08:38 11.05.2010 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"
АБСЭ крытыкуе запалохваньне журналістаў у Беларусі
Прызначаная на зьмену Міклашу Харасьці прадстаўніцай АБСЭ па пытаньнях свабоды СМІ Дуня Міятавіч (Босьнія і Герцагавіна) накіравала адмысловы ліст на імя міністра замежных спраў Беларусі Сяргея Мартынава. У ім Міятавіч выказвае сваю занепакоенасьць у сувязі з запалохваньнем журналістаў у аўтарытарнай Беларусі і падкрэсьлівае, што гэткія захады “нэгатыўна ўплываюць" на і “без таго аслабленую расьсьледную журналістыку ў Беларусі”.
Міятавіч заклікае беларускія ўлады да “дбайнага вывучэньня выпадкаў ціску".
Як адзначаецца ў лісьце прадстаўніцы АБСЭ, за апошні месяц 4 незалежныя беларускія журналісткі – Сьвятлана Калінкіна, Марына Коктыш, Натальля Радзіна і Ірына Халіп – былі дапытаныя прадстаўнікамі службы дзяржаўнай бясьпекі, у іх былі канфіскаваныя кампутары, а таксама адпаведныя дакумэнты і матэрыялы. Журналісткі таксама заявілі, што іх прыватная электронная перапіска была адсканаваная.
Дуня Міятавіч таксама выказвае сваё расчараваньне тым, што апошнія падзаконныя акты па рэалізацыі Ўказу прэзыдэнта Лукашэнкі "Аб мерах па павышэньні эфэктыўнасьці выкарыстаньня нацыянальнага сэгмэнту сеткі інтэрнэт" былі прынятыя без кансультацыяў з грамадзкасьцю.
Міятавіч просіць Менск даслаць ёй тэксты падзаконных актаў. Яна адзначае, што "зь нецярпеньнем чакае гэтых тэкстаў” і “спадзяецца, што рэкамэндацыі (АБСЭ) былі прынятыя да ўвагі”.
Прадстаўніца АБСЭ прапануе арганізаваць круглы стол з удзелам беларускіх урадоўцаў, прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасьці і міжнародных экспэртаў для абмеркаваньня пытаньняў рэалізацыі нядаўна прынятага ў Беларусі закону аб інтэрнэце.
Источник: Объединенная Гражданская Партия
Обсудить новость на Форуме