15:30 26.10.2008 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"
Сацыял-дэмакраты пералічваюць "баявыя штыхі". Перарэгістрацыя – адзін з этапаў умацаваньня партыі пасьля парлямэнцкай кампаніі
Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада) завяршае падлік сапраўднай колькасьці сваіх прыхільнікаў. Як паведаміў намесьнік старшыні БСДП (Грамада) Ігар Маслоўскі, пасьля нядаўніх выбараў насьпела неабходнасьць рэвізіі сьпісаў, асабліва ў рэгіёнах:
– У агітацыйную кампанію наша партыя атрымала падмацаваньне, далучыліся новыя актывісты, моладзь, і яны жадаюць мець юрыдычную рэгістрацыю. Па-другое, Міністэрства юстыцыі цяпер патрабуе больш дакладных зьвестак пра ўлік сяброў партыі. Таму даводзіцца ўдакладняць адрасы, тэлефоны і пашпартныя зьвесткі. Мы нават зацьвердзілі спэцыяльную картку ўліку і запаўняем яе як у пісьмовым, так і ў электронным варыянце.
Суразмоўца нагадвае, што на пазачарговым зьезьдзе БСДП (Грамада), які адбыўся сёлета ў чэрвені, было вырашана прывесьці партыю ў "адэкватны часу" стан:
– У 2005 годзе старшыню партыі Мікалая Статкевіча зьмяніў Анатоль Ляўковіч. Менавіта ён з таго часу займаўся ўсімі арганізацыйнымі і апэратыўнымі пытаньнямі. Калі да кіраўніцтва партыі прыйшоў Аляксандар Казулін, адразу пачалася прэзыдэнцкая кампанія, і ў яго проста не было часу займацца партыяй. А пасьля Казуліна пасадзілі ў турму. Таму зьезд рэальна ацаніў сытуацыю і ролю людзей у партыі. Цяпер настаў час удасканальваць арганізацыйныя структуры.
Са словаў суразмоўца, першай агульнай справай партыі пасьля парлямэнцкай кампаніі стануць звароты да выбарцаў з выказваньнем падзякі за прыхільнасьць да вылучэнцаў БСДП (Грамада). Таксама ў лістападзе адбудзецца партыйная канфэрэнцыя ў Менску. Плянуецца прааналізаваць вынікі мінулых выбараў і новую палітычную сытуацыю.
Ігар Маслоўскі, які таксама старшынюе ў Берасьцейскай абласной арганізацыі БСДП (Грамада), удакладніў, што рэвізія ў шэрагах партыйцаў рэгіёну зафіксавала 308 "баявых штыхоў".
Галіна Баравая
24.10.2008Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)
Обсудить новость на Форуме