19:46 24.05.2009 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"
Артур Фінькевіч З кнігі "Будзіцелі"
ДАВЕДКА: Артур Фінькевіч нарадзіўся 8 лютага 1985 года ў Мінску. 31 студзеня 2006 года быў арыштаваны. 5 лютага 2008-га пасля касацыйнай скаргі ў Магілёўскі абласны суд быў вызвалены.
— Вы мінчанін?
— Так. Нарадзіўся 8 лютага 1985 года ў сталіцы і жыў увесь час у мікрараёне Чыжоўка. Звычайная сям’я. Я адно дзіця ў бацькоў. У дзяцінстве больш за год жыў у Абхазіі. Вайны там яшчэ не было. З 1991 года вучыўся ў сярэдняй агульнаадукацыйнай школе №135. Пасля дзевяці класаў пайшоў у прафесійна-тэхнічнае вучылішча нумар 38, дзе атрымаў спецыяльнасць абвальшчыка мяса. Прасцей, мясніка.
— Я нават не ведаў, што такія ёсць?
— У Беларусі іх два. У Оршы і Мінску. У сталіцы адначасова навучаюцца каля тысячы чалавек. Гэта кадры для мясакамбінатаў.
— Мабыць, ёсць конкурс?
— Безумоўна. Каб паступіць, трэба здаць іспыты.
За тры гады вучобы мяне сем разоў спрабавалі выключыць. Дырэктар быў дэпутатам Мінгарсавета, і мы з ім займаліся рознай грамадскай дзейнасцю. Выключыць не атрымалася, але дыплом далі мне датэрмінова. За паўгода да афіцыйнага выпуску. Сярэдняя адукацыя ёсць, аднак прафесійны разрад паніжаны. Як толькі споўнілася 18 гадоў, кіраўніцтва ПТВ вырашыла, што будзе прасцей за мяне не адказваць. Паперкі з розных праваахоўных устаноў прыходзілі амаль кожны месяц, бо грамадскай дзейнасцю я пачаў займацца амаль з другога курса. А цікавіцца гэтым — з першых прэзідэнцкіх выбараў.
— У дзевяць гадоў?!
— Уся мая сям’я галасавала за Зянона Станіслававіча Пазьняка.
14 мая 1995 года быў праведзены рэферэндум, які стаў для мяне своеасаблівым штуршком. Пасля гэтага я пачаў апазіцыйна ставіцца да ўлады. І ў школьных сшытках маляваў бел-чырвона-белыя сцягі, «Пагоню», пісаў «БНФ».
Зразумела, што я не быў сябрам гэтай арганізацыі, а далучыўся да яе дзейнасці толькі ў 2001 годзе. Першым, з кім я тады пазнаёміўся, быў Павал Севярынец. Далучыўся да «Маладога фронту» і пачаў працаваць на адзінага кандыдата ад апазіцыі. Улёткі, сцягі, потым арганізацыйная дзейнасць. Масавыя акцыі.
Падчас памаранчавай рэвалюцыі быў у Кіеве. Кіраваў дэлегацыяй з пяцідзесяці маладафронтаўцаў. Увесь кастрычнік 2004 года пражыў там.
— Мабыць, такая актыўнасць заўжды цікавіла праваахоўныя структуры?
— Канешне. Усяго за маё яшчэ кароткае жыццё затрыманняў было каля 80. Пакуль за гэта не давалі «сутак» (з 16 да 18 гадоў), міліцыя затрымлівала мяне амаль кожны месяц. Зараз значна складаней, таму што амаль у любым выпадку будзе адміністрацыйны арышт. Аднак нікога гэта не спыняе. Той прэсінг, што ёсць з боку ўладаў, наадварот, сведчыць аб тым, што мы рухаемся ў правільным напрамку і робім добрую справу.
На жаль, 31 студзеня 2006 года ноччу, калі я пісаў на агароджы «Мы хочам новага», затрымалі, як высветлілася пазней, «па-даросламу».
— А чаму пісаў сам? На той жа момант, наколькі мне вядома, вы былі адным з кіраўнікоў структуры, якая рабіла такія графіці.
— Тлумачыцца ўсё даволі проста. Ёсць правіла: калі кіраўнік не можа належным чынам нешта арганізаваць, ён павінен браць «ногі ў рукі» і выконваць усё сам. Так у той раз і атрымалася. Я банальна да таго часу нічым падобным не займаўся, таму ніякага досведу не меў. За некалькі дзён да акцыі спецыяльна зняў офіс, прынёс туды некалькі скрыняў з фарбамі. Бліжэй да поўначы да мяне туды павінны былі прыйсці людзі, але я вырашыў дзве гадзіны папрацаваць самастойна. Узяў з сабой каля 10 балонаў. У апошнім было ўжо на дне, калі мяне нечакана затрымалі аўтаматчыкі з Дэпартамента аховы. Паклалі на асфальт. Я падумаў пра 15 сутак, бо гэта за апошнія паўгода было ўжо звыклым. Прывезлі ў райаддзел. Потым некалькі сутак вазілі ў ізалятар часовага затрымання і назад. А затым распачалі крымінальную справу. На мой погляд, пры непасрэдным удзеле мэра Мінска Паўлава. Я ўжо быў на Валадарцы, калі пачуў, як менавіта па гэтым факце ён выступае па радыё. Нейкія прозвішчы не называліся, але словы выкарыстоўваліся даволі жорсткія — вырадкі і т.п. Тое ж потым самае казалі маёй маці, якая прыходзіла забіраць мае рэчы (тэлефон і адзенне).
