15:00 19.05.2009 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"
25% бізнэсоўцаў хацелі б эміграваць зь Беларусі
Беларускі інстытут стратэгічных дасьледаваньняў (BISS), зарэгістраваны ў Вільні, правёў аналіз сацыяльных кантрактаў і таго, як пачуваюцца ў сучасных умовах бізнэсоўцы. Паводле вынікаў дасьледаваньняў, 25% беларускіх бізнэсоўцаў хацелі б пакінуць краіну.
Дасьледаваньне праводзілася цягам году. У ім бралі ўдзел адмыслоўцы лябараторыі “Новак”,дасьледчага цэнтруІнстытуту прыватызацыі і мэнэджмэнту, маркетынгавай кампаніі “Indecom”. Кіраўнік аналітычнага цэнтру Мізэса, эканаміст Яраслаў Раманчук выказаў такое меркаваньне:
“Беларускі бізнэс-клімат такі, што тут выжывае толькі альбо цынік, альбо чалавек, які мае “дах” сярод намэнклятуры, альбо той, у якога зрабіў інвэстыцыі – іх нельга выцягнуць хутка альбо безь велізарных стратаў. Таму я не зьдзіўляюся, што такая вялікая колькасьць прадпрымальнікаў хацела б перавесьці свой бізнэс альбо на ўсход, альбо ва Ўкраіну, альбо ў Польшчу”.
Адзін зь лідэраў беларускіх прадпрымальнікаў Аляксандар Макаеў што да прычынаў такіх пэсымістычных настрояў бізнэсоўцаў гаворыць:
“Няма гарантыяў бізнэсоўцам, што заўтра іх бізнэс ня будзе зьнішчаны дзяржавай, прапановамі ўраду, нейкімі штрафнымі брутальнымі дзеяньнямі. Вялікі страх у бізнэсоўцаў прысутнічае. Хаця большасьць зь іх сапраўды любіць сваю краіну... На жаль, ад так званых рэпрэсіяў не застрахаваныя нават тыя прадпрымальнікі, якія працуюць пад “дахам” сёньня. Стаўленьне дзяржавы да сваіх бізнэсоўцаў мы бачым і па “Таёце”, і па Яўгену Шыгалаву...”
Аляксандар Макаеў прывёў такі прыклад: у Менску ў 2007 годзе было зарэгістравана каля 12 тысяч камэрцыйных структур, у дачыненьні 600 былі заведзеныя крымінальныя справы:
“У 2007 годзе толькі ў Менску было заведзена 600 крымінальных справаў. Тут мы не бярэм індывідуальных прадпрымальнікаў, якія гандлююць на рынках. Гэта ўладальнікі фірмаў, нейкіх буйных капіталаў, якія працуюць на нашую эканоміку”.
Таму камэрсанты ня хочуць рызыкаваць і мараць выехаць, перавесьці бізнэс у іншую краіну, дзе ўмовы вядзеньня бізнэсу больш спрыяльныя. На думку эканаміста Яраслава Раманчука, “гэта для нашай краіны вельмі трывожная тэндэнцыя, таму што калі людзі, якія маюць досьвед, веды наконт рынку тавараў, маюць грошы, зьедуць з краіны, то потым набраць такі слой людзей будзе вельмі і вельмі складана. Калі мы страцім мазгі, калі мы страцім прадпрымальніцкі капітал, то мы страцім магчымасьць зь меншымі затратамі правесьці працэс лібэралізацыі і выхаду з крызісу”.
Адзін зь лідэраў прадпрымальніцкага руху Аляксандар Макаеў сьцьвярджае, што ўжо ёсьць нямала прыкладаў, калі беларусы даволі ўдала ўладкоўваюцца і працуюць у суседніх краінах:
“Людзі назапашваюць грошы – вядома, гэта самыя пасьпяховыя, і ўжо падумваюць, як знайсьці “запасны аэрадром” у нейкай іншай краіне. Сярод індывідуальных прадпрымальнікаў зь Берасьця, з Баранавічаў, з Гомельскай вобласьці шмат хто выехаў ва Ўкраіну. Зь Менску некаторыя таксама набываюць кватэры ў Кіеве, Вільні і нават у Варшаве”.
Источник: Объединенная Гражданская Партия
Обсудить новость на Форуме