15:00 07.11.2008 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"
Барак Абама больш левы, чым эўрапейскія сацыял-дэмакраты
Куды павядзе Злучаныя Штаты новы прэзыдэнт? На гэтыя пытаньні адказваюць
палітоляг, дарадца Барака Абамы Майкл Макфол, эканаміст, прафэсар Гувэраўскага
цэнтру Стэнфардзкага ўнівэрсытэту Міхаіл Бэрнштам і сацыёляг, прафэсар
Мічыганскага ўнівэрсытэта Ўладзімер Шляпэнтох.
Палітоляг Майк
Макфол – адзін з ключавых экспэртаў каманды кандыдата, цяпер ужо
прэзыдэнта Барака Абамы. Макфол – прызнаны ў ЗША экспэрт па Расеі. Паводле яго,
пакуль яшчэ рана казаць пра тое, якой будзе палітыка новай адміністрацыі адносна
Расеі, але...
“Зразумела, у Барака Абамы будзе магчымасьць пабудаваць новыя адносіны з Расеяй. Ён не чалавек "халоднай вайны". І людзі ў Расеі, якія абвінавачваюць яго ў гэтым, ня маюць рацыі. Гэта не чалавек старых часоў, гэта новы чалавек. І я спадзяюся, што гэта дасьць магчымасьць Расеі і Амэрыцы збудаваць адносіны па-новаму”.
Паводле большасьці экспэртаў, хіба не галоўнай прычынай перамогі Абамы стаў эканамічны крызыс. Што зьбіраецца рабіць новы гаспадар Белага дому ў эканоміцы, каб спраўдзіць спадзяваньне на яго як збаўцу ад эканамічнай катастрофы? Вось што лічыць эканаміст Міхаіл Бэрнштам:
“Праграма Абамы адрозьніваецца тым, як паводзіць сябе адносна наступстваў эканамічнага крызысу. Ён прапануе значна буйнейшыя бюджэтныя стымулятары, ён прапануе ўкласьці ў эканоміку дадаткова 175 мільярдаў даляраў, значная частка якіх пойдзе на будаўніцтва мастоў, чыгунак і школ. Гэта сацыяльныя праграмы, якія параўноўваюцца з Новым курсам прэзыдэнта Рузвэльта. І ён прапаноўвае вельмі буйныя субсыдыі малазабясьпечаным пластам насельніцтва.
Ён называе зьніжэньнем падаткаў чэк сацыяльнай дапамогі. І за кошт гэтага ён мільёнам людзей з малымі прыбыткамі дае субсыдыі. Ён таксама зьнізіць падаткі прадстаўнікам ніжняй часткі сярэдняй клясы і павялічыць падаткі больш заможным. Спачатку ішла размова пра павелічэньне падаткаў для тых, хто атрымлівае больш за 250 тысяч даляраў на год, у апошнія дні ужо казалі пра лічбу 150 тысяч даляраў на год, гэта ўжо верхняя частка сярэдняй клясы. Размова ідзе пра буйное пераразьмеркаваньне даходаў у гісторыі ЗША.
Абама не хавае, што ён больш левы, чым эўрапейскія сацыял-дэмакраты. Размова таксама ідзе пра тое, што дзяржава будзе набываць долю ў буйнейшых прамысловых прадпрыемствах. Гэта вялікае пераразьмеркаваньне ўласнасьці і частковая нацыяналізацыя.
Частковая нацыяналізацыя фінансавых установаў ратуе фінансавую сыстэму і дае магчымасьць аднавіць крэдыт. Але ў выпадку Абамы размова ідзе пра тое, што гэта доўгатэрміновая праграма. Яны мяняюць эканамічную сыстэму. Калі Абама кажа пра зьмены, гэта не рыторыка - ён мае на ўвазе надзвычай буйныя зьмены ў эканамічнай сыстэме”.
На думку сацыёляга Ўладзімера Шляпэнтоха, у накірунку гэткай палітыкі прэзыдэнта Абаму будзе падштурхоўваць ціск з боку ягонага электарату:
“Ён знаходзіцца пад моцным ціскам сілаў, якія яго абралі. А гэтыя сілы патрабуюць істотнага пераразьмеркаваньня сацыяльнага даходу ў краіне, сацыяльнай аховы здароўя, у значнай ступені бясплатнай адукацыі. Тыя сілы, на якія абапіраўся Абама, падзяляюць левалібэральныя лёзунгі.
Рэйтынг Буша надзвычай нізкі і галасаваньне за Абаму - гэта яшчэ і пратэстнае галасаваньне.
Калі казаць пра фактары, якія найбольш падзялялі насельніцтва падчас галасаваньня, то найперш гэта быў узрост. Менавіта маладыя выбарцы значна часьцей галасавалі за Абаму. Другі фактар - расавы. Афра-амэрыканскае насельніцтва ў пераважнай большасьці галасавала за Абаму - каля 90%”.
Радыё Свабода
Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)
Обсудить новость на Форуме