Яна не жыве з маім бацькам з тых часоў, калі мне было 7 гадоў. Як асоба я сфарміраваўся без яго, таму да такога факта стаўлюся даволі спакойна. Ён жыве ў суседнім доме.
На Валадарцы прасядзеў усю выбарчую кампанію. Відавочна, што мяне проста вырашылі такім чынам часова «зачысціць», каб не ўдзельнічаў у агітацыі і не хадзіў на плошчу.
Знаходжанне за кратамі не было нечым экстраардынарным. Паўтаруся, я ўжо ведаў, што гэта такое. Бывала, сядзеў па трыццаць сутак запар. Адбывалася так: калі да сканчэння першых 15 сутак застаецца некалькі гадзін, мяне вязуць у суд іншага раёна і «выпісваюць» яшчэ 15 сутак.
Суд адбыўся 10 мая. Я ведаў пра справу «Партнёрства», чытаў пра тое, што крымінальная справа заведзена і на «Малады фронт», але спадзяваўся на ўмоўнае. Судзілі па трэцяй частцы артыкула 218, што азначае сапсаванне маёмасці ў асабліва буйных памерах і хуліганства.
— «Асабліва буйны памер» гэта колькі?
— Тое, што я напісаў на бетоннай агароджы, ацанілі ў 36 мільёнаў беларускіх рублёў. Не ведаю, чым яны карысталіся, але мне пагражала ад сямі да дванаццаці гадоў пазбаўлення волі. Безумоўна, я не разлічваў на такія тэрміны, але не разлічваў і на тое, што пайду з залы суду на волю. Далі два гады абмежавання волі, якую больш называюць «хіміяй». З чым цалкам не згодны многія юрысты, бо па сутнасці тут ніякага злачынства не было. Факты палітычных графіці я не адмаўляю, але нічога крымінальнага няма.
Часова адпусцілі. Ужо праз два дні я сустракаў свайго сябра Зміцера Дашкевіча, які адбываў чарговыя «суткі» за «Чарнобыльскі шлях». Праз некалькі дзён разам пайшлі на суд над нашым знаёмым выкладчыкам педагагічнага універсітэта, якога звольнілі з працы за падтрымку Мілінкевіча. Не дайшлі да будынка суду метраў трыццаць. Нас забралі. Быццам бы за лаянку. На наступны дзень у тым жа судзе далі па 15 сутак. Выйшлі і падтрымалі галадоўку «Маладога фронту», а праз тры тыдні я ўжо ехаў у Магілёў на «хімію». Ехаў з нейкай радасцю, бо гэта не Крупкі, Беразіно альбо Мар’іна Горка — цывільны абласны горад. 29 чэрвеня 2006 года зразумеў, што памыліўся. Гэта самая рэжымная «хімія» з тых пяцідзесяці трох, якія ёсць у Беларусі. Ва ўсіх сэнсах паказальная ўстанова, дзе самы высокі адсотак тых, хто адтуль ідзе ў калонію за ўхіленне ад адбыцця пакарання і розныя парушэнні.
Літаральна на другі дзень кіраўнікі адміністрацыі сказалі, што я буду хутка сядзець у калоніі. Засмяяўся. На што параілі быць уважлівым, бо ў мяне могуць знайсці наркотыкі. І пасыпаліся розныя парушэнні. Як кажуць, з нічога.
Пасылалі на такую працу, дзе было лепш усё кантраляваць і ў любы момант можна ізаляваць. Той жа Мілінкевіч наведваў мяне некалькі разоў, а паразмаўляць з ім я змог толькі аднойчы. На ганку камендатуры, 15 хвілін, у прысутнасці кіраўніка ўстановы. Апошні, як бывалы цэнзар, прыслухваўся да кожнага майго слова. І то, гэта было ў самым пачатку. У іншых выпадках вывозілі за межы горада ці проста «каталі» на службовай машыне. Працаваў у розных месцах — у дзіцячым садку, на будоўлі, на заводзе, дзе вырабляюць бардзюры. Словам, там, дзе я не мог застацца адзін. Давалі ўпрытык часу на дарогу, каб не было магчымасці куды-небудзь зайсці і купіць прадуктаў, наведаць касцёл або лазню.
— Дык вы каталік?
— Не. Проста ў Магілёве на маім маршруце не было царквы, а часу яе шукаць не давалі, вось і прыходзілася заходзіць у касцёл. Тым больш што там браў шлюб Зянон Пазьняк. Гэта адзін з самых вядомых касцёлаў Беларусі. І самы вялікі. Ды і Бог агульны. На жаль, заходзіць туды даводзілася вельмі рэдка. Толькі тады, калі выпадала нейкім чынам перахітрыць адміністрацыю.
