14:30 12.09.2008 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"
Валянцін Акудовіч: «У Беларусі быць беларусам — зусім не простая справа»
Падчас святкавання Дня незалежнасці 3 ліпеня неаднаразова падкрэслівалася, што Беларусь адбылася як незалежная дзяржава, якая пад усімі парамі ляціць насустрач свайму дабрабыту і авключнасці. Але ці адбыліся мы як беларусы на дадзеным гістарычным адрэзку развіцця? Аб гэтым гаворка з вядомым філосафам і літаратарам Валянцінам Акудовічам.
Можам згубіць не толькі нацыю, але і саміх сябе
— Сяргей Дубавец у адным са сваіх апошніх эсэ напісаў, што ўсю беларускамоўную свядомую грамадскасць можна пасяліць на востраве Асвейскага возера. Няужо нас так мала?
— Калі лічыць адно тых, хто не толькі размаўляе, але і сны сніць па-беларуску, дык нас сапраўды не так ужо і шмат, прынамсі, раўнуючы з усімі астатнімі беларусамі. Аднак ці правільна так лічыць?
Беларуская мова абсалютная нацыянальная каштоўнасць. І таму яе трэба берагчы як няведама што. Але… Але ўжо даўно наспела пара вывесці драматычную праблему беларускай мовы за дужкі працэсаў станаўлення беларускай нацыі і, тым болей, — дзяржавы.
Напрыканцы 80-х (ХХ ст.) адраджэнцы прыдумалі, што найперш мова мусіць легчы ў падваліны як усіх нацыятворчых, так і дзяржаўных працэсаў. Метафара пра «Беларускі Востраў» з той, піянерскай, пары. І хаця сам Сяргей Дубавец у сваіх аналітыках відавочна эвалюцыянуе ў бок адэкватнага прачытання таго, што адбываецца з Беларуссю і беларусамі, але шмат хто з нацыянальна заангажаваных усё яшчэ трымаецца ранейшай ідэі фікс. А гэта вельмі нядобра. Бо калі мы і далей будзем уяўляць мову за галоўны крытэр стану нацыі і дзяржавы, дык нам нічога іншага не застанецца, як адно румзаць да скону, што тым бабрам. І за гэтымі дурнымі слязьмі мы не тое што белага свету не пабачым, але не ўбачым ні дзяржавы, якая ўжо ёсць, ні нацыі, якая ўжо даспявае ў адэкватным яе патэнцыялу фармаце. А тое, што і дзяржава, і нацыя фармуюцца не на тых падвалінах, якія мы сабе прыдумалі, азначае, што мы тады насамрэч думалі пра сябе, а не пра нацыю.
Паўтаруся: беларуская мова — абсалютная нацыянальная каштоўнасць. І таму да яе трэба ставіцца адпаведна, гэта значыць рабіць усе магчымыя захады, каб не згубіць яе. Але разам з тым, калі ў той сітуацыі, якая склалася ў нас з беларускай мовай, мы па ранейшаму будзем уяўляць яе за галоўны крытэр стану нацыі, дык згубім не толькі нацыю, але і саміх сябе.
«Скуплены парламент» — з жанру фэнтэзі
— На адным з сайтаў была прапанаваная наступная версія правядзення парламенцкіх выбараў гэтай восенню. Расейцы скупаюць большасць будучых дэпутатаў Ніжняй палаты, і тыя потым па ўказцы з Крамлю адхіляюць Лукашэнку ад улады. Незалежнасць страчаная, а ўсе мы зноў адыходзім пад крыло «старэйшага брата». Наколькі гэта верагодна і калі верагодна, то як гэта успрыме большасць беларскага грамадства?
— Калі гэта прапанова напісаць трылер ў жанры «фэнтэзі», дык літаратурным пачаткоўцам тут ёсць чым пакарыстацца. Але калі гэта, хай сабе і гуллівая, але не без дамешку сур’ёзнасці, прапанова, дык яна адно смеху вартая. Таму дзеля смеху прапаную два варыянта разгортвання гэтага сюжэта.
Першы. Пасля таго, як завадатары гэтай авантуры падкупілі б некалькіх дэпутатаў, яны, разам з тымі некалькімі дэпутатамі, атрымалі б зацішныя месцы ў беларускіх турмах, каб пісаць там да канца свайго веку трылеры ў жанры «фэнтэзі».
Другі. Аляксандр Лукашэнка трымае паўзу і чакае, пакуль падкупяць усіх дэпутатаў, затым арыштоўвае іх гуртам, а на скафіскаваныя грошы адразу ладзіць пазачарговыя выбары… Альбо ўвогуле касуе гэты інстытут законадаўчай ўлады.
Дарэчы, да апошняга большасць беларускага грамадства паставілася б вельмі станоўча.
— Раней, калі за мяжой беларуса дзе-небудзь на адпачынку па старой звычцы называлі рускім, ён у большасці выпадкаў не хацеў нават з гэтым спрачацца. Цяпер быццам бы сітуацыя змянілася. Усё больш беларусаў па пашпарце хочуць сябе лічыць беларусамі па сутнасці. Наколькі гэта тэндэнцыя моцная і паказальная?
