15:30 26.10.2008 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"
КАБ НЕ БЫЦЬ У РОСПАЧЫ АД НАСТУПНЫХ ВЫБАРАЎ
Хачу падзяліцца сваімі высновамі пасля выбараў мінулых. Я быў назіральнікам у акруговай камісіі Бабруйскай-Ленінскай выбарчай акругі №29. А яшчэ назіраў на выбарчым участку №7 згаданай акругі. Мне пашанцавала, бо тут у складзе камісіі быў апазіцыйны камуніст і былі яшчэ назіральнікі. А можа проста старшыня камісіі не выслугоўвалася? Фальсіфікацый пры галасаванні мы не знайшлі. Участак гэты месціцца ў цэнтральнай частцы Бабруйска, склад выбаршчыкаў па ўзросце – сярэдні. Дык вось: выбары тут не адбыліся, прагаласавала толькі 42% выбаршчыкаў, і тое 14% – датэрмінова. У тым ліку, амаль увесь інтэрнат швейнай фабрыкі “Славянка”.
Ці вераць выбаршчыкі ў справядлівасць гэтых выбараў? Не цяжка пераканацца, апытаўшы сваіх калег па рабоце, знаёмых, проста людзей, з якімі кантактуеш у розных выпадках, што такіх знайсці складана нават сярод тых, хто падтрымлівае ўладу. Узнікае пытанне: хто ж хадзіў на гэтыя выбары?
Я лічу, што на выбары хадзілі: 1) тыя, хто падтрымлівае ўладу і яе кандыдатаў, і за якіх гэтая ўлада вяла актыўную кампанію ў СМІ; 2) тыя, каго настойліва “запрасілі” – студэнты, жыхары інтэрнатаў і іншыя адміністрацыйна залежныя; 3) тыя, хто лічыць, што выбары – гэта абавязак перад грамадствам, і галасавалі дзеля свайго сумлення.
Большасць складае першая група, што і паказалі вынікі выбараў. І вось пры такіх умовах за кандыдата ад улады прагаласавала толькі 24% ад усіх выбаршчыкаў і 56,9% ад тых, хто прыйшоў на галасаванне. Выходзіць, што 74,6% не падтрымліваюць уладу ў яе дзеяннях і закліках прыйсці і падтрымаць яе кандыдата, ці – толькі чвэрць – падтрымліваюць. Ёсць над чым падумаць…
Апазіцыйных кандыдатаў, а дакладней апазіцыю, выбаршчыкі таксама не падтрымліваюць, бо за кандыдатаў ад апазіцыі прагаласавала толькі 20,9% ад тых, хто браў удзел у галасаванні, ці 8,8% ад усіх выбаршчыкаў. А 4,3% адпаведна зусім галасавалі супраць усіх. Але відавочна, што большасць існуючым у краіне становішчам не задаволена і па гэтых правілах жыць не хоча.
Не буду рабіць ніякіх прагнозаў, але варта дасканала прааналізаваць вынікі гэтых выбараў, каб не быць у роспачы ад вынікаў наступных.
Юры Грынявецкі 2008-10-23
Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)
Обсудить новость на Форуме