09:45 30.09.2021 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"

Ірына Кашталян, даследчык гісторыі сталінскіх рэпрэсій: «Спадзяюся, што з часам у Беларусі будзе адчынены паўнавартасны музей гісторыі савецкіх рэпрэсій»

Навуковы інтарэс Ірыны Кашталян – гісторыя сталінскіх рэпрэсій. Яна аўтар кнігі «Рэпрэсіўныя фактары ўнутранай палітыкі СССР і штодзённае жыццё беларускага грамадства (1944–1953)», суаўтар кнігі «Месцы памяці ахвяр камунізму ў Беларусі», якая была выдадзена ў Германіі ў 2010 годзе. У 2006-м яе дысертацыя па тэме «Штодзённае жыццё беларускага грамадства (1944–1953)» па ідэалагічных прычынах не была зацверджана Вышэйшай атэстацыйнай камісіяй Рэспублікі Беларусь.

У інтэрв’ю «Народнай Волі» Ірына Кашталян выказала сваё меркаванне наконт увекавечвання памяці ахвяр сталінскіх рэпрэсій і цяперашняга становішча ў Беларусі.

– Ірына, якія мемарыялы ў памяць ахвяр сталінскага тэрору наогул ёсць у Беларусі?

– Па зразумелых прычынах узвядзенне помнікаў ахвярам палітычных рэпрэсій у Беларусі пачалося толькі пасля 1991 года. Амаль усе яны з’явіліся дзякуючы народным намаганням, неабыякавым людзям, у каго хтосьці з родных быў забіты ці пацярпеў ад рэпрэсій. Яскравы прыклад – Курапаты.

Курапаты сталі знакавым мемарыялам, публічнай прасторай у памяці пра сталінскія рэпрэсіі

На маю думку, кожнае месца, дзе людзей масава забівалі ці катавалі ў савецкі час, павінна мець свой помнік ці нейкую асаблівую форму мемарыялізацыі. Так як траўма ад савецкіх рэпрэсій адна з ключавых у грамадскай свядомасці, то патрэбны дзяржаўны ўзровень адказнасці за камемарацыю (захаванне ў грамадскай свядомасці) пры ўмове, што гэта будзе адбывацца пры незалежнай, крытычнай ацэнцы як з боку спецыялістаў у галіне гістарычнай навукі, так і адпаведных юрыдычных інстытуцый, бо дасюль злачынствы не былі належным чынам разгледжаны, а вінаватыя не прайшлі трыбунал. А гэта важна для прымірэння грамадства, каб было дасягнута пэўнае адчуванне справядлівасці, якое немагчыма, пакуль не асуджаны тыя, хто ўжываў неправамерны гвалт супраць сваіх грамадзян.

Дзякуючы Ігару Кузняцову і іншым навукоўцам вядомы як мінімум 53 месцы, дзе ў сталінскія часы забівалі людзей, у Мінску – 12. Не ўсюды стаяць помнікі, і гэта таксама пытанне для будучыні… Важныя і іншыя формы мемарыялізацыі. Гэта і прадстаўленне тэмы ў адпаведных яе значнасці памерах у музеях, падручніках па гісторыі. Прычым для разумення маштабаў трагедыі трэба, каб спецыяльныя архівы нарэшце былі адкрыты і не толькі прамыя сваякі ахвяр атрымалі доступ да масіву інфармацыі пра сталінскі перыяд.

Афіцыйнае забыццё і закрытасць доступу да архіўных крыніц інфармацыі прыводзіць да таго, што нават тыя, хто цікавіцца гісторыяй савецкіх рэпрэсій, у асноўным ведаюць толькі пра Курапаты, і ім цяжка здабыць больш матэрыялаў, бо сведкі ўжо адышлі, а тэматычныя кнігі былі выдадзены маленькімі накладамі і апошнім часам амаль не з’яўляецца новых публікацый, амаль не пішуцца навуковыя працы ў першую чаргу тымі, хто знаходзіцца ў Беларусі. Недахоп даследаванняў спараджае міфалагізацыю і замоўчванне сумных гістарычных падзей нядобрасумленнымі палітычнымі дзеячамі. Ёсць пагроза паступовага сцірання гэтага пласта памяці ў наступных пакаленняў, пры тым што траўма непрапрацавана і будзе ўсё адно адгукацца ў падсвядомых страхах людзей, у абмежавальных іх паводзінах.

Захаванне памяці пра трагедыі ХХ стагоддзя з улікам лакальных асаблівасцяў – гэта павага да ахвяр і будаванне мастоў паміж пакаленнямі. Пакуль большасць форм «народныя» – крыжы, памятныя шыльды, хаця робяцца спробы стварыць і нешта больш сучаснае ў віртуальных формах, у тым ліку музей рэпрэсій.

