13:04 24.01.2012 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"

Андрэй Бандарэнка: У беларускіх зонах людзі ператвараюцца ў жывёл

bondarenko-0803Сітуацыя ў беларускіх месцах пазбаўлення волі пакрыта завесай таямніцы. У адкрытым доступе няма нават афіцыйнай статыстыкі па колькасці сядзельцаў.

Апошнія апублікаваныя Вярхоўным судом дадзеныя датычацца вынікаў 2010 года, калі было асуджана па крымінальных справах больш за 60 тысяч чалавек, з іх кожны чацвёрты асуджаны да пазбаўлення волі. Калі адштурхнуцца ад гэтай лічбы, то - па вельмі грубых падліках - за мінулыя два дзесяцігоддзі на лаве падсудных пабываў ледзь не кожны восьмы грамадзянін Беларусі!

Колькі ж у нас сапраўды зэкаў? На гэты і іншыя пытанні  адказвае Андрэй Бандарэнка - сябра Нацкама АГП і дырэктар інфармацыйна-асветніцкай установы «Платформа», якая ставіць сваёй мэтай абарону правоў асуджаных і падследных. Сам Андрэй не па чутках ведае, што ж на самай справе адбываецца за кратамі, - ён правёў у турме амаль два гады, пакуль суд вышэйшай інстанцыі не прызнаў яго невінаватым.


- Андрэй, ці мае Ваша грамадская арганізацыя дадзенымі аб колькасці пазбаўленых свабоды ў нашай краіне?


- Статыстыка тайная, у нас у краіне ж усё закрыта... Мы спрабавалі даведацца, колькі ў нас народу сядзіць. Выкарыстоўвалі метад ад адваротнага: падлічылі колькасць калоній і следчых ізалятараў, якія разлічаны на рэальную колькасць месцаў, і, улічваючы перанасяленне, выйшлі на лічбу 69,5 тысячы чалавек. Прыкладна столькі людзей і знаходзіцца ў беларускіх калоніях, турмах і СІЗА, прычым без уліку вольнага паселішча.


Даўно не з'яўляецца сакрэтам, што, да прыкладу, у СІЗА на Валадарцы знаходзіцца мінімум у два разы больш чалавек, чым прадугледжана нормамі. Вось мы з вамі гутарым у пакоі плошчай 18 квадратных метраў. У такім памяшканні на Валадарцы можна размясціць 37-40 падследных.


Афіцыйна называлася лічба ў 38 тысяч. Але нават калі лічыць яе праўдзівай, то па колькасці зняволеных на тысячу насельніцтва Беларусь апярэджвае многія краіны свету. Ці ёсць неабходнасць трымаць столькі народу за кратамі? Будучы ў бабруйскай ПК-2, я гутарыў на гэтую тэму з начальнікам калоніі. Ён сказаў, што, будзь яго воля, палову зняволеных ён бы выгнаў на волю.


- Па дадзеных пяцігадовай даўніны, у сусветных рэйтынгах па колькасці зэкаў Беларусь была на 2-4 месцах, сёння - прыкладна на дзесятым. Але справа ў тым, што па гэтаму рэйтынгу адзнака ідзе па 170 краінах. І маленькая па тэрыторыі Беларусь у гэтым спісе выглядае нейкай злачыннай нацыяй... 


- Бацька мне распавядаў, што ў Кіраўскім раёне ў канцы 80-х - пачатку 90-х гадоў колькасць супрацоўнікаў міліцыі, у тым ліку ДАІ і аховы, не перавышала паўсотні супрацоўнікаў. Сёння там служыць некалькі сотняў міліцыянераў. Гэты апарат разрастаўся і, натуральна, павінен апраўдваць сваё існаванне. А якім чынам? Мы супрацоўнічаем з прадстаўнікамі праваахоўных органаў, і яны распавядаюць, што так званая «палачная» сістэма ацэнкі работы міліцыянера працягвае дзейнічаць. Калі, да прыкладу, нарад міліцыі з'яўляецца на дыскатэцы, то абавязкова трэба каго-небудзь затрымаць. За нулявыя паказчыкі могуць пазбавіць прэміі.


У апошні час мусіруецца тэма, што мы плаўна вяртаемся ў 1937 год. Розніца толькі ў тым, што тады знішчалі фізічна, а сёння - маральна. Судовая сістэма, пракуратура, МУС і КДБ ператвараюцца ў карны орган, перад якім дзяржава ставіць абавязковую да выканання задачу. Мабыць, улада такім чынам спрабуе трымаць руку на пульсе ўласнага народу...


