальнага сходу ўдзельнікі Чацвёртага і Пятага з’ездаў беларусаў свету (2005, 2009 гг.), але безвынікова.
У звароце падкрэсліваецца, што беларуская дыяспара - “велізарны нацыянальны рэсурс, які можа стаць важным фактарам эканамічнага і духоўнага ўздыму Беларусі, спрыяць росту міжнароднага аўтарытэту і павышэнню прэстыжу нашай краіны ў свеце. І каб гэта адбылося, нельга працаваць кропкава, выбарачна. Неабходна мэтаскіраваная паслядоўная праца”.
Источник: Объединенная Гражданская Партия
Обсудить новость на Форуме