Пры дэмакратычным падыходзе да тэмы ў грамадства павінны быць знойдзены абагульняючыя шырокараспаўсюджаныя камемаратыўныя практыкі. Каб маглі суіснаваць афіцыйныя і народныя знакі памяці, каб апошнія не знаходзіліся пад пагрозай зносу. Каб нарэшце быў вызначаны асноўны дзень у календары, калі па Беларусі будуць адбывацца акцыі памяці, напрыклад, у так званую «Ноч расстраляных паэтаў» – з 29 на 30 кастрычніка. І каб быў прызнаны агульны помнік, ля якога збяруцца неабыякавыя прадстаўнікі розных слаёў грамадства, у тым ліку і афіцыйнага боку.

Курапаты сталі знакавым мемарыялам, публічнай прасторай у памяці пра сталінскія рэпрэсіі. Гэта месца дасюль падвяргаецца выпрабаванням, вакол яго няма згоды. У 1989 годзе там быў пастаўлены камень з надпісам, што дзяржава ўсталюе помнік на гэтым месцы. Больш за 25 гадоў грамадства чакала, што афіцыйныя структуры прыйдуць, звернуць увагу на важную тэму. Аднак устаноўка помніка без асаблівага абмеркавання стала хутчэй прыкладам таго, як улады паспрабавалі перахапіць павестку і кантраляваць месца, з тым каб не столькі знізіць градус канфлікту, колькі схаваць гэта месца ад выпадковых вачэй. Ці будзе прыняты з часам цяперашні помнік усімі коламі грамадства – гэта пытанне. Магчыма, калі цяперашняя сітуацыя крызісу будзе пераадолена і наступіць этап прымірэння.

– Чаму сённяшнія ўлады баяцца нават помнік паставіць ці зрабіць музей?

– Памяць мае шэраг узроўняў. Манументальны – адзін з самых жывых і функцыянальных. Бо помнік уключаны ў прастору, ён нешта гаворыць людзям, таму яго роля вельмі важная: прыцягнуць увагу, выклікаць пытанні. Іх не будзе, калі помнік будзе адсутнічаць, калі на масавых магілах паўстануць дамы і ў іх будуць жыць людзі.

Ёсць праблема з аднабокім стаўленнем да савецкага часу, ухілам у ідэалізацыю гэтага перыяду гісторыі, што выяўляецца і ў тых сувязях з перыядам, на якіх падтрымліваюць сённяшнюю ідэалогію, у спецыфічнай каштоўнаснай сістэме, якую спрабуюць прывіць моладзі. Таму для афіцыйнага боку прасцей маўчаць на тэму рэпрэсій ды ствараць аўру забароненасці. Але нават калі пазбягаць нейкіх тэм, гэта не значыць, што маладое пакаленне не задасць крытычных пытанняў.

Яшчэ важны момант для нас: не было афіцыйнага працэсу пакаяння за злачынствы камунізму. Хаця непасрэдныя ахвяры палітычных рэпрэсій адышлі ў лепшы свет, але за час з выкрыцця культу асобы Сталіна са здабыццём Беларуссю незалежнасці не былі хаця б сімвалічна пакараны тыя, хто выконваў злачынныя загады. У грамадстве захоўваецца адчуванне, што за злачынствы можа быць беспакаранасць, а гэта разбуральны эфект для прававой дзяржавы, ён мае негатыўны ўплыў на адчуванне людзьмі пазітыўнай будучыні. У інтарэсах дзяржавы павінна быць забеспячэнне роўнага дзеяння законаў для ўсіх. І законы не павінны парушаць асноўныя правы чалавека, а наадварот – мусяць абараняць іх. Таму прыцягненне да адказнасці можа і павінна пасмяротна быць для тых, хто ў сталінскі перыяд аддаваў і выконваў ганебныя загады супраць сваіх грамадзян.

Грамадства і дзяржава павінны заахвочваць, каб у гісторыі не было забароненых тэм з-за іх нязручнасці, інакш як выхаваць грамадзяніна, які здольны крытычна думаць, параўноўваць факты, ацаніць наступствы дзеянняў гістарычных дзеячаў і пабудуе лепшую будучыню, дзе падобнае парушэнне правоў іншых, ранейшыя злачынствы не паўторацца?

– Ці былі ў вашай сям’і ахвяры сталінскіх рэпрэсій?

