09:30 17.07.2017 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"
Ірына Вештард: “Ёсць у нас некалькі “альфонсаў”…”
Старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) распавяла “Народнай Волі”, за якія сродкі існуе іх структура, чаму арганізацыю скаланаюць скандалы, і калі яна пакіне сваю пасаду.
Апошнім часам многія апазіцыйныя партыі патрапілі ў складанае фінансавае становішча. Лідар “Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады” Станіслаў Шушкевіч не выключае ліквідацыі БСДГ Мінюстам, матывуючы гэта адсутнасцю сродкаў на аплату партыйных офісаў. Не так даўно ў сталічнай сядзібе Партыі БНФ з-за камунальных запазычанасцяў было адключана святло, і кіраўніцтва партыі часова закрывала офіс. Рух “За свабоду” з-за фінансавых цяжкасцяў не здолеў працягнуць арэнду свайго офіса…
– Ёсць і ў нас праблемы матэрыяльнага кшталту, хаця мы яшчэ не дажыліся да таго, каб наогул закрываць партыю, – кажа Ірына Зянонаўна. – Ды і наогул лічу, што ты павінен разлічваць не толькі на нейкую знешнюю дапамогу, але і самому трэба парупіцца, каб твая арганізацыя жыла лепш.
– За кошт якіх сродкаў існуе ваша партыя?
– За кошт ахвяраванняў нашых прыхільнікаў і членскіх узносаў. Гэта асноўныя крыніцы.
– Апошнім часам у вашай арганізацыі былі даволі рэзанансныя унутрыпартыйныя спрэчкі. Апазіцыя ў партыі працягвае існаваць?
– Я вам так скажу: у нас ёсць 8–9 чалавек, якія баламуцяць ваду. Стварылі нейкі ценявы аргкамітэт, які я называю падпольным, і ён нікуды не знік. Паліваюць брудам партыю. Гэтыя людзі пачалі актыўнічаць, калі яшчэ ішла дыскусія з нагоды супрацоўніцтва з кампаніяй “Гавары праўду!”. І, заўважце, калі ў іншых структурах гэтых баламутаў ужо даўно выставілі б за дзверы, то ў нас яны спакойна існуюць. Хаця некаторых паклёпнікаў хоць зараз можна прыцягваць да адказнасці ў судовым парадку.
– Якія іх патрабаванні? Змена кіраўніцтва?
– Некаторым сябрам, на маю думку, хацелася б добра сябе адчуваць за кошт партыі. Я такіх людзей называю “партыйнымі альфонсамі”, яны сядзяць на чужым карку. А некаторыя імкнуцца, безумоўна, і маё месца заняць. Але яны што думаюць – гэта “салодкая” пасада? Мне так хапіла, што да канца дзён помніць буду. Я прыйшла, калі партыя ляжала мёртвым грузам, і многія не ведалі, што з ёй увогуле рабіць. І чым мацней мы станавіліся на ногі, тым больш з’яўлялася людзей, якія лічылі, што ты ім нешта павінен. Чалавек не здольны “цягнуць” гэтую пасаду, але думае, што ён варты заняць “каралеўскі” партыйны трон. Можна сем разоў казаць, што Ірына Зянонаўна дрэнная, але заўсёды варта найперш паглядзець у люстэрка на сябе.
– А вы не трымаецеся за сваю пасаду?
– Думаеце, я бегла, каб заняць яе? Папрасілі! І нават не адразу пагадзілася. Дарэчы, у наступным годзе адбудзецца з’езд партыі, на якім будзе абраны новы старшыня. Гэта дакладна, бо я ўжо адпрацавала тры тэрміны і па статуце не маю права быць пераабранай.
– Рыхтуеце пераемніка?
– У мяне ёсць кандыдатура, якую б хацела прапанаваць, але імёны называць пакуль не буду.
Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)
Обсудить новость на Форуме