20:16 17.04.2009 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"
Апазіцыя перадала план дэмакратызацыі ўсім міжнародным арганізацыямА Аляксандр Лукашэнка раздабыў яго сам
Учора ў Вільні адбылася сустрэча прадстаўнікоў беларускіх палітычных і грамадскіх арганізацый з амерыканскімі кангрэсменамі. Падчас сустрэчы апазіцыянеры перадалі свой план дэмакратызацыі Беларусі. Як паведаміў Еўрарадыё Анатоль ЛЯБЕДЗЬКА, Кангрэс ЗША стаў апошняй установай у шэрагу іншых буйных міжнародных структур, куды яны перадалі гэты праект.
Анатоль Лябедзька: “Мы яго перадалі, здаецца, ва ўсе міжнародныя арганізацыі. Апошняя інстытуцыя, дзе яго не было, — гэта Кангрэс ЗША. І ўчора мы гэтую справу зрабілі”.
Паводле слоў палітыка, гэты план сумесна распрацоўвалі прадстаўнікі вядучых палітычных партый і няўрадавых арганізацый краіны. Асноўнымі тэмамі яго з’яўляюцца прапановы па лібералізацыі выбарчага заканадаўства, стварэнне новых мажлівасцяў для дзяржаўнай і недзяржаўнай прэсы, доступ апанентаў улады да дзяржаўных мас-медыя, стварэнне нармальных умоў для дзейнасці палітычных структур і грамадскіх арганізацый і гэтак далей.
Адрозненне прапанаванага дэмакратамі плана ад плана па лібералізацыі беларускіх уладаў ці планаў Еўрасаюза і ЗША ў тым, што толькі іх праграма рэальна існуе на паперы.
Анатоль Лябедзька: “Што датычыць планаў беларускіх уладаў па лібералізацыі ці сённяшняга варыянта дарожнай мапы з Бруселю ці Вашынгтона, то іх ніхто не ведае, бо іх фізічна не існуе ў прыродзе. Ёсць толькі каментары, якія ідуць з вуснаў тых ці іншых палітыкаў еўрапейскіх. Але гэта не ёсць пазіцыя, якая зафіксавана ў афіцыйным дакуменце”.
Калі міжнародным структурам беларускія дэмакраты перадалі свой план афіцыйна, то, кажа Анатоль Лябедзька, кіраўнік нашай дзяржавы займеў яго самастойна.
Анатоль Лябедзька:“Яго вядомае выказванне, што “вось у мяне на стале ляжаць іх прапановы” і “апазіцыя хоча круціць-вярцець Еўрапейскім саюзам — не будзе гэтага”, сведчыць, што ён яго чытаў. Хаця наш план адкрыты, мы яго не хавалі ад улад. Аляксандр Рыгоравіч з ім знаёмы, і яго рэакцыя негатыўная”.
Як стала вядома, прадстаўнікі Беларусі не толькі перадалі кангрэсменам план, але і прапанавалі варыянты механізмаў іх рэалізацыі. Напрыклад, дэмакраты прапануюць стварыць Еўраатлантычную кааліцыю.
Анатоль Лябедзька: “Было б добра, каб у Беларусь прыязджала сумесная дэлегацыя прадстаўнікоў Дзярждэпартамента і Еўрапейскай камісіі, і размаўлялі з беларускім бокам адной мовай, зыходзячы з адной стратэгіі, аднаго плана дзеяння”.
Апроч таго, прапануецца стварыць з дэпутатаў Еўрапарламента і Кангрэсу ЗША спецыяльную групу па Беларусі. А таксама пажадалі, каб Акт “Аб падтрымцы дэмакратыі ў Беларусі”, раней прыняты Дзярждэпартаментам ЗША, працягваў сваё існаванне і надалей.
Источник: Объединенная Гражданская Партия
Обсудить новость на Форуме