– У маёй сям’і цэлы комплекс гісторый, звязаных з савецкімі рэпрэсіямі. Адна з іх тычыцца савецка-польскай вайны. Некаторыя мае сваякі былі забіты бальшавікамі, прычым яны былі рознага ўзросту, іх папросту пасеклі ў хаце… А мой прадзед у 1933 годзе быў рэпрэсаваны як польскі шпіён толькі за тое, што дапамагаў ксяндзу у касцёле Святога Роха ў Мінску. Ён атрымаў тры гады, і больш яго сям’я не ўбачыла. У яго засталася жонка з дзевяццю дзецьмі, а дом канфіскавалі. Рэабілітацыя прыйшла значна пазней і была хутчэй фармальнай…

Таксама пацярпеў старэйшы брат другога дзеда: у 1938 годзе яго асудзілі як контррэвалюцыянера за тое, што не хацеў аддаваць сваю зямлю калгасу, і расстралялі.

Мая бабуля да апошніх гадоў жыцця вельмі не хацела аб гэтым расказваць, але мы з усімі сваякамі збіралі па частках інфармацыю ў межах сямейнай гісторыі.

– Мы ўвесь час кажам «сталінскія» рэпрэсіі, а ці былі «хрушчоўскія», «брэжнеўскія», «андропаўскія»?

– Былі, канешне. Менавіта сталінскія запомніліся як самыя масавыя, брутальныя, яны былі асуджаны публічна на ХХ партыйным з’ездзе. Але пагроза рэпрэсій, хаця ў іншым памеры, існавала на працягу ўсяго савецкага часу. Зразумела, што пасля Сталіна Крымінальны кодэкс змяняўся, ГУЛАГ згарнулі. Пры гэтым мы павінны разумець, што рэпрэсіі – гэта не толькі асуджэнне, прымусовае змяшчэнне ў псіхіятрычную лякарню на лячэнне, але і пазбаўленне права на прафесію, адукацыю, перашкоды ў стварэнні сям’і, псіхалагічны прэсінг і г.д. Усё гэта негатыўна ўплывала на жыццё чалавека і яго блізкіх, аднімаючы здароўе і асабістыя перспектвы.

Згадваецца як прыклад рэпрэсій хрушчоўскага часу – пераслед двух пляменнікаў Якуба Коласа ў 1957 годзе за тое, што яны зрабілі ўлёткі з вершам у абарону беларускай мовы і павесілі іх на дрэвы ў парку імя Горкага ў Мінску і ля Медыцынскага інстытута. Ім далі 10 і 7 гадоў пазбаўлення волі адпаведна за так званую антысавецкую агітацыю і прапаганду. Пасля скарацілі тэрмін на 4 гады. У выніку адзін з іх застаўся інвалідам і не змог абараніць дысертацыю па беларускай літаратуры, якую рыхтаваў да зняволення, усё жыццё прапрацаваў бібліятэкарам, а другі ў хуткім часе пасля вяртання са зняволення ў Мардоўскай АССР памёр.

– Як палітычныя рэпрэсіі паўплывалі на беларускі народ?

– Я не псіхолаг, каб прааналізаваць гэта, мне самой цікава было б паслухаць спецыялістаў на гэты конт. На мой погляд, падзеі, якія адбываюцца ў нас са жніўня мінулага года, адлюстроўваюць і моцны ўплыў траўмаў гістарычнага мінулага ў грамадстве. Вельмі хочацца спадзявацца, што, нягледзячы на тое, што мы зараз не ведаем пэўна, якой будзе блізкая будучыня, але ўсё ж мы не застанёмся надоўга ў часах, калі трэба аглядвацца на наступствы сказанага, выказвання ўласнага меркавання.

Спадзяюся, што ўжо хутка мы прыйдзем да працэсу рэальнай дэкамунізацыі ў краіне, і гэта наступіць па запыце з двух бакоў – і ад ўлад, і ад простых людзей. Было б добра, калі б гэта праявілася як мінімум у адмове ад назваў вуліц і помнікаў, якія маюць імёны тых, кто спрыяў палітычным рэпрэсіям супраць беларускага народа. Спадзяюся, што з часам у Беларусі будзе адчынены паўнавартасны музей гісторыі савецкіх рэпрэсій, куды будуць рэгулярна вадзіць школьнікаў, каб тыя ведалі сваю сапраўдную гісторыю.

Ці будзе ўсталяваны помнік ахвярам сталінскіх рэпрэсій і ці зробіць гэта Міністэрства культуры? Гэтыя пытанні я адрасую цяперашняму міністру культуры Анатолю Маркевічу.

Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)

  Обсудить новость на Форуме