13:45 04.01.2012 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"
Анатоль Мяльгуй: Крах «чорных спісаў» непазбежны
Колькі ў СМІ не вялося дыскусій пра такую агідную з’яву, як «чорныя спісы» для айчынных выканаўцаў, сітуацыя пакуль што засталася нязменнай. Быццам ініцыятары забаронаў не ведаюць, што самі спрыяюць росту папулярнасць «чорнаспісных» артыстаў і гуртоў.
Зміцер Вайцюшкевіч, Лявон Вольскі, Аляксандр Кулінковіч — імёны гэтых беларускіх выканаўцаў усё больш асацыяваліся з нацыянальным культурніцкім падполлем. Хоць не так даўно іх канцэрты былі нярэдкімі на нацыянальным тэлебачанні, радыё і ў канцэртных залах, прытым, што выступленні на палітычных акцыях, кшталту «Песні Свабоды», даўно адышлі ў мінулае.
Упартасць чыноўнікаў ад культуры мяжуе з бязглуздзіцай, бо іх дзеянні па паглыбленні «чорных спісаў» нясуць разбурэнне нацыянальнай культурнай прасторы, абядняючы і пазбаўляючы яе частку канкурэнцыі з выканаўцамі нацыянальнага кірунку, а з ёй — і моўнага, меладычнага каларыту.
«Нацыянальная музычная прэмія»
Ну ці не культурны парадокс, што ў незалежнай краіне «Нацыянальная музычная прэмія», якая не так даўно з помпай уручана прадстаўнікам так званага «беларускага шоў-бізнэсу», была заснавана і ў намінацыі «Лучшая песня на белорусском языке»?
А як жа астатнія намінанты на «Нацыянальную музычную прэмію»? Відавочна, спяваць «на белорусском» у прадстаўнікоў дзяржаўнай эстрады застаецца непрэстыжна, бо большасць з іх пазіцыянуюць сябе ў якасці прадстаўнікоў каланіяльнай культуры на тэрыторыі Беларусі. Толькі з дапамогай больш лаяльных аргументаў, маўляў, «у нас двуязычие», «на русском больше понимают».
І калі дазваляецца нешта беларускае, то гэта абавязкова фальклорнае. Вось і ў гэтым годзе «Нацыянальная музычная прэмія» была аддадзена этна-трыа «ТРОІЦА», якое, папраўдзе, даўно трэба было ўшанаваць ганаровым артыстычным званнем ці дзяржаўнай прэміяй больш высокага рангу. Узровень гэтых музыкантаў нельга нават параўноўваць з іншымі «трыумфатарамі» так званай «Нацыянальнай музычнай прэміі», кшталту гуртоў «ТЕО», «Litesound» і іншых.
Халодны душ для прыхільнікаў «Ляпіса Трубяцкога»
Цікава, што цэтлік «забароненага» стаў вельмі жаданым для некаторых артыстаў, якія ўбачылі ў гэтым прывабны маркетынгавы ход: а ці не магчыма чыноўніцкую недальнабачнасць паставіць сабе на карысць і зрабіць яе асновай камерцыйнага поспеху?
Так, гэта магчыма. Напрыклад, у выпадку гурта «Ляпіс Трубяцкой», музыканты якога, седзячы ў Маскве, апошнім часам раздавалі гучныя інтэрв’ю, ладзілі масавыя канцэрты пад лэйблам «забароненых», здымалі палітычна афарбаваныя кліпы. Апошні з іх — на верш Янкі Купалы «Не быць скотам».
Безумоўна, у мастацтве выяўлення сваёй музыкі відэа-сродкамі музыкантам гурта «Ляпіс Трубяцкой» няма роўных на беларускім эстрадным небасхіле. Вобразы беларускіх рабочых, сялян і прадстаўнікоў інтэлігенцыі «нашаніўскага» перыяду на фоне бел-чырвона-белага сцяга са святой Пагоняй, пад жорсткія і гімнападобныя рокавыя рыфы зрабілі твор сенсацыяй гэтага года. А таксама далі многім падставы для таго, каб называць гурт лідарам айчыннай рок-музыкі.
Але іх чакаў халодны душ: падчас выбарчых хваляванняў у Маскве «Ляпіс Трубяцкой» не аднойчы запрашалі выступіць на Балотнай плошчы для прадстаўнікоў расійскай апазіцыі. Але «ляпісы» адмовіліся, спаслаўшыся на тое, што ў гэты час будуць даваць канцэрт у іншым горадзе. Так статус «забароненых змагароў» гурта «Ляпіс Трубяцкой» быў зніжаны да крытычнага ўзроўню.
