14:00 25.02.2018 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"
Ірына ВЕШТАРД: “Адзін старшыня партыю не выратуе, патрэбна каманда…”
Апошнім часам Беларускую сацыял-дэмакратычную партыю (Грамада) адзін за адным скаланалі гучныя скандалы. То публічна абмяркоўвалі нясціплыя выдаткі на ўнутрыпартыйныя справы і заробкі вярхушкі партыі, то абласныя арганізацыі заяўлялі аб выхадзе з партыі ледзь не поўным складам, то на пасяджэнне ЦК прыносілі плакаты “Банду гэць!”...
Да чарговага партыйнага з’езда засталося літаральна пару тыдняў.
“Народная Воля” распытала старшыню партыі Ірыну Вештард не толькі пра тое, каго яна бачыць сваім пераемнікам.– Ірына Зянонаўна, раскажыце, як рыхтуецеся да з’езда?
– З’езд запланаваны на 11 сакавіка. Паціху рыхтуемся, праводзім абласныя канферэнцыі.
– Можаце назваць прозвішчы тых, хто прэтэндуе на ваша крэсла?
– Паколькі вельмі шмат было такой мышынай валтузні вакол нашай партыі, я нідзе яшчэ не казала пра тое, каго хацела б бачыць на пасадзе старшыні. Хаця працавала з людзьмі і ведаю, у каго лепш атрымліваюцца публічныя выступленні, а каму лепш з дакументамі працаваць. Сёння магу смела сказаць, што найбольш актыўнымі маімі памочнікамі былі Ігар Барысаў, Аляксей Сігаеў, Анатоль Сідарэвіч, Мечыслаў Грыб. Пры гэтым яны ніколі не чакалі нейкіх дывідэндаў.Некаторыя думаюць, што пасада старшыні партыі – мёд! А на маю думку, яна шалёна складаная. У нас шэсць зарэгістраваных абласных структур, у кожнай ёсць офіс, які трэба ўтрымліваць. У сённяшніх умовах гэта вельмі няпроста.На 4 сакавіка запланавана пасяджэнне ЦК. Звычайна ў нас менавіта ЦК вылучае кандыдатуры на пасады старшыні партыі і намеснікаў.Зразумела, што пра мяне размова не ідзе – я балатавацца не буду.
– Дык вы пратрымаліся не адзін тэрмін…
– І, між іншым, я адзіная, каго на гэтай пасадзе не з’елі. Бо мае папярэднікі не здолелі доўга ўтрымацца… Былі нейкія групоўкі, падводныя камяні... Ну а каго абяруць наступным старшынёй – з’езд пакажа.
– Памятаю, аднойчы на нейкім пасяджэнні сябры вашай партыі не змаглі дамовіцца, дык у якасці аргумента камусьці нават крэсла на галаву апусцілі. Як думаеце, з’езд пройдзе без боек?
– Спадзяюся, абяром старшыню мірна.
– Усё ж існуе меркаванне, што новым старшынёй БСДП можа стаць адзін з вашых былых намеснікаў Ігар Барысаў...
– Я станоўча стаўлюся да гэтага хлопца, але раней часу ўсё роўна не хачу агучваць ніякіх імёнаў. І мяне, і Барысава, і Сігаева не раз спрабавалі паліваць брудам. Дый я ніколі не кажу “Гоп!”, пакуль не пераскочу. Першыя абмеркаванні кандыдатур адбудуцца на пасяджэнні ЦК. Але ў любым выпадку адзін старшыня партыю не выратуе, патрэбна каманда!
– Пасля сыходу з пасады чым плануеце заняцца?
– Калі з’езд падтрымае тых людзей, якіх я хацела б бачыць у кіраўніцтве партыі, то я хацела б застацца ў камандзе. Магчыма, на пасадзе аднаго з намеснікаў новага кіраўніка партыі. Ну а як будзе – пабачым.
– У мінулым годзе быў гучны фінансавы скандал, калі ў інтэрнэт трапілі лічбы, звязаныя з фінансаваннем БСДП. Цікава, вы на з’ездзе будзеце рабіць нейкую фінансавую справаздачу? Напрыклад, калі абіралі новае кіраўніцтва Партыі БНФ, Янукевіч і Кастусёў шчыра прызналіся: на балансе – нуль, грошай зусім няма.
