15:30 29.01.2010 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"

Актывіст апазыцыі заплоціць за легкавік КДБ

Яшчэ некалькі дзён назад сябра АГП Мікола Ўласевіч зь вёскі Варняны не прызнаваў сябе вінаватым у гэтым здарэньні. Але ў судзе заявіў, што пагаджаецца выплаціць заяўленую ў пазове суму за шкоду, нанесеную ў выніку дарожна-транспартнага здарэньня аўтамабілю “Ніва”, які належыць упраўленьню КДБ па Астравецкім раёне.

Сваю згоду адразу, без разгляду справы, выплочваць штраф за яе ён патлумачыў нашаму радыё тым, што застаўся ў судзе безь юрыдычнай дапамогі і палічыў беcсэнсоўным удзельнічаць у падобным працэсе.

Мікола Ўласевіч пагадзіўся выплаціць 571 347 рублёў, у тым ліку 314 тысяч — за рамонт аўтамабіля і звыш 250 тысяч — за экспэртызу, прызначаную Беларускім бюро па транспартным страхаваньні.

Да гэтага ён ужо заплаціў 350 тысяч за тое, што ў яго была пратэрмінавана страхоўка грамадзянскай адказнасьці і 175 тысяч — бо ДАІ прызнала яго вінаватым у здарэньні.

Нагадаю: яшчэ 10 дзён таму Мікалай Уласевіч сьцьвярджаў, што ў ДТЗ не вінаваты, бо кіроўца машыны УКДБ па Астравецкім раёне сам парушыў правілы, выехаўшы са стаянкі на процілеглы бок вуліцы, пераехаўшы пры гэтым суцэльную паласу і не прапусьціўшы аўтамабіль Уласевіча, які ехаў па галоўнай дарозе.

Пры разборы сытуацыі з супрацоўнікамі ДАІ Уласевічу, зь яго слоў, таксама не ўдалося дамагчыся справядлівасьці, бо разбор адбываўся, на яго думку, неаб’ектыўна.

Перад судом Мікалай Уласевіч зьвяртаўся да начальніка Ўпраўленьня КДБ па Астравецкім раёне Шнурэя з тым, каб адрамантаваць машыну без пасярэднікаў за свой кошт. У гэтым яму адмовілі, а экспэрт ацаніў рамонт, якога патрабуе аўта, амаль у 600 тысяч рублёў.

Суму пазову Ўласевіч называў надуманай, бо пашкоджаньні аўта, зь яго слоў, нязначныя. Актывіст не выключаў, што ДТЗ магло быць сплянаванае, каб запалохаць яго і паўплываць на ягоную актыўную палітычную пазыцыю.

Нагадаю, што разам зь іншымі актывістамі Мікалай Уласевіч актыўна выступае супраць будаўніцтва ў Астравецкім раёне атамнай станцыі. Ён ня раз публічна заяўляў пра сваю пазыцыю ў незалежных СМІ. У ягонай хаце па прадпісаньні КДБ міліцыя праводзіла ператрус, каб выявіць незарэгістраваныя ўлёткі і абсталяваньне для іх друку.

На мясцовых выбарах Мікалай Уласевіч зьбіраецца выставіць сваю кандыдатуру ў абласны савет.

Источник: Объединенная Гражданская Партия

  Обсудить новость на Форуме