16:15 01.10.2008 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"
МЕЧАСЛАВУ ГРЫБУ – 70
Дарагі Мечаслаў Іванавіч,
прыміце наша самае шчырае віншаванне з нагоды 70-годдзя з дня Вашага нараджэння.
Ваша дзяцінства прыпала на трагічныя гады Другой сусветнай вайны. Вайна забрала ў Вас бацьку. Дзякуючы сваім здольнасцям і працавітасці Вы дасягнулі такіх поспехаў у жыцці, якімі рэдка хто можа пахваліцца.
Імя Мечаслава Грыба стала вядомым на ўвесь Савецкі Саюз, калі Вы ўзначальвалі ўпраўленне ўнутраных спраў Віцебскай вобласці. Пад Вашым кіраўніцтвам быў выкрыты маньяк. Былі апраўданыя нявінна асуджаныя людзі, якім інкрымінавалі злачынствы, учыненыя гэтым серыйным забойцам.
У 1990-м годзе Вас выбралі ў Вярхоўны Савет Беларусі ХІІ склікання. Вы былі сведкам і непасрэдным удзельнікам і творцам гістарычных падзей, сярод якіх самая важная – абвяшчэнне незалежнасці Беларусі. Ваш подпіс стаіць пад першай Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь.
У крытычны час, калі ў супрацьстаянні дэмакратычных сілаў і сілаў рэакцыі і рэваншу вырашалася будучыня Беларусі, Вы адназначна сталі на бок дэмакратыі.
Мы з асаблівым гонарам падкрэсліваем, што 29 чэрвеня 1996 года Вы звязалі свой лёс з беларускай сацыял-дэмакратыяй. У Вярхоўным Савеце Беларусі ХІІІ склікання Вы ўвайшлі ў фракцыю “Саюз працы”.
У лістападаўскія дні 1996 года Вы засталіся верныя свайму палітычнаму выбару. Пасля роспуску Вярхоўнага Савета Вы ўвайшлі ў Нацыянальны выканаўчы камітэт. Пад Вашым кіраўніцтвам была распрацавана “Стратэгія для Беларусі” – дакумент, які ў многім і сёння не страціў сваёй актуальнасці.
Да Вашага голасу, голасу дасведчанага палітыка, прыслухоўваюцца і ў партыі, і ў краіне, і за яе межамі. Вашы кнігі з цікавасцю былі сустрэтыя як палітыкамі, так і “шараговымі” грамадзянамі. Вы дастойна прадстаўлялі і прадстаўляеце дэмакратычную Беларусь на розных міжнародных сустрэчах.
Сваё сямідзесяцігоддзе Вы сустракаеце на пасадзе генеральнага сакратара Беларускай сацыял-дэмакратычнай парты (Грамады).
Віншуючы Вас юбілеем, мы шчыра жадаем Вам, дарагі Мечаслаў Іванавіч, моцнага здароўя, добрага працоўнага настрою і бадзёрасці.
З таварыскім прывітаннем
Анатоль Ляўковіч, Ігар Маслоўскі, Іван Анташкевіч, Анатоль Сідарэвіч, Валеры Фралоў, Міхась Варанец, Анатоль Гнеўка, Аляксандр Падойніцын, Алег Шабетнік.
Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)
Обсудить новость на Форуме