- Пенітэнцыярная сістэма, а прасцей кажучы, беларуская зона, была доўгія гады закрытай ад грамадства. Зрэдку скрозь краты прасочвалася інфармацыя. Прарыў здарыўся пасля 19 снежня 2010 года, калі была справакаваная сітуацыя з наступнымі адміністрацыйнымі і крымінальнымі працэсамі. Потым людзей - зусім не мацёрых крымінальнікаў - пачалі адпраўляць у калоніі, і адтуль пайшоў вал вельмі непрыемнай для ўлады інфармацыі. У выніку частка грамадства вымушана была задацца пытаннем: а што там, за кратамі, адбываецца на самай справе?


- Людзі не маўчалі, яны паказалі стан сістэмы знутры. Але тут, як звычайна ў нашым грамадстве, выявілася адарванасць паміж палітычным складнікам і інтарэсамі простага чалавека. Раней беларускім палітыкам было нецікава, што адбываецца на зонах, паколькі для дасягнення сваіх уласных мэтаў яны фармавалі вузкую задачу, якую спрабавалі навязаць насельніцтву. Насельніцтва ж не разумее, чаго ад яго хочуць, і адбываецца разрыў. У нас сёння ніводна палітычная партыя, ніводзін лідар палітычнай структуры не мае якой-небудзь сур'ёзнай вагі сярод насельніцтва. Да снежня 2010-га палітыкі не цікавіліся, што адбываецца ў пенітэнцыярнай сістэме. Ім было напляваць, пакуль некаторыя не апынуліся там самі. Але нават апынуўшыся там, ніхто з іх не хоча прызнаваць, што гэта - бяда ўсёй краіны, усяго грамадства, што простыя людзі, якія знаходзяцца ў месцах пазбаўлення волі, перажываюць ў разы больш, чым палітыкі, якія апынуліся за кратамі.


Калі ўпершыню было заяўлена аб катаваннях у дачыненні да апазіцыйных палітыкаў у СІЗА КДБ, простыя сядзельцы чыталі і смяяліся. На іх думку, гэта не можа быць катаваннем. Так, гэта здзек, знявага. Але катаванні - гэта калі на галаву апранаюць поліэтыленавы пакет, калі падчас папярэдняга следства збіваюць да такой ступені, што па тры-чатыры разы хуткую выклікаюць. Такое адбываецца да таго часу, пакуль чалавек не прызнае сваёй віны.


Так, «дзякуючы» падзеям 19 снежнябеларускае грамадства даведалася сёе-тое з таго, што адбываецца за кратамі. Калі з гэтым сутыкнуліся буйныя палітычныя гульцы, іх сваякі, усё выйшла вонкі і справакавала велізарную дыскусію ў грамадстве. Дзякуючы гэтаму зараз можна прадставіць і рэальную карціну таго, што адбываецца ў беларускіх калоніях і турмах. Тут хачу падкрэсліць, што для нашай арганізацыі абсалютна ўсё роўна, які чалавек там знаходзіцца, яго статус і пасада, для нас важна, што ў пазбаўленага свабоды чалавека маюцца правы, якія не павінны ўшчамляцца, але, на жаль...


- «Платформа» як грамадская арганізацыя з'явілася зусім нядаўна, але вы ўжо паспелі набіць аскому Дэпартаменту выканання пакарання МУС. Ён лічыць «немэтазгодным» пускаць вашых супрацоўнікаў у месцы пазбаўлення волі... Пра што гэта кажа?


- У існуючай сітуацыі адмоўная рэакцыя беларускай пенітэнцыярнай сістэмы сведчыць аб тым, што яна абсалютна не гатовая ні да выпраўлення, паляпшэння, ні нават да пагаршэння становішча. Яна як застыла ў 50-60-х гадах мінулага стагоддзя, так да гэтага часу ў гэтым стане і знаходзіцца.


