17:30 26.06.2009 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"

Анатоль Лябедзька:Улада робіць стаўку на крэдыты, АДС — на Антыкрызісную платформу

Што ўяўляе сабой Антыкрызісная платформа Аб’яднаных дэмакратычных сілаў (АДС) чытачам "НЧ" тлумачаць ініцыятары яе распрацоўкі і прыняцця — кіраўнік Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька і намеснік старшыні АГП, эканаміст Леў Марголін.

 

— Спадар Лябедзька, як Вы ацэньваеце сітуацыю ў Беларусі ў сувязі з крызісам?

— Праблемы нарастаюць, бы снежны ком. Чым далей ён каціцца, тым ён большы. Улады імкнуцца вырашыць усе праблемы выключна за кошт знешніх запазычанняў. Каб закрыць дзіркі, у гэтым годзе Чырвоны дом збіраецца ўзяць каля 7 мільярдаў долараў крэдытаў. У астатнім без зменаў. На складах сабралася прадукцыі на 7,3 трыльёна беларускіх рублёў, гэта 95% сярэднямесячнай вытворчасці, і канвейер працягвае штампаваць тое, на што няма попыту. Беларускі экспарт за 2009 год скараціўся на 48,6% у параўнанні с аналагічным перыядам мінулага году. Таму ўсялякія заявы пра рост унутранага валавага прадукту з’яўляюцца вуткай, нафаршыраванай хлуснёй і дэзінфармацыяй.

 

— Тады чаму няма сацыяльных пратэстаў?

— Таму што пакуль яшчэ ідзе працэс паглыблення ў праблемы, і ў людзей няма адчування, што дасягнута мяжа цярпення. Змягчае сітуацыю прапагандысцкае пакрывала, якім улада імкнецца накрыць краіну. Нельга недаацэньваць і фактар жорсткай эканамічнай залежнасці пераважнай большасці грамадзян ад улады. Да таго ж для многіх прыярытэтам сталі агароды і лецішчы, на якіх ствараецца дадатковая падушка харчовай бяспекі. Аднак усе гэтыя фактары носяць часовы характар. Ужо сёння людзі рэальна згубілі ў даходах прыкладна 20–25%. Калі гэта тэндэнцыя працягнецца, то сітуацыю не выратуе ні прапагандысцкі шпрыц беларускага тэлебачання, ні назапашаныя саленні і варэнні.

 

— Калі сказаць у некалькіх сказах, у чым сутнасць Антыкрызіснай платформы, якую прапануюць уладзе і насельніцтву дэмакратычныя сілы?

Антыкрізісная платформа — гэта перамены. Не радыкальныя, а прадуманыя і пралічаныя. Гэта шанец. Неабходны грамадскі і грамадзянскі кантроль над уладай. Чыноўнікі павінны рабіць справаздачу за кожны патрачаны рубель. Трэба знізіць цэны да ўзроўню заробкаў і пенсій. Трэба разняволіць прадпрымальнікаў і даць ім свабоду ствараць працоўныя месцы.

 

— Многія людзі баяцца, каб не было горш.

— Платформа — гэта не заклік “разбурыць дашчэнту, а затым…” Гэта адказныя рэформы сістэмы кіравання.

Наш рэцэпт крайне просты. 1) Давярай чалавеку — і пакідай яму 80% заробленага. 2) Дай беларусу зямлю і ўласнасць! 3) Дапамагай малазабяспечаным людзям, а не безадказным юрыдычным асобам. 4) Не кашмар бізнес — захоўвай свабодную канкурэнцыю і гандаль! 5) Кантралюй чыноўніка і палітыка!

 

— Давайце канкрэтызуем: што атрымаюць людзі і краіна, калі антыкрізісная праграма апазіцыі будзе рэалізавана?

Антыкрізісная платформа — гэта новыя магчымасці для чалавека, сям’і, прадпрыемства, фірмы, краіны. Калі яе рэалізаваць у поўным аб’ёме, то краіна атрымае каля ~$15 млрд. дадатковага прыбытку.

Кожная сям’я толькі на прадуктах харчавання штогод будзе эканоміць да ~$ 300. За кошт нізкіх цэнаў і свабоднай канкурэнцыі вытворцаў. На пакупке адзення, абутку, бытавой тэхнікі мы будзем эканоміць яшчэ ~$ 200 штомесяц. Жыллё стане значна больш даступным. ~$ 600 за 1м2 — гэта сярэдняя цана жылля для Мінска. У абласцях і раёнах яна будзе на 30–40% меней.

Прадпрымальнікам і бізнесу будзе лёгка ствараць працоўныя месцы. Ліквідацыя непатрэбнай бюракратыі (да 30%), зніжэнне падаткаў, лібералізацыя вытворчасці і гандлю пакінуць на руках у бізнесу больш $ 5 млрд. У бюджэце будзе больш грошай на выплату пенсій, дапамогі для чарнобыльцаў і заробкаў бюджэтнікаў. Выдаткі на адукацыю і ахову здароўя будуць абароненымі артыкуламі бюджэту. Замест зневажальнай дапамогі па беспрацоўю ў $ 20 сёння, АДС прапаноўваюць павысіць яе, як мінімум, да $ 120 у месяц. Дзяржава таксама абавязваецца фінансаваць переадукацыю звольненых і атрыманне імі іншых спецыяльнасцяў.

Мы прапануем набор мер, якія павінны стымуляваць адыход эканомікі з шэрай зоны на легальнае становішча. Гэта вялізны патэнцыял для напаўнення бюджэту. АДС выступаюць за ўзмацненнне жорсткасці за кантролем па выдаткаванню атрымоўваемых крэдытаў. Кожны чалавек павінен мець магчымасць выйсці на сайт ураду і азнаёміцца з інфармацыяй пра атрыманыя рэсурсы і на што яны патрачаны. Усе да долара. Да рубля. Гэта хоць нейкая страхоўка ад маштабнай карупцыі.

 

— Вы пайшлі на завадскія прахадныя з антыкрызіснымі матэрыяламі апазіцыі. Як Вас сустрэў рабочы клас?

— Цудоўна. На трактарным заводзе нават узнікалі чэргі, з усіх бакоў цягнуліся рукі за “Народнай воляй”, якая апублікавала нашы артыкулы і інтэрв’ю па выхаду з крызісу. Для мяне гэта самая дакладная сацыялогія. Людзі ведаюць, што можа даць улада, і яны хочуць ведаць, што прапануе апазіцыя.

Перспектывы трывожныя. Той жа трактарны завод пераходзіць на чатырохдзённую працоўную нядзелю. На МАЗе ужо прайшлі скарачэнні каля трох тысяч чалавек. Гэта не абяцае людзям нічога добрага. У рэгіёнах сітуацыя яшчэ больш складаная. Напэўна, упершыню за 15 гадоў узнікла сітуацыя, калі попыт на пазітыўную альтэрнатыву, якую прапануе апазіціыя, штодзень узрастае.

 

— Дарэчы, Аб’яднаная грамадзянская партыя прапанавала мінчанам паслугу — дастаўку антыкрізісных матэрыялаў дадому.

— Любы жыхар сталіцы можа патэлеванаваць у офіс АГП па нумары 289-50-09 і назваць адрас, куды іх даставіць. Практычна ў той жа дзень ён знойдзе у сваёй паштовай скрыні выданні з антыкрізіснымі прапановамі дэмакратычных сілаз. Гэтай паслугай ужо скарысталіся мінчане, якія пражываюць на вуліцы Няміга, Захарава, Л. Украінкі, праспекце Пераможцаў.

Источник: Объединенная Гражданская Партия

  Обсудить новость на Форуме