Хаця на самай справе, у інтарэсах беларускіх слухачоў, каб музыканты гурту «Ляпіс Трубяцкой» вярнуліся ў лона айчыннага рок-руху. Для гэтага патрэбна, каб выканаўцы не проста дэкларавалі сваю пазіцыю ці цытавалі класікаў беларускай паэзіі. Патрэбны беларускамоўны альбом! Толькі ён будзе дастатковым доказам беларускасці музыкантаў. Будзем спадзявацца, што наступны год будзе пераломным у творчасці гурта «Ляпіс Трубяцкой», і тады зможам сказаць, што гурт у поўнай ступені стаў беларускім, і ўсе дыскусіі на гэтую тэму скончацца.
Пераадолець беларускую сціпласць
Праўда, не заўсёды беларускамоўны альбом у творчасці таго ці іншага гурта сведчыць пра нацыянальную пазіцыю выканаўцаў. Напрыклад, гурту «J Морс», відавочна, аднаго альбома «Беларускае золата» было замала, каб напоўніцу асэнсаваць сябе нацыянальнымі артыстамі. Як і ўдзельнікам барысаўскага гурта «Без билета» дзеля гэтага не дастаткова адной песні «Мая краіна Беларусь».
Цяпер гэтыя таленавітыя поп-рок-калектывы выкарыстоўваюцца ў якасці тарана, якім падрываецца стан непадцэнзурнага рок-руху, выстаўлюцца як альтэрнатыва забароненым гуртам і выканаўцам. Добра тое ці дрэнна, няхай вырашыць час. Але сам факт, што згаданыя выканаўцы збіраюць поўныя канцэртныя залы сталіцы, наводзіць на думку, што на беларускай музычнай дзялянцы знойдзецца места ўсім. Важна навучыцца карыстацца шанцам, быць больш смелымі, крэатыўнымі для больш шчыльнага кантакту менавіта з беларускай публікай.
Неаднойчы даводзілася бываць на клубных канцэртах гуртоў «:B:N», «Akute», «IQ48», «Mauzer», «Спрат» і іншых таленавітых беларускіх каманд. Адзначу, што гэтыя выканаўцы ўжо сёння вырастаюць з клубных «штонікаў» і гатовы для штурму вялікіх канцэртных залаў. Справа засталася за больш прадуманай рэкламай, канцэртным сінтэзам цікавай музыкі і яркага рок-шоу, узаемадапамогай беларускіх выканаўцаў.
Да таго ж, нашым выканаўцам не хапае актыўнасці на міжнароднай фестывальнай арэне. Не многія са згаданых гуртоў цяперашнім летам выпраўляліся на фэсты і open-air’ы. Тлумачылі сваю пасіўнасць фінансавым крызісам і адсутнасцю сродкаў для музычных падарожжаў. А ўдзел у аўтарытэтных музычных дзеях з’яўляецца лепшай рэкламай для выканаўцаў. Прыклад таму — сёлетні поспех берасцейскага гурта «Sciana», які стаў лаўрэатам прэстыжнага рок-фестываля ў Польшчы, атрымаў з перамогай салідную грашовую прэмію на запіс новага альбома, а таксама некалькі перспектыўных прапаноў на гастрольныя паездкі па еўрапейскім канцэртным пляцоўкам. Адзначу, што гэта падзея выглядае абсалютна справядлівай. Бо «Sciana» — адзін з лепшых канцэртных калектываў Беларусі, які мае свой непаўторны саунд, валодае ўнікальнай выканаўчай тэхнікай і арыгінальным рэпертуарам.
Новыя праекты — новыя далягляды
Год 2011 стаў вельмі важным для многіх маладых каманд, а таксама для музычных праектаў, якія прэтэндавалі на лідарства на айчыннай рок-сцэне. Свой статус «узыходзячых зорак» маладыя музыканты падмацоўвалі новымі альбомамі. Напрыклад, перспектыўная каманда «Re1ikt» прыцягнула ўвагу крытыкаў сваім дэбютнікам «Рэкі прабілі лёд», які вылучаецца сярод аналагічных рэлізаў стылістычнай навізной музычнай канвы і шчырымі тэкстамі.
