01:00 10.02.2009 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"
Ад Гародні да Магілёва, ад Еўропы да АмерыкіВіктару Шалкевічу – 50
Сёння 50-гадовы юбілей адзначае знакаміты беларускі бард Віктар Шалкевіч.
Між бардамі, якія спяваюць на беларускай мове, Віктар Шалкевіч ёсць, бадай, па-за канкурэнцыяй (то мо і суб’ектыўнае меркаванне – але ж ніяк не юбілейны камплімент). У яго песнях, залежна ад танальнасці той ці іншай, ёсць і вытанчаная лірыка, і мяккі гумар, і жорсткая саціра. Шалкевіч – майстар стылізацыі (гэта, пэўна, уплыў акторскай прафесіі).
Беларусь ён любіць шчымліва, але без ніякага “кваснога патрыятызму”, сусальнай ідэялізацыі няма наніц (“Добрай раніцы, жлобская нацыя!”)… Зрэшты, лепш паслухаць самім: канцэрт Віктара Шалкевіча адбудзецца 15 лютага а 19-00 у Мінску ў Палацы прафсаюзаў.
Мы шчыра зычым Віктару здароўя, творчых – а найперш увогуле жыццёвых – поспехаў, ды няхай шчасціць ва ўсім-ва ўсім і здзяйсняюцца ўсе мары.
***
«Ёсць такая харошая легенда пра маё нараджэнне — цяжарная мною мама ў той вечар дапамагала бацьку і майму брату будаваць хлеў, секла трэскі», — прыгадвае Віктар Шалкевіч. Увечары прыйшоў час нараджаць, павезлі парадзіху ў мястэчка, але не давезлі — нарадзіўся Віктар на санях. «Гэта быў як знак, што ўсё жыццё правяду ў дарозе», — кажа творца (“Наша ніва”).
Што спраўдзілася і ў гэтую гадавіну: дзень народзінаў Віктар адзначыў у Вільні. А пасля канцэрту ў Мінску Віктар адразу паедзе ў Маскву, дзе 19 лютага будзе весьці прэзэнтацыю нумару расейскага часопіса “Сибирские огни”, прысвечанага сучаснай беларускай літаратуры. Гэты факт сваёй творчай біяграфіі яго самога крыху дзівіць:
“Самае дзіўнае, што там ёсць усё-ткі людзі, каторыя цікавяцца сучаснай беларускай літаратурай і каторыя яе актыўна, так сказаць, прапіхваюць” (радыё “Свабода”).
Канцэрты Віктара Шалкевіча праходзілі ў Расеі, Украіне, Польшчы, Літве, Францыі, Нямеччыне, Чэхіі, Злучаных Штатах Амэрыкі і нават у Дамініканскай Рэспубліцы. Свой поспех за мяжой “бацька смутнага беларускага блюзу”, як яго ахрысьцілі прыхільнікі на радзіме, тлумачыць простымі рэчамі.
“Многія праблемы, пра якія спяваецца ў гэтых песнях, ці многія пытанні, якія ў гэтых песнях падымаюцца, — для ўсіх актуальныя. Калі я французам расказваю, што ёсць такая птушка жаўрук, каторая для мяне зяўляецца сымбалем радзімы, а ня нейкай партыі, ці грамадзкага руху, ці нейкай палітычнай асобы. Гэта проста птушачка, якая, нягледзячы ні на што, што тут адбываецца, прылятае, знаходзіць чорную зямлю, віе сабе гняздо і выводзіць дзетак. І ўсе гэта разумеюць. Няма праблем спэцыфічна беларускіх, мне здаецца, а ёсць праблемы агульначалавечыя, агульнаеўрапейскія”.
— Прызнацца шчыра, апошнім часам аглядаюся на свой узрост. Толькі калі праблем ніякіх няма, можна рабіць выгляд, што табе вечна семнаццаць… У той жа час лічу поўнай лухтой спробы некаторых людзей выглядаць вечна маладымі. Я аддаю перавагу таму, каб старэць разам са сваімі слухачамі і гледачамі. Для мяне яны — самае нармальнае пакаленне. Мне не хочацца падладжвацца пад маладых і надзяваць усялякія парыкі, — сказаў Віктар у інтэрв’ю “Народнай волі”.
Віктар Шалкевіч — аўтар шасці альбомаў: "Правiнцыя", "Смутны беларускi блюз", "Балады i рамансы", "Добрай ранiцы", "За сто крокаў пекла Вострае Брамы", "Гарадзенец прызямлiўся ў Мінску". Лаўрэат беларускіх і міжнародных конкурсаў аўтарскай песні. Віктар скончыў Тэатральна-мастацкі інстытут у Мінску. Працуе ў тэатры лялек у Гародні. “За частыя сустрэчы з дзецьмі і папулярызацыю сярод іх ведаў аб тэатры” быў узнагароджаны міжнародным Ордэнам усмешкі, кавалерамі якога з’яўляюцца Ян Павал II, Астрыд Ліндгрэн, Стывен Спілберг і іншыя.
Сам сабе Шалкевіч зычыць: “Каб я прыйшоў у гармонію адносінаў са ўсім сьветам і людзьмі, каб мой прыродны аптымізм да мяне вярнуўся”. Далучаемся, Віцю!
Источник: Объединенная Гражданская Партия
Обсудить новость на Форуме