16:15 01.10.2008 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"

УЛАДА АТАКУЕ АПАЗЫЦЫЮ, БО ВЕДАЕ САПРАЎДНЫЯ ВЫНІКІ ВЫБАРАЎ

Пасьля парлямэнцкіх выбараў беларускія афіцыйная СМІ з новай сілай абрынулася на апазыцыю. Чаму апазыцыя, якая паводле афіцыйных дадзеных, атрымала мінімальную падтрымку насельніцтва, выклікае такую моцную разьюшанасьць улады? На гэтыя ды іншыя пытаньні адказвае палітоляг Юры Чавусаў.

Цыганкоў: “Чым можна патлумачыць такія аб’ёмы прапаганды? Ці ставяць перад сабой улады нейкія мэты, ці гэта проста рэфлекторная рэакцыя на выбарчую кампанію?”
 
Чавусаў: “Паліваньне брудам апазыцыйных палітычных сілаў і асобаў – гэта звыклая частка таго сцэнару, па якім беларускія ўлады праводзяць выбары. Хутчэй трэба казаць не пра актывізацыю прапаганды, а проста пра вяртаньне на старыя пазыцыі. Улады, сапраўды, на нейкі час абвясьцілі мараторый на жорсткую крытыку, і гэта было зьвязана з тым, што ўлады імкнуліся прадставіць гэтыя парлямэнцкія выбары як прыкмету трансфармацыі рэжыму. Але як стала зразумела, што выбары ня стануць ніякім паваротным пунктам, то піяр-службы рэжыму вярнуліся да звыклай прапагандысцкай стратэгіі”.
 
Цыганкоў: “Але ці ня мае гэтая прапаганда наступную канкрэтную мэту – выдаліць апазыцыю з трохкутніка “Апазыцыя-Захад-Менск”, каб апазыцыя не была тут партнэрам?”
 
Чавусаў: “На самой справе апазыцыя не займае тут роўнага месца. Яна хутчэй грае ролю быццам бы такога дарадца для заходняга боку. Чуйнасьць да аргумэнтаў апазыцыі з боку Захаду не залежыць ад таго, наколькі паліваецца брудам апазыцыя ўнутры краіны.
Я хутчэй бачу тут рэакцыю на выбарчыя працэсы ўнутры краіны. На мой погляд, улады не чакалі, што незалежныя кандыдаты, кандыдаты ад апазыцыі здолеюць атрымаць падтрымку насельніцтва. Дзеля таго, каб зьменшыць, нівэляваць гэтую неадпаведнасьць паміж рэальнымі вынікамі і тымі, якія былі абвешчаныя, і была распачатая прапагандысцкая кампанія”
 
Цыганкоў: “Рэфрэнам у гэтай прапагандысцкай вайне часта ідзе фраза, што “апазыцыя, вядома ж, патрэбна, але ня тая, якая ёсьць”. Аднак улады нічога ня робяць, каб існавала хаця б марыянэткавая апазыцыя. У Палату не прапусьцілі нават Абрамаву, Кучынскага, Гайдукевіча, там амаль няма прадстаўнікоў нават праўладных партыяў..”
 
Чавусаў: “Гэта чарговая лягічная неадпаведнасьць у прапагандысцкай рыторыцы. Але ўся прапаганда грунтуецца на маніпуляцыі сэнсамі. Беларускай уладзе не патрэбная ніякая рэальная апазыцыя. У дадзенай сытуацыі любы альтэрнатыўны голас – гэта сродак дэстабілізацыі рэжыму”

01.10.2008 06:30 Віталь Цыганкоў

Віталь Цыганкоў



Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)

  Обсудить новость на Форуме