Бывала, не выходзіў з камендатуры месяцамі. Своеасаблівы хатні арышт.
Што тычыцца людзей, якія там адбывалі пакаранне, то яны сядзелі за дробязі: нехта скраў курыцу, нехта пабіўся і г.д. Кантынгент розны. У асноўным з Магілёва і Бабруйска.
Памагаў пісаць розныя скаргі на дзеянні кіраўніцтва, якое парушае правы асуджаных, кепскія бытавыя ўмовы. Напрыклад, часам па тры-чатыры месяцы ў нас не працаваў душ. Адміністрацыя аб гэтым хутка даведвалася, на людзей пачыналі аказваць ціск і тыя адмаўляліся ад сваіх слоў. Звычайна «крайнім» у такіх выпадках аказваўся я.
Прыязджалі прадстаўнікі дыпламатычных місій. Размаўлялі. Зразумела, толькі ў прысутнасці супрацоўнікаў адміністрацыі, прадстаўнікоў упраўлення Дэпартамента выканання пакаранняў па Магілёўскай вобласці і кэдэбэшнай тэлекамеры.
— А ў вас была магчымасць хоць з кім-небудзь пагаварыць без сведак у пагонах?
— Толькі з маці.
Звычайна, калі ёсць такая патрэба, усіх выпускаюць на цэлы дзень. Мяне ж выпусцілі толькі адзін раз і толькі на некалькі гадзін.
Перад дыпламатамі было вельмі сорамна за хамства некаторых службоўцаў. Амбасадараў Вялікабрытаніі і Славаччыны нахабна выпіхнулі з будынка камендатуры. Для нейкага маёра не паказчык тое, што пасля размовы са мной яны паедуць сустракацца з Магілёўскім губернатарам Батурам. Той лічыць сябе больш галоўным і важным, чым прадстаўнікі іншых краін. Падобныя нетактоўныя паводзіны акрамя як хамствам і назваць цяжка.
Пастаянныя здзекі — «рыхтуй куртку з тоўстага вельвету, яна хутка табе спатрэбіцца». Так у калоніях называюць целагрэйку.
Прэсінг адчуваўся амаль усе 24 гадзіны ў суткі. Напрыклад, калі баліць сэрца і ты пасля адбою выйшаў за валідолам да суседзяў, гэта ўжо парушэнне. 3-4 такія парушэнні і — зона.
За час «хіміі» мяне наведала вельмі многа людзей, за што ім шчыры дзякуй. Першым часам гарачую ежу прыносілі ледзь не кожны дзень. Па такіх момантах пачынаеш разумець, што гэта і ёсць беларуская салідарнасць. У Магілёве жыве 400 тысяч, і колькасць дэмакратычна настроенага насельніцтва там даволі высокая. Безумоўна, не кожны можа выходзіць на вулічныя акцыі пратэсту, але ўладу не падтрымліваюць даволі многія.
26 кастрычніка 2007 года мяне перавялі ў чацвёрты магілёўскі следчы ізалятар, што было крыху нечаканым. За «парушэнні» завялі крымінальную справу па артыкуле №415 — ухіленне ад адбыцця пакарання. Іншымі словамі, зрабілі тое, што абяцалі адразу. Да суду прасядзеў там два месяцы, а 20 снежня ён адбыўся.
У мяне быў кепскі стан здароў’я. Па сутнасці, не мог даваць паказанні, але суддзя (для мяне гэта было дзіўным) адмовілася адкладваць разгляд крымінальнай справы, матывуючы гэта тым, што ў яе ўсё размеркавана да канца месяца. Ня гледзячы на ўсё, беларуская Феміда працуе без збояў. Нават хуткую дапамогу выклікалі — моцна павысіўся ціск. Давалі розныя лекі, нават калолі. Потым я паглядзеў чым — дымедрол. І гэта чалавеку, які дае ў судзе паказанні! Напрыканцы ўвогуле ўжо не мог стаяць на нагах. Прысудзілі паўтара года пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.
Шчыра кажучы, я не здзівіўся, бо гэта ў сённяшняй Беларусі проста бессэнсоўна. За кратамі можа апынуцца абсалютна любы. Неўзабаве будуць судзіць толькі за тое, што ты не жыраф.
Ужо ў гэтым годзе 5 лютага ў абласным судзе разгледзелі маю касацыйную скаргу. І нечакана адпусцілі.
АЎТАРСКІ КАМЕНТАРЫЙ
Звычайна ізалююць перш за ўсё тых, каго больш баяцца. Не думаю, што беларуская ўлада баіцца каго-небудзь з моладзі персанальна. Яна апасаецца самой тэндэнцыі, бо добра разумее, што ніхто з БРСМ не пойдзе за яе ідэалы за турэмныя краты.
P.S. Запіс зроблены, калі А. Фінькевіч і Зм. Дашкевіч яшчэ былі сябрамі.
Источник: Объединенная Гражданская Партия
Обсудить новость на Форуме