02:00 12.09.2009 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"
А.Мілінкевіч: «Мне не сорамна» Што перашкаджае – ідэялогія ці боязь?
Нядаўнее інтэрв’ю «Нашай ніве» (http://www.nn.by/index.php?c=ar&i=29357#), якое даў Аляксандр Мілінкевіч, часам утрымлівае даволі цьмяныя фармулёўкі. Але некаторыя асьпекты – можа, па-за жаданьнем інтэрвьюянта – зрабіліся яснымі і празрыстымі.
У прыватнасьці, А.Мілінкевіч выказаў непрыхільнае стаўленьне да «праймэрыз», і заявіў: «Павінна быць утвораная нацыянальная кааліцыя. Патрэбная сіла, якая будзе здольная да барацьбы».
Але ў чым тут супярэчнасьць?
«Нацыянальная кааліцыя»? Дык хто ж супраць! Стварайце якую хочаце кааліцыю з усіх вашых прыхільнікаў – і выходзьце з ёю да людзей!
«Мы павінны даць ясную мадэль рэформаў, якую мы правядзём у выпадку перамогі…» Ізноў жа: хто замінае? Аб’яднаныя дэмакратычные сілы, якімі б адрознымі адно ад аднаго яны ні былі, распрацавалі супольную Антыкрізісную платформу і «Малую Канстытуцыю». Ніякай «яснай мадэлі рэформаў» у руха «За свабоду» няма – прынамсі, пакуль. То распрацоўвайце – і прапануйце яе як альтэрнатыву згаданым напрацоўкам, калі яны вас не задавальняюць. На тых жа папярэдніх выбарах.
«Мяне вось зьдзівіла, што кандыдат ад АДС на праймэрыз павінен адказаць на пытаньне: “Чаму не мусіць быць Лукашэнкі?” Для мяне больш важнае пытаньне: “Чаму мусім быць мы?”», – кажа А.Мілінкевіч. Па вялікім рахунку, канешне, цалкам адзінай пазіцыі тыя сілы, што ўваходзяць у АДС, заняць не могуць па азначэньні: надта яны розныя. Натуральна, можна не пагаджацца з Сяргеем Калякіным і наконт шчыльнай інтэграцыі з Расеяй, і ўвогуле з усім яго камуністычным сьветапоглядам (я сам не пагаджаюся). Аднак пры чым тут удзел ці няўдзел у «праймэрыз»? На папярэдніх выбарах якраз і вызначыцца, чыя пазіцыя бліжэй людзям, хто найбольш пераканаўча яе адстойваў, чыя каманда спрацавала лепей. То бок, тое, што найперш спатрэбіцца адзінаму кандыдату, які сапраўды наважыцца кінуць выклік Лукашэнку.
Праўда, менавіта ў гэтым плане, што да Аляксандра Мілінкевіча, па шчырасьці, маюцца вялікія сумненьні (мякка кажучы).
Шмат што тлумачаць яго словы: «Павінна быць праведзеная кампанія за якую не будзе сорамна, як мне не было сорамна за 2006 год».
Гэта значыць, што пытаньне барацьбы за перамогу, за зьмену ўлады нават не ставіцца, і пра гэта патэнцыйны кандыдат кажа адкрыта. Больш за тое, сама кампанія 2006 года была бляклай, невыразнай, без крэатыўных хадоў, без імпэту. «Дзеля галачкі», а не дзеля выніку.
Надзвычай паказальны момант – Плошча Каліноўскага. На рытарычным, дэкларатыўным узроўні падчас прэзідэнцкай кампаніі сьцьвярджалася, што разьлічваць на сумленныя выбары ніяк не выпадае, што патрэбна «аксамітная рэвалюцыя». Праводзілася папярэдняя інфармацыйная праца. Але калі паўстала сама Плошча – адзіны кандытат апынуўся перад гэтай падзеяй абсалютна непадрыхтаваным (хаця гэта найгалоўнейшае, да чаго трэба было рыхтавацца). Публікаваліся ўспаміны абаронцаў намётавага гарадку, дзе падкрэсьлівалася, што ўсё трымалася на самаарганізацыі (што ж тады рабіў штаб «адзінага»?!); што калі ў кандыдата прасілі дапамогі або запытваліся пра элементарны план дзеяньняў, той разводзіў рукамі: «Што я магу зрабіць?» Ды што казаць – негатоўнасьць каманды Мілінкевіча да кульмінацыйнай падзеі зрабілася агульным месцам, яе не адзначаў толькі лайдак.
Трэба нагадаць і пра рэальнае галасаваньне выбаршчыкаў. А.Мілінкевіч набраў, вядома, не тыя 6%, якія яму высмакталі з пальца – а, паводле сацыялагічных апытаньняў, каля чвэрці. Значна менш за А.Лукашэнку. І гэта што – добры вынік? Паўтарыць які можна і зараз? Хаця, на справе, і паўтарыць не выйдзе, бо шмат людзей падтрымалі Мілінкевіча не як асобу, а менавіта як адзінага кандыдата. Атрымаць жа ж наноў гэткі статус ён зможа толькі праз «праймэрыз».
