13:00 19.06.2012 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"
Альфер: Калі апазыцыя ня хоча ў парлямэнт, яна й ня пройдзе
Абвешчаная дата парлямэнцкіх выбараў. Ці будуць яны чымсьці адрозныя ад папярэдніх і ці ўбачым мы гэтым разам новыя падыходы, новыя стратэгіі апазыцыі? На пытаньні «Радыё Свабода», адказаў экспэрт у галіне выбарчага заканадаўства, юрыст, сябра АГП Сяргей Альфер.
— 18 чэрвеня абвешчаная дата парлямэнцкіх выбараў. Як на вашае ўражаньне, ці будуць гэтыя выбары чымсьці адрозныя ад усіх папярэдніх выбараў, якія праходзілі ў Беларусі ў часы Аляксандра Лукашэнкі з пункту гледжаньня альгарытму дзеяньня ўладаў?
— Вядома, гэтыя выбары будуць трошкі адрозьнівацца ад таго, што было раней, хоць бы з пункту гледжаньня зьменаў заканадаўства. Ёсьць пэўныя магчымасьці для кандыдатаў, у першую чаргу па выбарчых фондах кандыдатаў (яны цяпер будуць складаць дастаткова вялікую суму — 1000 базавых велічыняў). А ва ўсім астатнім яны нічым ня будуць адрозьнівацца ад таго, што было падчас апошніх двух выбараў, якія праходзілі паводле гэтага заканадаўства — мясцовых і прэзыдэнцкіх 2010 году.
—Ці бачыце вы новыя падыходы, новыя стратэгіі ў апазыцыі? Байкот, удзел у выбарах, як магчымасьць легальна кантактаваць з людзьмі, далейшае зьняцьце. Усё тое, пра што заяўляюць прадстаўнікі палітычных партый, ужо было раней...
— Я тут ня бачу нічога новага, бо ўсе гэтыя тры стратэгіі дзеяньняў апазыцыі існавалі пачынаючы з 2000 году. У 2000 годзе стартавала кампанія, якая была, мабыць, найбольш моцнай — байкоту выбараў, але тым ня менш у той час дзьве палітычныя сілы — сацыял-дэмакраты Статкевіча і камуністы Калякіна — прымалі паўнавартасны ўдзел у выбарах. Так што і сёньняшняя сытуацыя амаль нічым не адрозьніваецца. Цяпер таксама — партыя Справядлівы Сьвет будзе поўнасьцю ўдзельнічаць у выбарах, абсалютна зразумелая пазыцыя Мікалая Статкевіча, які заявіў, што яго паплечнікі будуць таксама ўдзельнічаць у выбарах — вылучацца і ісьці да канца. Ён ніколі не адмаўляўся ад удзелу ў выбарах і ўсё палітычнае жыцьцё прытрымліваецца адной пазыцыі.
Ну і дзьве палітычныя сілы, якія казалі, што будуць удзельнічаць у выбарах напалову — вылучаць кандыдатаў, якія будуць гаварыць пра недэмакратычнасьць сёньняшняй улады, а пасьля здымуцца перад выбарамі — Беларускі Народны Фронт і Аб’яднаная Грамадзянская Партыя.
Абсалютна ня будзе ўдзельнічаць у выбарах — напэўна таму, што няма каму ўдзельнічаць ад гэтай партыі — КХП БНФ Зянона Пазьняка. На вялікі жаль, з майго пункту гледжаньня, гэтая партыя стала абсалютна маргінальнай, у яе няма сілы, каб у нечым удзельнічаць, таму для іх нармальная сытуацыя абсалютнага няўдзелу ні ў якіх акцыях імпрэзах і т. д.
— Ваш прагноз, ці пройдзе хаця б адзін прадстаўнік апазыцыі ў парлямэнт?
— Пытаньне дастаткова рытарычнае. Калі апазыцыя ня хоча праходзіць у парлямэнт, значыць яна ня пройдзе ў парлямэнт.
Источник: Объединенная Гражданская Партия
Обсудить новость на Форуме