Тое ж можна казаць і пра праект «PAWA», якім кіруе вядомы беларускі дудар і майстар, лідар гурта сярэднявечнай музыкі «TESTAMENTUM TERRAE» Юрась Панкевіч. Тут сітуацыя больш складаная: музыканты праекта прапанавалі слухачам электронныя версіі кампазіцый альбому ТТ «Angleza», чым высунулі праект у лідары айчыннай фолк-электронікі. Цяпер слухачы будуць чакаць ад «PAWA» і Юрася Панкевіча новых нефармальных падыходаў да апрацовак беларускага фальклору на аснове электронна-танцавальнага гучання. Галоўнае, каб імкненні да сучасных электронных трэндаў на забівалі душу народных спеваў, а эксперыменты не знішчалі мелодыю і рытміку шматвяковых спеваў беларусаў.
На FM спадзявайся, але і сам не тармазі!
Добра было б для творчасці маладых выканаўцаў і іх рэлізаў, пра якія ішла размова, каб яны часцей гучалі ў беларускім FM-эфіры. Колькі б новых слухачоў улілася ў шэрагі прыхільнікаў айчыннай рок- і электроннай музыкі! Але гэткі цуд пакуль не для пачаткоўцаў, бо нават ветэраны айчыннай сучаснай папулярнай музыкі і іх творы мала цікавяць дыджэяў FM-станцый. Бо ў іх зусім іншыя прыярытэты: у асноўным расійская папса, з дапамогай якой паўсюдна запаўняюцца музычна-эфірныя прагаліны, якія ўтварыліся пад ціскам «чорных спісаў».
Цяпер можна казаць, што нацыянальны FM-эфір зусім знік з закрыццём знакамітага «Аўтарадыё». А вядучыя іншых радыёстанцый не маюць патрэбы звяртаць увагу на нацыянальную музычную культуру, тлумачачы сваю пазіцыю наяўнасцю гэтых сумнавядомых забарон, «чорных спісаў».
Зрэшты, усё залежыць ад асабістых прыхільнасцяў. І ў нашым «безнацыянальным» эфіры можна пачуць класічныя беларускамоўныя рэчы. Так «Радыё-Мінск» мае сантыменты да першых альбомаў гурта «Уліс», а «Радыё Мелодыі Века» часцяком аддае перавагу беларускамоўнаму каверу Юрыя Несцярэнкі і Пятра Ялфімава «Мару ўбачыць гэты дождж» на знакаміты хіт гурта «Creedence Clearwater Revival» «Have You Even Seen The Rain».
Трансляцыі гэтых беларускіх кампазіцый, безумоўна, граюць вялікую ролю ў папулярызацыі таго ці іншага выканаўцы. Але і самі артысты цяпер імкнуцца надаць штуршок цікаўнасці да сваёй творчасці.
Дзеля гэтага яны самі бяруцца распаўсюджваць наклады сваіх дыскаў, а тыя, хто не мае такой магчымасці, давяраецца прыватным распаўсюджвальнікам. Тыя гандлююць музычнай прадукцыяй і таксама папулярызуюць творчасць айчынных зорак: распавядаюць пра стылістычныя асаблівасці кампазіцый, гісторыю ўзнікнення забаронаў і забароненых гуртоў.
А каб падтрымаць цікаўнасць да «жывых» канцэртаў, арганізуюцца «кватэрнікі» і невялікія open-air-фэсты на прыватных тэрыторыях, слухачамі якіх становяцца ўсё больш беларусаў, як гараджан, так і маладых сельскіх жыхароў. А гэта тлусты цвік у труну «чорных спісаў», якія яшчэ практыкуюцца ў нашай краіне. Наступны год, я веру, павінен прынесці айчынным выканаўцам доўгачаканую творчую свабоду, за якую яны ўпарта змагаюцца вось ужо некалькі гадоў.
www.novychas.org
Источник: Объединенная Гражданская Партия
Обсудить новость на Форуме
25 декабря 2024
« | Декабрь 2024 |
Пн | Вт | Ср | Чт | Пт | Сб | Вс |
1 | ||||||
2 | 3 | 4 | 5 | 6 | 7 | 8 |
9 | 10 | 11 | 12 | 13 | 14 | 15 |
16 | 17 | 18 | 19 | 20 | 21 | 22 |
23 | 24 | 25 | 26 | 27 | 28 | 29 |
30 | 31 |