18:32 27.04.2010 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"

Анатоль Лябедзька: АДС павінны выставіць палітычны ультыматум уладзе

27 красавіка ў офісе Аб’яднанай грамадзянскай партыі адбылася прэсавая канферэнцыя па выніках выбарчай кампаніі ў мясцовыя саветы. У ёй узялі ўдзел лідэр Беларускай партыі левых "Справядлівы свет" Сяргей Калякін, старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Анатоль Ляўковіч і старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька.

У сваіх выступах кіраўнікі партый паведамілі пра факты парушэння заканадаўства падчас галасавання і масавыя фальсіфікацыі. Лідэр Беларускай партыі левых "Справядлівы свет" Сяргей Калякін у прыватнасці адзначыў, што “сістэма падліку галасоў па-ранейшаму засталася зачыненай для назіральнікаў ад палітычных партый і аб’яднанняў, а этап фармавання выбарчых камісій прадэманстраваў, што ўлады не маюць намеру ўключаць у іх нават мінімальную колькасць людзей ад апазіцыі”.

“Падчас вылучэння кандыдатаў,  мы сутыкнуліся з беспрэцэдэнтным ціскам на людзей з мэтай прымусіць іх адмовіцца ад удзелу ў выбарах у якасці кандыдатаў, – зазначыў Калякін. – Так ад дэмакратычных арганізацый выказвалі жаданне балатавацца больш як 2,5 тысячы чалавек, і толькі крыху больш за 500 былі зарэгістраваныя. Іншым адмовілі, або прымусілі іх зняцца”.

Калякін упэўнены, што абвешчаная яўка амаль у 80% па рэспубліцы – “гэта зман і спроба замбіравання грамадскай думкі на прадмет таго, што людзі давяраюць уладам і падтрымліваюць іх”.  На яго думку,  па рэспубліцы прагаласавала не больш 50%, а ў буйных гарадах – 30-35%. 

“Мы не лічым, што гэтыя вынікі выбараў з’яўляюцца волевыяўленнем беларускіх грамадзян, – зазначыў Калякін, –  і не лічым, што падчас выбараў быў зроблены нават невялікі крок да большай празрыстасці, большай свабоды і дэмакратычнасці гэтых выбараў”.

На пытанне пра далейшыя дзеі апазіцыі лідэр АГП Анатоль Лябедзька выказаўся наступным чынам:

“Я лічу, што АДС пры падтрымцы ўсіх палітычных суб’ектаў павінны выставіць палітычны ультыматум уладзе. І гэта павінна быць патрабаванне вярнуцца да праекта закона аб унясенні зменаў і дапаўненняў у выбарчы кодэкс, які распрацаваны ўсімі палітычнымі структурамі, і пад якім мы падпісаліся. Нашае патрабаванне – вярнуцца да той часткі выбарчага кодэксу, якая датычыць уключэння апазіцыі ў выбарчыя камісіі і механізму інструментаў кантролю над падлікам галасоў. Калі мы гэтага не будзем дамагацца, то прэзідэнцкая кампанія можа стаць не проста чарговай прафанацыяй, а мець больш цяжкія палітычныя наступствы для самой апазіцыі.
Што да міжнароднай супольнасці, то, я думаю, прыйшоў час адысці ад рознага кшталту пасланняў. Пасланне павінна  быць адно – крэдыты ў абмен на свабодныя выбары”.

Анатоль Лябедзька таксама зазначыў, што мясцовыя выбары паказалі паразу той часткі апазіцыі, якая лічыла, што калі «падласціцца пад гэтую ўладу, то кандыдатаў абавязкова правядуць». Ён падкрэсліў, што настаў час для кансалідацыі апазіцыі.

Источник: Объединенная Гражданская Партия

  Обсудить новость на Форуме