18:00 18.10.2008 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"
Найважнейшы палітычны вынік у гісторыі нацыі
Сёньня шмат хто з удзельнікаў пасяджэньня па ўтварэньню Мартыралёгу Беларусі ў Чырвоным касьцёле ў Менску 19 кастрычніка 1988 года імкнецца прыгадаць, хто ж першым вымавіў словы пра неабходнасьць стварэньня Народнага Фронту. Сяргей Дубавец нават напісаў, што менавіта тыя словы былі самымі важнымі ў гісторыі Фронту, і тут жа падкрэсьліў, што, вось жа, зусім не Пазьняк прамовіў іх упершыню.
Асабіста я не памятаю, хто сказаў пра Народны Фронт першым, але у Чырвоны касьцёл у той вечар мы ішлі разам якраз з Сяргеем Дубаўцом і Анатолем Сідарэвічам, — і па дарозе размаўлялі пра Народны Фронт. І першае, што я пачуў ад Уладзімера Арлова, як толькі ўвайшоў у будынак, было: “Ну ты ведаеш, што будзем ствараць Народны Фронт?”
Так што, ідэя, як кажуць, лунала ў паветры, і папросту не магла ня быць выказаная.
А вось яе практычная рэалізацыя залежыла ад таго, хто будзе абраны старшынём Мартыралёгу, бо ў той вечар менавіта гэтаму чалавеку даводзілася альбо завяршыць пасяджэньне (паколькі абвешчаная ў запрашэньнях мэта была дасягнутая, “Мартыралёг” быў створаны), альбо — працягваць. Васіль Быкаў прапанаваў на пасаду старшыні Мартыралёгу Пазьняка, а затым, рашуча ўзяўшы з рук функцыянера ЦК КПБ мікрафон, настаяў на галасаваньні па кандыдатуры Пазьняка. І далей пасяджэньне вёў ужо Пазьняк, зачытаўшы заранёў падрыхтаваны ім сьпіс членаў Аргкамітэту БНФ з 23-ох асобаў, пры гэтым 12 асобаў былі прапанаваныя з залі (але да таго моманту праз Дубянецкага Пазьняк пасьпеў некаторых папярэдзіць, каб прапаноўвалі “сваіх” — гэта значыць, тых, хто стаіць на нацыянальных пазыцыях).
Такім чынам, Аргкамітэт БНФ быў утвораны і пачаў працу.
Для гісторыі беларускай нацыі стварэньне Беларускага Народнага Фронту было лёсавызначальным, бо менавіта БНФ як палітычная арганізацыя абвясьціў ідэю сувэрэнітэту Беларусі і ў выніку дамогся Незалежнасьці. У палітыцы стварэньне краіны, практычная рэалізацыя ідэі дзяржаўнасьці — найлепшы вынік, вышэй за які проста нічога ня можа быць.
Таму бясспрэчна, што галоўная палітычная мэта БНФ была пасьпяхова рэалізаваная, як гэта не падасца парадаксальным аматарам паразважаць пра “палітычныя паразы” Фронту на выбарах. Былі рэалізаваныя і іншыя дэклярацыі Фронту — дэкамунізацыя грамадзтва, праўда пра Чарнобыль.
Іншыя ж праграмныя палажэньні БНФ — стварэньне дэмакратычнага ладу, рынкавай эканомікі ў інтарэсах народу, нарэшце, адраджэньне нацыянальнай культуры і мовы — ажыцьцявіліся часткова. Але перш чым адказаць на пытаньне, чаму так сталася, варта спыніцца на той самай галоўнай палітычнай мэце і разбурыць міт пра “перадвызначанасьць” падзеяў.
У пэўных колах стала папулярнай думка, паводле якой падзеі ў Беларусі 1990-91 гг. (найперш, аднаўленьне Незалежнасьці) былі, з большага, праявай агульнай дэмакратычнай тэндэнцыі ва Ўсходняй Эўропе і ў СССР (“хваля несла”), і БНФ на чале з Пазьняком толькі “ўдала скарыстаў” шанец.
Па-першае, працэсы ва Усходняй Эўропе і працэсы ў СССР мелі толькі зьнешняе падабенства. Чэхія ці Польшча на дваццаць, ці нават на трыццаць гадоў меней знаходзіліся пад камуністычным панаваньнем, і ў канцы 1980-ых там у поўнай, сьпелай сіле былі актывісты, якія яшчэ памяталі некамуністычныя часы.