Аргумант наконт ідэялагічных разыходжаньняў з патэнцыйнымі сапернікамі не вытрымлівае крытыкі і наогул ніяк не цягне на нешта сур’ёзнае. Каб гэтых разыходжаньняў не было – чаго тады супернічаць? Гэта і добра, што яны ёсьць – прэтэндэнты выйдуць да людзей з рознымі праграмамі і прапановамі, і людзям будзе з чаго (і з каго) выбіраць. Давядзеш людзям, што ты найлепшы, добра папрацуе твая каманда – то і выйграеш.
Тым больш, што на папярэдніх выбарах супернічаць – яўна не ад слова «супер». «Супер» будзе, калі пачнецца барацьба з Лукашэнкам і супраць апазіцыйнага кандыдата задзейнічаюць усю дзяржаўную машыну. Хто ж можа разьлічваць на посьпех у гэтай барацьбе, калі баіцца выйсьці на «праймэрыз», дзе ўсе ў роўных умовах? Альбо мэта – зусім не канчатковы посьпех, а нешта іншае? І сорамна гэтаксама не будзе?
Прычына гэтай боязі «праймэрыз» палягае, мяркуецца, зусім не ў ідэялагічнай сферы. А ў тым, што Аляксандр Мілінкевіч – палітык кулуарны, «камерны» (гэта не ад турэмнай камеры, хоць аднойчы Мілінкевічу давялося пабываць і там). Дарэчы, не яго віна, што час патрабуе іншых якасьцяў, чым тыя, якімі ён валодае. Цалкам дапускаю, што ў іншых варунках ягоныя інтэлігентнасьць, адукаванасьць, нясхільнасьць да рэзкіх рухаў, імкненьне да кампрамісу, пэўны канфармізм нават, – маглі б пайсьці ў плюс і прынесьці перавагу, асабліва на беларускай глебе. Але ж ва ўмовах дэмакратыі, а не дыктатуры. Калі ідзе цывілізаваная выбарчая кампанія, калі людзі маюць магчымасьць спакойна ды свабодна азнаёміцца з усімі пазіцыямі, калі на сустрэчу з кожным кандыдатам ідуць, каб яго выслухаць, магчыма, усьміхнуцца адзін аднаму і паціснуць руку – а не як на подзьвіг, бо загадзя невядома, атрымаеш там ад сьпецназаўца ў карак альбо не (як гэта было на сустрэчы А.Мілінкевіча ля Палацу спорта ў 2006-м)… Цяпер жа час патрабуе ад апазіцыйнага кандыдата іншага – яскравасьці, харызматычнасьці, якасьцяў трыбуна, барацьбіта, байца. Тых рысаў, якіх Мілінкевічу бракуе. Менавіта гэта і давядзецца правыявіць пераможцы папярэдніх выбараў – каб пасьля выкарыстаць на выбарах афіцыйных.
Зрэшты, мо я і памыляюся. Мо людзям і за цяперашнім часам даспадобы прыйдзецца якраз тое, чым валодае Мілінкевіч. Але ж «на пальцах» гэтага не высьветліш.
Як бы там ні было, што за дэмакратыяй, што за дыктатурай задача ў палітыкаў тая самая – заваёўваць папулярнасьць у людзей. Метады, як падаецца, мусяць адрозьнівацца – але метады, а не мэта. Хто ведае іншы спосаб гэтага дасягнуць, лепшы за масавую кампанію? Калі нехта ведае, дык чамусьці дужа старанна гэныя веды хавае – прынамсі, ні чытаць, ні чуць такога не даводзілася.
А калі ёсьць боязь высьці да людзей на папярэднія выбары – тым больш не варта выходзіць на асноўныя.
І не трэба рабіць недарэчныя спробы прыхаваць гэтую боязь нейкай «ідэялогіяй».
У Партугаліі, калі «аксамітная рэвалюцыя» скінула дыктатара Салазара, супраць яго аб’ядналіся таксама вельмі розныя палітычныя сілы – і «правыя», і «левыя», у тым ліку камуністы. Адзін з палітычных лідараў сказаў: «Мы спачатку расчысьцім поле – а пасьля будзем гуляць».
Беларускія дэмакратычныя палітыкі, пры ўсіх адрозьненьнях, пагаджаюцца на тым, што павінны быць свабодныя і справядлівыя выбары, свабода мірных вулічных акцыяў, свабода СМІ і г.д. Вось прыклад сумленнай гульні па прыстойных правілах яны перадусім і павінны паказаць на папярэдніх выбарах.
Источник: Объединенная Гражданская Партия
Обсудить новость на Форуме