У расійскіх праваабаронцаў, напрыклад, няма такой праблемы. Яны могуць наведваць СІЗА і калоніі хоць па два разы на тыдні, ім ніхто не замінае мець зносіны са зняволенымі, прымаць іх скаргі і адсочваць рэакцыю па афіцыйных каналах. Расійскай пенітэнцыярнай сістэме няма чаго хаваць, там адкрыта кажуць аб недахопах. І дзякуючы такому ўдзелу і кантролю з боку грамадскіх арганізацый сітуацыя ў расійскіх зонах паступова паляпшаецца. Наша ж сістэма прынцыпова нікога ў свае ўладанні не дапускае. Бо калі туды патрапяць праваабаронцы, міжнародныя назіральнікі або прадстаўнікі Камітэта ААН супраць катаванняў, то паваліцца ўся сістэма, адкрыецца паднаготная таго, што там сапраўды робіцца.


- Дык што ж адбываецца ў беларускай зоне?


- Шмат нараканняў выклікае якасць ежы, якая не адпавядае гэтаму разуменню. Далёкія ад агульнапрынятых не толькі міжнародных, але і ад беларускіх нормаў умовы ўтрымання зняволеных. Пры гэтым адміністрацыям калоній за кошт сваёй закрытасьці дадзены бязмежнымі магчымасцямі ў адносінах да сядзельца. Сістэма так пабудавана, што, ледзь пераступіўшы парог, ты ўжо ніхто, ты недачалавек: цябе могуць збіць, пасадзіць у СІЗА, змяніць рэжым пакарання, пазбавіць пасылак, спатканняў...


Абараніць зэку сябе немагчыма, скаргі пісаць бессэнсоўна. Нядаўна да мяне вакольнымі шляхамі дайшла інфармацыя, што ў ПК-2 людзі, з якімі я меў зносіны, знаходзячыся ў калоніі, былі пазбаўленыя магчымасці патэлефанаваць па тэлефоне. Раней яны маглі тэлефанаваць са мной, распавядаць, скажам так, турэмныя навіны, па якіх мы рабілі запыты або звароты ў пракуратуру. Але на сённяшні дзень гэтыя людзі не могуць нікому патэлефанаваць, нават сваім родным.


Мы ведаем, што там знаходзяцца асуджаныя, якія маюць патрэбу ў аператыўнай медыцынскай дапамозе, але падазраем, што гэтая дапамога не аказваецца, што адміністрацыя любымі шляхамі спрабуе схаваць стан здароўя таго альбо іншага сядзельца, бо для кіраўніцтва зон у гэтым можа быць пагроза іх кар'еры. Таму і магчымыя сітуацыі, калі хворых зняволеных спецыяльна не змяшчаюць у вольныя бальніцы, а для іх гэта раўнасільна смяротнаму пакаранняю


- Але ж у калоніях і паміраюць, і гэтая інфармацыя таксама зачынена ад грамадства...


- Так, паміраюць. Адзін з начальнікаў атрада бабруйскай калоніі ў мінулым годзе быў прызнаны лепшым атраднікам Беларусі. Можна сказаць, «лепшы па прафесіі». Дык вось, у момант майго знаходжання ў гэтай калоніі ў яго ў атрадзе было тры спробы суіцыду, адна з якіх скончылася смерцю асуджанага.


Я бачыў, як дэградуюць людзі, ператвараючыся, па сутнасці, у жывёл. Быў у ВПК-2 асуджаны, які, што называецца, надламаўся і апусціўся да таго, што перастаў сачыць за сабой: не мыўся, харчаваўся чым папала... А начальнік атрада, калі гэты няшчасны яму на вочы трапляўся, заўсёды казаў: «Калі ж ты здохнеш?». Я папярэджваў начальніка, што маўчаць не буду, і пры першай жа магчымасці паведамлю на волю, што з гэтым чалавекам адбываецца. Потым мяне наведалі прадстаўнікі АБСЕ, але гэты чалавек з атрада знік. Высветліць яго далейшы лёс не ўдалося, казалі, што ён памёр. Вось рэальнае стаўленне адміністрацыі калоніі да канкрэтнага чалавека.


Паўтаруся: абараніць сябе зэк не можа. Па законе, пракуратура павінна ажыццяўляць нагляд у месцах пазбаўлення волі. Калі ў калонію прыязджае пракурор і прымае зняволеных па запісе, то ўся размова зводзіцца да звычайнага: «Ты куды лезеш?». Вось і мне казаў пракурор: маўляў, табе сядзець яшчэ шэсць гадоў, а калі я пачну што-небудзь прадпрымаць па тваёй скарзе, то тваё жыццё тут рэзка пагоршыцца ...


- Але ж ён правільна казаў!


