12:30 11.12.2009 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"
Аляксандр Лукашэнка: Саюзная дзяржава — гэта не хімера
На пасяджэнні Вышэйшага дзяржсавета Саюзнай дзяржавы Расіі і Беларусі, якое прайшло 10 снежня ў Маскве, разгледжана 18 пытанняў і прынята Дэкларацыя з нагоды 10-й гадавіны падпісання Дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы.
На прэс-канферэнцыі паводле вынікаў перамоў, якія з улікам сустрэчы прэзідэнтаў у вузкім складзе доўжыліся восем гадзін, Дзмітрый Мядзведзеў заявіў, што Расія "праводзіла і будзе праводзіць палітыку, скіраваную на дапамогу і падтрымку беларускай эканомікі".
Расійскі кіраўнік выказаў надзею, што "рашэнні, якія прымаліся і ў межах Саюзнай дзяржавы, і ў межах працэдур, што мы праводзілі ў двухбаковым парадку, будуць садзейнічаць мінімізацыі наступстваў фінансавага крызісу".
"Гэта быў доўгі, вельмі насычаны дзень, які адлюстроўвае адносіны паміж Расійскай Федэрацыяй і Беларуссю ва ўсёй іх паўнаце, і тыя вялікія перспектывы, якія ёсць, і тыя нявырашаныя праблемы, якімі не пакладаючы рук з Аляксандрам Рыгоравічам займаліся апошнія восем гадзін", — сказаў Мядзведзеў на прэс-канферэнцыі, што транслявалася ў прамым эфіры тэлеканала "Вести".
На думку прэзідэнта Расіі, такія сустрэчы "вельмі карысныя, бо, паслядоўна працуючы, абмяркоўваючы вельмі цяжкія тэмы, выказваючы спрэчныя пазіцыі, выходзячы на кампраміс, мы ў канчатковы выніку садзейнічаем таму, чым мы павінны займацца як прэзідэнты нашых краін — паляпшэнню якасці жыцця нашых грамадзян, грамадзян Саюзнай дзяржавы, жыхароў Расійскай Федэрацыі і Рэспублікі Беларусь".
Як зазначыў Аляксандр Лукашэнка, "калі б не было вопыту саюзнага будаўніцтва, не было б і Мытнага саюза Беларусі, Казахстана і Расіі", а калі б не было Саюзнай дзяржавы, то не было б і ЕўрАзЭС.
"На жаль, многае засталося ў планах, і над гэтым мы павінны працаваць, — заявіў Лукашэнка. — Мы не стварылі адзіную эканамічную прастору, але поўныя рашучасці гэта зрабіць. Ёсць яшчэ ў нашых адносінах прыклады вузкаведамасных, кан’юнктурных падыходаў да саюзнага будаўніцтва. У нас застаецца незадзейнічаным арганізацыйны рэзерв, каб больш узгоднена і эфектыўна супрацьстаяць пагрозам і выклікам новага часу. Яны з’яўляюцца, напэўна, кожны год: то крызіс, то праблемы з экалогіяй і г.д.".
"Людзі ад нас чакаюць, калі мы нарэшце завершым працу па стварэнні роўнадаступнай адзінай інфармацыйнай прасторы. Гэта значыць пытанняў, якія трэба вырашаць, дастаткова", — зазначыў беларускі кіраўнік.
На яго думку, Саюзная дзяржава — "гэта не хімера, а рэальнае і найбольш прасунутае інтэграцыйнае фарміраванне на постсавецкай прасторы, яно зусім не вычарпала сябе, у яго ёсць відавочныя перспектывы".
"Зараз трэба не проста прымаць дакладныя і зразумелыя рашэнні. Мы павінны іх жалезна выконваць, без цяганіны, вузкаведамаснасці, на аснове ўзаемнага даверу, адзінства мэтаў. Беларуска-расійскія адносіны будуць толькі тады паспяхова развівацца, калі гэтыя пэўнасць і абавязковасць набудуць характар аксіёмы ў двухбаковых адносінах на ўсіх узроўнях дзяржаўнага кіравання", — падкрэсліў Лукашэнка.
Ён заклікаў зрабіць усё, каб саюзнае будаўніцтва "ішло больш паспяхова, без замарозак, тармажэнняў, у максімальна поўным аб’ёме выконвалася ўсё тое, што з натхненнем было прынята нашымі народамі 10 гадоў таму".
Паводле слоў Лукашэнкі, на пасяджэнні ВДС разгледжаны праблемы паліўна-энергетычнага комплексу, фінансавыя, пытанні абароннай прасторы, ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва, бяспекі, "комплекс пытанняў знешняй палітыкі". "Мы прынялі адпаведнае рашэнне", — сказаў ён.
"Мы палову часу прысвяцілі пытанням забеспячэння неабходных мер актывізацыі гандлю паміж нашымі дзяржавамі", — зазначыў Лукашэнка. Апрача таго, прыняты бюджэт Саюзнай дзяржавы на 2010 год.
Наступнае пасяджэнне ВДС пройдзе ў ліпені 2010 года ў Мінску, паведаміў беларускі прэзідэнт.
Источник: Объединенная Гражданская Партия
Обсудить новость на Форуме