10:15 22.01.2013 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"
перастала біцца сэрца Міхася Чарняўскага
Прэзідыум Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамады) з глыбокім смуткам паведамляе, што 20 студзеня 2013 года на 75-м годзе жыцця перастала біцца сэрца ветэрана партыі, выдатнага беларускага археолага і гісторыка, сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў і грамадскага аб’яднання “Ветэраны Адраджэння”, кандыдата гістарычных навук, дацэнта Беларускага дзяржаўнага універсітэта Міхася Чарняўскага.
Сябры БСДП нізка схіляюць галовы перад памяццю Міхася Міхайлавіча – ініцыятара адражэння беларускай сацыял-дэмакратыі, патрыёта Бацькаўшчыны, чалавека высокіх маральных якасцяў, які да канца захоўваў вернасць ідэалу незалежнай дэмакратычнай сацыяльнай прававой Беларускай дзяржавы, зрабіў дастойны ўклад у развіццё нацыянальнай культуры і навукі.
У сувязі з цяжкою стратай Прэзідыум Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамады) выказвае шчырае спачуванне родным Міхася Міхайлавіча – яго жонцы, дзецям і ўнукам, усім яго сябрам і таварышам, усім, хто ведаў, любіў і паважаў яго, цаніў яго працу.
Суцяшэннем усім нам можа быць толькі ўсведамленне таго, што імя Міхася Міхайлавіча Чарняўскага назаўсёды ўпісана ў гісторыю беларускай сацыял-дэмакратыі, беларускай нацыянальнай культуры і гістарычнай навукі.
Ірына Вештард, Мечаслаў Грыб, Ігар Барысаў, Валянціна Болбат, Андрэй Казановіч, Ганна Канюс, Ігар Маслоўскі, Аляксей Сігаеў, Анатоль Сідарэвіч, Аляксандра-Вольга Тыгрыцкая, Валеры Фралоў, Алег Шабетнік, Анатоль Юрэвіч
* * *
Мінская гарадская арганізацыя Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамады) панесла цяжкую страту. Пасля цяжкай і працяглай хваробы 20 студзеня 2013 года на 75-м годзе жыцця памёр ветэран партыі, першы старшыня Мінскай гарадской партыйнай арганізацыі Міхась Міхайлавіч Чарняўскі.
Нас пакінуў верны таварыш і сябар, які вышэй за ўсё ставіў інтарэсы Беларусі, беларускай нацыянальнай культуры, чалавек, які з маладых гадоў марыў пра незалежную і дэмакратычную Беларускую дзяржаву, які першы выказаў думку аб неабходнасці адраджэння беларускай сацыял-дэмакратыі.
Мінскі гарадскі камітэт БСДП выказвае глыбокае спачуванне родным і блізкім Міхася Міхайлавіча, яго сябрам, таварышам, з якімі ён працаваў у Заводскай раённай партыйнай арганізацыі, усім, каму дарагое і блізкае яго імя.
Памяць пра Міхася Міхайлавіча Чарняўскага назаўсёды захаваецца ў нашых сэрцах. Пра яго будуць памятаць наступныя пакаленні мінскіх сацыял-дэмакратаў.
Мінскі гарадскі камітэт БСДП.
* * *
20 студзеня 1913 года пасля цяжкай і працяглай хваробы памёр ветэран Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамады), кандыдат гістарычных навук, дацэнт Беларускага дзяржаўнага універсітэта Міхась Чарняўскі.
Заводская раённая арганізацыя БСДП у глыбокім смутку. Ад нас пайшоў заснавальнік арганізацыі і яе першы старшыня, шчыры і надзейны таварыш, чалавек, глыбока аддадзены каштоўнасцям сацыял-дэмакратыі, ідэалу незалежнай дэмакратычнай сацыяльнай прававой Беларусі.
Сацыял-дэмакраты Заводскага раёна выказваюць шчырае спачуванне родным і блізкім Міхася Міхайлавіча Чарняўскага, усім, хто ведаў яго і сябраваў з ім.
Светлы вобраз Міхася Міхайлавіча назаўсёды захаваецца ў нашай памяці, у памяці тых людзей, якія прыйдуць у нашу арганізацыю.
Заводскі раённы камітэт БСДП.
Міхась Міхайлавіч Чарняўскі будзе пахаваны ў роднай вёсцы Круці Мядзельскага раёна.
Развітанне з Міхасём Міхайлавічам Чарняўскім адбудзецца ў рытуальнай зале па вуліцы Куляшова. Аб часе развітання будзе паведамлена пазней.
Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)
Обсудить новость на Форуме