Нельга параўноўваць нацыянальны камуністычны рэжым, скажам, у той жа Чэхіі ці ў Польшчы з каляніяльным расейска-камуністычным рэжымам у СССР, які ня тое што культуру, нават мову нацыянальную (гэта значыць ня рускую) душыў. Грамадзтва гэтых краінаў мела значна больш цесныя стасункі з Захадам і непараўнальна большы вопыт камунікацыяў з заходнімі дэмакратыямі, нават пры наяўнасьці “жалезнай заслоны”. Таму камунізм у большасьці краінаў Усходняга блёку абрынуўся імгненна і незваротна, а рэформы пайшлі адносна хутка.
Па-другое, калі ў краінах Усходняй Эўропы, якія мелі суверэнітэт, вырашалася праблема дэмакратызацыі, то перад рэспублікамі былога СССР была мэта непараўнальна больш цяжкая — суверэнізацыя. Патрабавалася разбурыць адну з самых магутных і антыгуманных імпэрыяў у гісторыі чалавецтва, якая (і гэта было неаднаразова прадэманстравана) не спынялася ў выбары сродкаў для захаваньня свайго існаваньня.
Адсюль вынікае трэцяе: шмат што ў рэалізацыі ідэі распаду савецкай імпэрыі залежыла ад таго, хто пачне і — як пачне. Бясспрэчна, што крывавы, гвалтоўны пачатак паставіў бы крыж на памкненьнях паняволеных народаў (як, між іншым, адбывалася з ідэяй дэмакратызацыі раней ў той жа Ўсходняй Эўропе: Масква пэрыядычна ўчыняла “аўтадафэ” ці то ў Будапэшце (1956), ці то ў Празе (1968), і жорсткага прыкладу хапала на дзесяць і болей гадоў “спакою”).
У СССР — пачалося з Дзядоў у Беларусі. Менавіта тая першая акцыя на Дзяды 30 кастрычніка 1988 года, калі Пазьняк папярэдзіў людзей аб правакацыі і павёў іх ў Курапаты і тым самым прадухіліў заплянаваны ўладамі крывавы разгон (напагатове былі і спэцтэхніка, і спэцвойскі, і спэц-сабакі — потым бы, канешне, усё звалілі на “экстрэмістаў” і Народны Фронт), — менавіта гэтая акцыя была першай заўважальнай масавай акцыяй новаўтвораных у СССР нацыянальных рухаў, і самае важнае — менавіта яна паказала прыклад мірнага шляху да вызваленьня (ды і мірнага супраціву таксама).
Праўда, тым больш ідэалягічна магутным і цынічным быў ціск на новаўтвораны БНФ і ягонага лідэра; ні ў якой іншай рэспубліцы ЦК кампартыяў і прапагандысцкі апарат не дазвалялі сабе ў адносінах да дэмакратычных лідэраў таго, што ў Беларусі рабілі з Пазьняком.
І калі будзе справядліва казаць пра нейкую “агульную хвалю”, дык трэба прызнаць, што менавіта БНФ не ў апошнюю чаргу і сфармаваў гэтую хвалю — нароўні з нацыянальнымі рухамі ў некаторых іншых рэспубліках тагачаснага СССР. Масква ніколі б не пагадзілася на распад імпэрыі, калі б т.зв. “нацыянальныя ўскраіны” гэтага рашуча не запатрабавалі (сваю імпэрскую мэнтальнасьць Масква выразна прадэманстравала адразу, ледзь толькі ачуняла).
Ну і яшчэ колькі словаў пра “хвалю”, якая “ўсіх несла”. Нядаўна па постсавецкіх краінах прайшла хваля так званых “аранжавых рэвалюцыяў”, арганізатары якіх, між іншым, мелі непараўнальна лепшыя палітычныя і фінансавыя магчымасьці, чым у свой час заснавальнікі БНФ (да слова — за усе гады сваёй дзейнасьці Апазцыя БНФ не атрымала ні цэнту грантаў). Але вось жа — у Беларусі пераменаў не адбылося, “хваля” не дапамагла…
Пра падзеі 27 ліпеня 1990 г., калі была пранятая Дэклярацыя аб дзяржаўным сувэрэнітэце, і 25 жніўня 1991 г., калі Дэклярацыі быў нададзены статус канстытуцыйнай сілы, пра тактычныя крокі Пазьняка і дэпутатаў БНФ сказана шмат. Адзначу толькі, што калі б у жніўні 91-га спазьніліся на дзень — Незалежнасьці магло б і ня быць.
