12:46 01.02.2010 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"
Адвакат Лаеўскі: “У справе Бандарэнкі новых абставінаў ня ўзьнікла”
У Першамайскім судзе Менску пачынаецца новы працэс над прадпрымальнікам Андрэем Бандарэнкам. Актывісты АГП, сябрам якой зьяўляецца Бандарэнка, а таксама праваабаронцы лічаць, што прадпрымальніка перасьледуюць з палітычных прычын.
Справу гэтым разам будзе разглядаць судзьдзя Тацяна Равінская. Першы працэс над Андрэем Бандарэнкам летась у кастрычніку вёў Леанід Ярмоленкаў, які прызнаў прадпрымальніка вінаватым у крадзяжы грашовых сродкаў і асудзіў на 7 гадоў зьняволеньня з канфіскацыяй маёмасьці.
Гэты прысуд 15 сьнежня быў адменены Менскім гарадзкім судом, Андрэя Бандарэнку з Бабруйскай калёніі вярнулі ў Менск і зьмясьцілі ў менскі сьледчы ізалятар.
Адвакат Зьміцер Лаеўскі бачыўся з Андрэем Бандарэнкам 29 студзеня. Паводле адваката, падабаронны пачуваецца добра і рыхтуецца да працэсу. Ці зьявіліся ў справе новыя абставіны?
“Тая ж справа, што была, тая ж будзе і разглядацца. Наколькі мне вядома, ніякіх новых абставінаў ня ўзьнікла і не магло ўзьнікнуць. Усе матэрыялы, якія былі пры першым разглядзе, будуць вывучацца і пры новым разглядзе”.
Адвакат Зьміцер Лаеўскі ня ўзяўся прагназаваць вынік працэсу, але сказаў, што па-ранейшаму лічыць свайго падабароннага невінаватым і будзе даказваць гэта ў судзе.
Нагадаем, прадпрымальніка вінавацяць у крадзяжы вялікіх грашовых сродкаў ад фірмы-заказчыка. Бандарэнка сваёй віны не прызнае і тлумачыць перасьлед помстай за тое, што ён удзельнічаў у парлямэнцкіх выбарах і дамагаўся пасьля гэтага пералічэньня галасоў ды пакараньня людзей, вінаватых у махінацыях.
Адным з назіральнікаў за мінулым працэсам над Андрэем Бандарэнкам быў палітык Аляксандар Дабравольскі. Ці спадзяецца спадар Дабравольскі на тое, што новы працэс будзе больш аб’ектыўным?
“Спадзяюся, што, можа, новы разгляд будзе больш разумным, бо той першы быў вельмі бязглузды. Мяркую, судзьдзя і пракурор ня толькі з чалавечага пункту гледжаньня паводзілі сябе неналежна, але і з прафэсійнага — яны дыскрэдытавалі прафэсію. Ляп на ляпе, як кажуць. Зразумела, што гэта ўсё — каб асудзіць Бандарэнку. Але, тым ня менш, ня думаю, што ўсё так проста і цяпер, каб спадзявацца на справядлівы прысуд. Бо матыў у тых, хто арганізаваў перасьлед Бандарэнкі, ня зьнік. Паглядзім. Я ўсё ж спадзяюся, але спадзяваньні мае невялікія, улічваючы веданьне нашай сыстэмы”.
Источник: Объединенная Гражданская Партия
Обсудить новость на Форуме