23:30 08.10.2008 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"
СТУБ СУСТРЭЎСЯ З АПАЗЫЦЫЯЙ
Дзейны старшыня АБСЭ, міністар замежных справаў Фінляндыі Аляксандар Стуб,
які знаходзіўся ў Менску зь візытам, пасьля сустрэч з афіцыйнымі асобамі
спаткаўся з прадстаўнікамі беларускай апазыцыі.
Аляксандар Стуб заявіў, што
мэтай яго візыту — падрыхтоўка справаздачы міністрам краінаў Эўрапейскага
Зьвязу, якія зьбяруцца на сустрэчу 13 кастрычніка ў Люксэмбургу. Нагадаю, на яе
запрошаны й міністар замежных справаў Беларусі Сяргей Мартынаў.
Пасьля
сустрэч з афіцыйнымі асобамі спадар Стуб заявіў, што насьпеў час вызначыць новую
ролю Беларусі ў міжнароднай супольнасьці. Ён адзначыў, што “ніколі ня верыў у
ізаляцыю, заўсёды верыў у супрацоўніцтва”. Таксама спадар Стуб адзначыў, што для
яго важна даведацца й пазыцыю дэмакратычных сілаў у Беларусі.
Сёньня ў сустрэчы зь ім узялі ўдзел каля дзесяці прадстаўнікоў дэмакратычных сілаў. Сярод іх старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, першы намесьнік старшыні Партыі БНФ Вінцук Вячорка, старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Анатоль Ляўковіч, лідэр “Эўрапейскай кааліцыі” Мікола Статкевіч, лідэр “Маладога фронту” Зьміцер Дашкевіч.
Вінцук Вячорка апавёў, што большую частку сустрэчы спадар Стуб слухаў
прадстаўнікоў беларускай апазыцыі, а ў канцы зрабіў падсумаваньне:
“Я думаю,
што для яго было зьдзіўленьнем пачуць, што былі рэпрэсіі супраць дэмакратычных
кандыдатаў у самай рознай форме падчас кампаніі. Для яго было пэўнай навіной
пачуць, што насамрэч ня толькі зьмястоўных, але і дробных паляпшэньняў у
параўнаньні з папярэднімі кампаніямі мы як удзельнікі гэтай самай кампаніі не
заўважылі.
Мы нагадалі яму, што ёсьць някепска сфармуляваная Эўрапейскай
камісіяй стратэгія адносна Беларусі. Яна далёка ня страціла сваёй сілы. Усе
патрабаваньні, якія ў ёй утрымліваюцца, ёсьць каштоўнаснымі. Іх ня можна
згортваць альбо скарачаць. І як ён заявіў у канцы размовы, усе гэтыя 12
патрабаваньняў застаюцца ў сіле, і відавочна, што ў іхным духу будзе
сфармуляваная прапанова міністрам замежных справаў ЭЗ. Ну і магчымы таксама такі
варыянт, што некаторыя пэрсанальныя санкцыі могуць на гэтай сустрэчы быць
прыпыненыя, але на пэўны час. І ня будуць працягнутыя толькі пры ўмове
выкананьня канкрэтных, сутнасных, зьмястоўных крокаў цяперашняй
уладай”.
Прадстаўнікі дэмакратычных сілаў пералічылі галіны, дзе гэтыя крокі
маюць быць зробленыя. Найперш гэта выбарчыя заканадаўства і практыка, наяўнасьць
палітычных артыкулаў у Крымінальным кодэксе, законы, якія тычацца мэдыяў,
масавых мерапрыемстваў і палітычных партый. Усе яны, паводле спадара Вячоркі,
патрабуюць дэмакратызацыі:
“Я сказаў спадару Стубу, што насамрэч поле для
Аляксандра Лукашэнкі, каб засьведчыць добрую волю да дэмакратызацыі краіны,
вельмі шырокае”.
Падводзячы вынікі сустрэчы, сустаршыня аргкамітэту для стварэньня “Беларускай
хрысьціянскай дэмакратыі” Аляксей Шэін адзначыў, што эўрапейскія эліты апынуліся
перад дылемай: ісьці на супрацоўніцтва альбо працягваць палітыку
ізаляцыі:
“Спадар Стуб сказаў, што палітыка супрацоўніцтва лепшая, чым
палітыка ізаляцыі. Але відавочна, што сур’ёзнай стратэгіі дачыненьняў зь
сёньняшнім беларускім рэжымам ў розных міжнародных эўрапейскіх інстытуцыяў цяпер
няма. Менавіта таму, думаю, адбыўся такі візыт.
Мы мусім гаварыць, што проста
супрацоўніцтва ў абмен ні на што, на пустэчу — гэта быў бы вельмі няправільны
крок з боку Захаду. Бо ён проста разьвязаў бы рукі беларускім уладам, каб яшчэ
мацней ўціскаць супольнасьці, партыі, СМІ. І таму тут патрэбна вельмі канкрэтная
пакрокавая стратэгія”.
Што да ацэнкі выбараў, то спадар Стуб адзначыў наяўнасьць пэўнага пазытыўнага
руху. Але ён падкрэсьліў, што выбары АБСЭ ня можа назваць сумленнымі і
свабоднымі.
07.10.2008 21:42 Алесь Дашчынскі
Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)
Обсудить новость на Форуме