- Так, правільна. Ён мне яшчэ адну цікавую думку выказаў: «Зразумей, гэта жыццё!». А мне незразумела, чаму для начальніка атрада, які прыйшоў на працу п'яны і збівае зняволеных, для яго гэта - жыццё, а для мяне - артыкул?


- Вы расказалі, што можа чакаць сярэднестатыстычнага беларуса, апыніся ён у месцах не такіх аддаленых па прысудзе суда. Але ёсць у нас і следчыя ізалятары, дзе знаходзяцца людзі, чыя віна яшчэ не даказаная, а пакаранне яны ўжо нясуць.


- Рэжым утрымання ў СІЗА такі, што нават днём прылегчы нельга. Прылёг - гэта ўжо лічыцца пакараннем, і чалавека могуць адправіць у карцэр, а то і проста збіць. Так, гэта не піянерскі лагер, закрытая ўстанова, і пэўныя ўмовы павінны выконвацца: пад'ём, час на харчаванне, адбой. Увесь астатні час сутак чалавек павінен праводзіць па сваім меркаванні, як любы грамадзянін Рэспублікі Беларусь. Ніхто не мае права пазбавіць яго сну, глядзець тэлевізар або карыстацца халадзільнікам... Памятаю, нам у камеры на ноч адключалі ваду, каб падследныя не ўставалі ўначы. А значыць, вады не папіць, у туалет не схадзіць, што для перапоўненай камеры можа стварыць вядомы дыскамфорт. Пытанне: для чаго гэта робіцца? Нармальнаму чалавеку цяжка зразумець.


Даволі шырока ў следчых ізалятарах распаўсюджаны так званыя "прэс-хаты". Гэта апошняя надзея для следчага, які не можа даказаць віну чалавека. У такіх камерах віна ў прамым сэнсе выбіваецца кулакамі альбо пад пагрозай сэксуальнага гвалту. Адбываецца гэта да тых часоў, пакуль падследны не падпіша прызнальныя паказанні. Тут адбываецца зліццё следства, пракуратуры і судоў. Суды абавязаныя разглядаць пытанні катаванняў і ціску для атрымання інфармацыі незаконным шляхам, але яны гэта ігнаруюць.


- Ігнаруюцца і канкрэтныя факты фальсіфікацый крымінальных справаў. Вы, Андрэй, таму - жывы прыклад. Спачатку вас асудзілі, потым - апраўдалі. Прызнаць вас невінаватым - значыць, прызнаць, што ў дачыненні да вас было здзейснена службовая злачынства. Відавочна, было аператыўнае суправаджэнне вашай крымінальнай справы, якое ажыццяўлялі канкрэтныя аператыўнікі. Следчы, пракурор і суддзі - гэта рэальныя людзі. Хто-небудзь з іх хоць як-небудзь пакараны?


- Ніхто. Я звярнуўся ў Генеральную пракуратур з патрабаваннем узбудзіць крымінальную справу ў дачыненні да суддзі, які асудзіў мяне да сямі гадоў зняволення. Мяне асудзілі як службовую асобу, але я ёй не з'яўляўся.


Суддзя Першамайскага суду Мінску ведаў гэта і разумеў, але ўсё роўна вынес абвінаваўчы прысуд. Адбывалася гэта па такім сцэнары: ён абвясціў перапынак на 15 хвілін, сышоў у дарадчы пакой і выйшаў з ужо гатовым прысудам на больш чым паўсотні старонак.


На суды справядлівыя разлічваць нельга, як і, на жаль, на адвакатаў. Гэта самае сумнае ў нашым грамадстве. Адвакаты, на жаль, вымушаны не выконваць свае абавязкі. Гэта звязана з тым ціскам, якому падвергнуліся абаронцы па справах «19 снежня», якіх пазбавілі ліцэнзій за выкананне сваіх прамых абавязкаў.


У выніку мы маем заангажаваных следчых, пракурора і суддзю, практычна бяспраўнага адваката, які не ў стане што-нешта рабіць, бо можа страціць працу. Фактычна наша дзяржава сканцэнтравала ўсю ўладу ў адным месцы, тут жа і правасуддзе, якім ўлада кіруе, як ёй зручна. Але ўсё гэта можа стаць для Беларусі велізарнай трагедыяй. А маленькія трагедыі з асобна ўзятымі людзьмі адбываюцца штодня.

www.naviny.by

Источник: Объединенная Гражданская Партия

  Обсудить новость на Форуме