18:00 05.05.2009 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"
7 мая будзе 10 гадоў, як па дарозе дадому знік былы міністр унутраных спраў генерал Юрый Захаранка
«Лукашэнка збіраўся ісці з Захаранкам да канца...»
У кнізе “Хроніка дзяржаўнай подласці”, дзе сабраны некаторыя дакументы па справе Захаранкі, напісана: “Мяркуецца, што ў нападзе на Юрыя Захаранку прымалі ўдзел каля шасці чалавек. Яны дзейнічалі хутка. Трое чалавек скруцілі Захаранку і запіхалі ў аўтамабіль маркі “Жыгулі”. Пры гэтым многія сведкі адзначаюць, што Захаранка паспеў крыкнуць “Дапамажыце!”. Машына разам з Захаранкам на вялікай хуткасці па пешаходнай сцяжынцы паехала ў бок вуліцы Жукоўскага. Трое чалавек, якія запіхвалі Захаранку ў машыну, накіраваліся ў бок дзіцячага садка...”
У датычнасці да гвалтоўнага знікнення Юрыя Захаранкі падазраюцца вышэйшыя службовыя асобы Беларусі.
Сям’я Юрыя Захаранкі ўжо шмат гадоў жыве ў Нямеччыне.
Крымінальную справу аб знікненні Юрыя Захаранкі цяпер вядзе следчы па важнейшых справах пракуратуры Мінска, малодшы саветнік юстыцыі Юрый Вараўка.
Варта адзначыць, што беларускі суд дагэтуль не прызнаў Юрыя Захаранку памерлым.
ЗВАНОК У ПРАКУРАТУРУ
«Падрабязнасцяў паведаміць не можам...»
Старшы памочнік пракурора Мінска па прававым забеспячэнні, інфармацыі і грамадскіх сувязях Сяргей Балашоў паведаміў “НароднайВолі”, што “следства па справе Захаранкі вядзецца”.
“На жаль, ніякіх падрабязнасцяў паведаміць не можам у інтарэсах следства”, — сказаў Сяргей Васільевіч.
З НАЙНОЎШАЙ ГІСТОРЫІ
Алег ВОЛЧАК: «Лукашэнка збіраўся ісці з Захаранкам да канца...»
— Я не так даўно перагортваў архівы і знайшоў цытаты з выступлення А.Лукашэнкі перад дэпутатамі Вярхоўнага Савета, — распавёў “Народнай Волі” прадстаўнік сям’і Захаранкі праваабаронца Алег Волчак. — Прадстаўляючы Захаранку ў якасці міністра ўнутраных спраў, Аляксандр Рыгоравіч зазначыў: маўляў, з гэтым генералам мы пойдзем да канца. Але вельмі хутка іх шляхі разышліся...
З АРХІВА "НАРОДНАЙ ВОЛІ"
Юрый ЗАХАРАНКА: «Людзей расстрэльваць не буду...»
Міністрам унутраных спраў Юрый Захаранка быў крыху больш за год. Пасля адстаўкі ён не раз адзначаў: “Напэўна, я застаўся адзін з нямногіх, хто гаварыў Лукашэнку праўду ў вочы. Тую праўду, якая біла па самалюбстве прэзідэнта, але я ўсё роўна казаў яе. Калі мы аднойчы размаўлялі з прэзідэнтам, ён сказаў: “Ты павінен выканаць любы мой загад”. Я адказаў: “Аляксандр Рыгоравіч, людзей расстрэльваць не буду. І Канстытуцыю парушаць таксама”. А ён мне ў адказ: “Калі не выканаеш мой загад, на цябе надзенуць кайданкі...” Вось такі стыль кіравання ў кіраўніка дзяржавы. Больш слабыя не вытрымлівалі і ламаліся...”
АФІЦЫЁЗ
Аляксандр ЛУКАШЭНКА: «Калі хто можа дапамагчы следству — я буду толькі вітаць...»
У адным са сваіх нядаўніх інтэрв’ю замежным выданням А.Лукашэнка закрануў тэму гучных знікненняў.
“Паверце, гэта для мяне як для прэзідэнта — пытанне пытанняў, — сказаў ён. - І раскрыць праўду ў гэтым дачыненні я быў бы вельмі зацікаўлены. І калі хто можа ў гэтым дапамагчы следству, я буду толькі вітаць. Але не трэба з гэтага пытання рабіць вялікую палітыку”.
Варта адзначыць, што родныя і блізкія Юрыя Захаранкі кажуць, што ўжо даўно не вераць падобным заявам А.Лукашэнкі.
Пра немагчымасць сапраўднага расследавання справы Захаранкі ў свой час гаварыў і спецдакладчык Парламенцкай асамблеі Савета ЕўропыХрыстас Пургурыдэс.
“Я перакананы, што пакуль Лукашэнка будзе знаходзіцца на чале ўлады ў Беларусі, не можа быць і гаворкі аб правядзенні паўнавартаснага і ўсебаковага расследавання справы Юрыя Захаранкі і астатніх зніклых”, — заявіў ён.
Источник: Объединенная Гражданская Партия
Обсудить новость на Форуме