Але ніякі палітычны талент лідэраў, ніякія стратэгічныя задумы ці тактычныя хады ня мелі б плёну, калі б не падтрымка тысячаў і тысячаў прыхільнікаў Фронту, нацыянальна арыентаваных грамадзянаў. І ня толькі ў Менску (хаця сталіца традыцыйна адыгрывае вырашальную ролю), але і ў правінцыі.
Найперш, актывісты БНФ ў рэгіёнах добра спрацавалі на выбарах 1990 года — большасьць тых дэпутатаў, якія потым склалі Апазыцыю БНФ у Вярхоўным Савеце, былі абраныя менавіта там. Шмат якія іншыя акцыі агульнанацыянальнага маштабу на сваіх плячах выносілі менавіта жыхары гарадоў, мястэчак ды вёсак.
Гэтым людзям было і цяжэй, і пагроза згубіць працу мела горшыя вынікі, чым у сталіцы, і рэпрэсіі да іх былі больш адчувальныя, асабліва калі імпэрскія сілы ўзялі рэванш “абраньнем” Лукашэнкі. Працавалі гэтыя людзі не за грошы — за ідэю, за тую нацыянальную ідэю, якая для абсалютнай большасьці зь іх і сёньня засталася сьвятой.
У пачатку 90-ых гадоў дэпутаты Апазыцыі БНФ прадставілі Вярхоўнаму Савету дзясяткі законапраектаў ў сфэрах дзяржаўнага будаўніцтва, эканомікі, фінансавай сістэмы, абароннай палітыкі. Большасьць гэтых законапраектаў прайшла экспэртызу замежных адмыслоўцаў, іх вартасьць не падвяргалася сумніву.
Часам дэпутатам БНФ удавалася пераканаць пракамуністычную, як тады казалі — “пракебічаўскую” большасьць, і абзацы ці нават цэлыя разьдзелы з “фронтаўскіх” праектаў рабіліся палажэньнямі законаў. Так, ідэі стварэньня нацыянальнага войска, уласнай грашовай сістэмы — цалкам нашыя ідэі (Пазьняк яшчэ ў 1990 годзе, калі існаваў СССР, выступіў з артыкулам, у якім абгрунтаваў неабходнасьць увядзеньня беларускай грашовай адзінкі — талера).
Але і тое, што праходзіла, прымалася са спазьненьнем — на год, на два ці нават на тры, калі час ( асабліва ў другой палове 1991-га) лічыўся на дні ці нават на гадзіны. Кіраўніцтву Беларусі, ўраду бракавала дзяржаўніцкага погляду на сваю краіну; здольнасьць тагачаснага прэм’ера выпрасіць у Масквы эшалён нафты дзяржаўнай прэсай ацэньвалася як праява надзвычайных арганізатарскіх якасьцяў (“моцны гаспадарнік Кебіч”). Ну а тое, што замаруджваньне з рэформамі пазбаўляе шанцаў цэлыя пакаленьні беларусаў, пра што няспынна папярэджваў Пазьняк, лічылася ня вартым увагі.
Палітычная (ды і гаспадарчая) эліта, якая ў пачатку 1990-ых знаходзілася афіцыйна на чале дзяржавы, проста не была здольная ўспрыняць Беларусь як незалежную краіну. Выпрацаваны дзесяцігодзьдзямі (ды мо і стагодзьдзямі) інстынкт падначаленьня прымушаў чакаць указаньняў з Масквы. І гэтым Масква скарысталася.
Але паўтаруся: тысячы актывістаў і прыхільнікаў БНФ рэалізавалі галоўную мэту — дамагліся Незалежнасьці, і ў гісторыі беларускай нацыі гэта найважнейшы палітычны вынік. Беларусь — зьдзейсьнілася як дзяржава. І ўсё ж, чаму пакуль што ня сталася яна такой, як марылася ўсім тым, хто яе ствараў?
Адказ на гэтае пытаньне даў Васіль Уладзімеравіч Быкаў, сказаўшы, што грамадзтва было непадрыхтаване да ўспрыманьня нацыянальных ідэяў, якія дэкляраваў БНФ. Ці азначае гэта хібу Народнага Фронту? Ні ў якім разе. З гэтай высновы Быкава вынікае іншае. А менавіта — адказ на пытаньне: у чым шукаць паратунак, як рухацца далей? Ўзяць на ўзбраеньне тое, чаго нашаму панішчанаму саветамі грамадзству пакуль не хапала: толькі нацыянальная, беларуская ідэя можа адкрыць яму пэрспэктыву для разьвіцьця і незваротна замацаваць права нацыі на вольную і незалежную дзяржаву.
Сяргей Навумчык
Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)
Обсудить новость на Форуме