– Мы свае фінансавыя пытанні на з’ездах не абмяркоўваем. Ёсць кола людзей, якія ведаюць усе падрабязнасці.
– А калі шараговыя сябры партыі пацікавяцца лічбамі?
– Рахунак партыйны заўсёды адкрыты, няхай прыходзяць, усё пакажу. Але публічна пра гэта гаварыць не буду.
– Былі чуткі, быццам бы вы за партыйныя грошы ці то кватэру, ці то машыну набылі...
– Я ў сваіх руках грошай не трымаю, за фінансы ў партыі адказваюць іншыя людзі. У гэтым сэнсе ў нас усё празрыста. Былі гады, калі матэрыяльнае становішча партыі было вельмі складаным, ледзь канцы з канцамі зводзілі, былі вялікія даўгі, якія мне пакінула мінулае кіраўніцтва. Выжываць было цяжка. І, паверце мне, сёння ў незалежных палітычных партый такое фінансаванне, што ні пра якія кватэры ці машыны і гаворкі быць не можа!
– Заробак у вас як у старшыні партыі вялікі?
– А я без заробку працую. У мяне пенсія ёсць. Дый не веру, што ў Беларусі ёсць старшыні партый, якія маюць добрыя заробкі на сваіх пасадах.
– Людзі сёння не вельмі ахвотна ў партыі ідуць, а з БСДП апошнім часам яшчэ і масава сыходзілі. Неабходная для існавання партыі 1000 сябраў у БСДП пасля гэтага засталася?
– Было шмат гучных заяў пра сыходы, а насамрэч сышло не больш за дзясятак чалавек. Наша партыя – гэта жывыя людзі.
– Цікава, былога старшыню партыі Аляксандра Казуліна запросіце на з’езд?
– Ён не сябра нашай партыі, сышоў даўно і па сваёй ініцыятыве. Асабістага запрашэння яму рабіць не буду.
– Спытала, бо менавіта Казуліна некаторыя сябры БСДП прасілі зрабіць партыйны аўдыт, а яшчэ вам прапаноўвалі напярэдадні з’езда правесці праймерыз...
– Яшчэ раз кажу: Казулін не мае дачынення да партыі. Вынікі праймерыз з’езд можа прыняць да ведама, а можа і не прыняць, бо гэта не ўстаўная форма дзейнасці. Ну і для праймерыз таксама павінны быць адпаведныя ўмовы, перш за ўсё – добразычлівасць і ветлівасць. А праводзіць нейкія апытанні дзеля таго, каб некага паліць брудам... Ну навошта? У такіх умовах ад праймерыз больш шкоды, чым карысці.
– Вы папракалі некаторых сябраў партыі, што яны працуюць не на БСДП, а на кампанію “Гавары праўду!”. Але ж і вы таксама на яе працавалі...
– Так, працавала. Толькі тады кіраўнікі ў гэтай кампаніі былі іншыя, і былі іншыя маральныя каштоўнасці. Кампанія пад кіраўніцтвам Уладзіміра Някляева імкнулася наладзіць адзінства апазіцыі, а цяпер у “Гавары праўду!” іншыя арыенціры...
– Кіраўнік Брэсцкай абласной арганізацыі БСДП Ігар Маслоўскі лічыць, што было б мэтазгодна аб’явіць адкрыты конкурс на пасаду старшыні. На ягоную думку, партыі сёння патрэбны класны топ-менеджар. Як вы ставіцеся да такой ідэі?
– У мяне гэтая ідэя натхнення не выклікае. Я ў партыі з першага дня, з заснавання. І бачыла розных старшынь. У тым ліку і тых, каго ў свой час лічылі крутымі топ-менеджарамі. Але, калі партыя ім стала не патрэбная, яны проста сышлі з партыі і пакінулі нас, прабачце, з голай дупай.Трэба, каб старшыня партыі ўмеў не толькі ўпэўнена насіць свой партфель і выконваць прадстаўнічыя функцыі. Яшчэ неабходна шмат чарнавой працы рабіць, пра фінансавую падтрымку клапаціцца. Сёння не той час, калі прадпрымальнікі ці забяспечаныя людзі гатовы ўкладаць свае сродкі ў партыйную дзейнасць.
Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)
Обсудить новость на Форуме