— За прамінулыя больш як дваццаць год (пачаткі ментальных трансфармацый беларусаў я звязваю з гарбачоўскай парой) у галовах бальшыні беларусаў адбыліся радыкальныя перамены. Мы на іх не надта зважаем, бо звыкліся перадусім звяртаць увагу на, так бы мовіць, «савецкую спадчыну», якой на Беларусі і ў беларусах сапраўды яшчэ даволі шмат. Але ў сваім цэлым гэта ўжо зусім іншая краіна і цалкам іншы народ. Што праўда, вобраз гэтай «іншасці» яшчэ не зусім выразны, аднак факт — Беларусь сёння ўжо не пераблытаеш ні з суседзямі, ні з кім там яшчэ. А значыць і беларусам, нават каб ім гэтага не хацелася, даводзіцца вылучаць сябе ў нешта адрознае ад другіх. І найперш ад рускіх і Расіі (якраз з прычыны яе найбольшай актуальнасці для беларусаў). З усіх бакоў толькі і чуеш: у Расіі новы прэзідэнт, у Расіі заробкі большыя, у Расіі горш жывуць…
Адным словам, Расія — ужо недзе там, асобна ад нас, Расія — ужо не мы.
Дарэчы, робіцца аж смешна, калі нехта за чаркай у шараговай кампаніі па старой завядзёнцы скажа: ну, у нас, рускіх, заўсёды так. А сказаўшы, адразу схамянецца і пачынае апраўдвацца, што ён, маўляў, меў на ўвазе беларусаў…
— Але незалежныя сацыёлагі сцвярджаюць, што ў нас па-ранейшаму больш жадаючых цесных стасункаў з Расіяй, чым з Еўразвязам. Выходзіць, мы пераважна хочам быць не «еўрапейскімі беларусамі», а «беларусамі расійскімі»?
— Гэта цалкам натуральна, што пакуль беларусам Расія бліжэй, чым Еўропа. Апошнія дзьвесце год з гакам усё жыццё нашага края было завязанае на Маскву і ад яе цалкам залежыла.
А цягам сямідзесяці год, што папярэднічалі незалежнасці, мы і ўвогуле былі адлучаныя ад Еўропы (і ўсяго цывілізаванага свету) «жалезнай заслонай». І праз камуністычную прапаганду пра той свет нічога не ведалі, акрамя таго, што як там — дык горай не бывае. У гэтай сітуацыі 30% (колькасць беларускіх сімпатыкаў Еўразвязу) — фантастычная лічба. Таму я не зусім разумею, з чаго тут цешыцца беларускім «русафілам» і расійскім «объединителям».
А што да мяне, дык я ўвогуле не схільны надаваць хоць якое значэнне гэтай сацыялагічнай большасці (за Расію). Рэч у тым, што ў сваім рэальным (а не сімвалічным) жыцці беларус ужо даўно аддаў перавагу «цывілізаванаму свету». Калі ён мае магчымасць, дык менавіта туды, а не у Расію, едзе на заробкі і адпачываць. Туды выпраўляе сваіх дзяцей вучыцца і адтуль прывозіць сабе аўтамабіль…Лад жыцця, філасофскія і палітычныя ідэі, мастацтва, кіно, электронная апаратура, пабытовая тэхніка, «еўрарамонт», «мужчына/жанчына» — ды што заўгодна еўрапейскае выглядае для беларуса непараўнальна лепшым за расійскае.
Інакш кажучы, нават калі беларус сацыялагічна (з узгляду на сімвалічныя прыярытэты) аддае перавагу больш цесным стасункам з Расіяй, дык усё роўна жыць хоча як у Еўропе. Што, праўда, як у «Еўропе», яшчэ не азначае, што ён ужо гатовы жыць у Еўропе (у Еўразвязе). Пакуль беларусы ў сваёй большасці пабойваюцца такой радыкальнай перамены свайго ладу існавання. Залішне там, у Еўропе, хораша, каб вечна пакрыўджаны лёсам беларус мог даць веры, што нарэшце і да яго сонца зазірне ў аконца.
«Прасунутая» моладзь выбірае…
— Рэакцыя на вашу беларускую мову ў краме, на прыпынку і г.д.? Варожасць і здзіўленасць пакрысе знікаюць ці аб гэтым пакуль не можа быць і гаворкі?
— Вы слушна спалучылі «варожасць і здзіўленне». Я б сюды яшчэ дадаў прыязнь і нават захапленне. Але праблема не ў тым, як у публічнай прасторы рэагуюць на беларускую мову: станоўча ці адмоўна. Праблема ў тым, што на яе кожны раз усё яшчэ рэагуюць.
А значыць, беларуская мова пакуль застаецца трохі дзівам, але ніяк не нормай. Натуральна, нічога добрага ў гэтым «дзіве» няма.
— Вы і вашы сябры часта сутыкаецеся па розных справах з «прасунутай» моладдзю. Якую будучыню для Беларусі выбіраюць яны?
— Сёння маладую нацыянальную эліту фармуюць тры базавыя чыннікі: глабалізацыя, каштоўнасці спажывецкага рынку і нацыянальныя каштоўнасці. У гэтай трыядзе прыярытэты па-рознаму вар’іруюцца ў кожным асобным выпадку, але менавіта яны дамінантныя. Таму, раўнуючы з той, што мы мелі ў першай палове 90-х, цяперашняя «прасунутая» беларуская моладзь менш нацыянальная (адносна параметраў, зададзеных «адраджэнскай» ідэалогіяй). Дарэчы, менавіта з гэтага ў яе меней ворагаў і болей сяброў.
Разам з тым, якраз з моладзевых асродкаў паходзяць найбольш радыкальныя формы супраціву паноўнай уладзе. Праўда, асабіста мне радыкальны моладзевы супраціў бачыцца з’явай куды больш складанай, чым яе звычайна ўяўляюць, калі розныя пратэстныя акцыі моладзі звязваюць толькі з палітыкай. Пра што я і напісаў ў эсэ з красамоўнай назвай «Яны проста гуляюць». Хаця тут усё ж такі трэба патлумачыць адзін істотны момант: для станаўлення маладога чалавека гульня мне бачыцца справай куды больш сурёзнай, чым змаганне.
— Па беларускіх тэлеканалах сталі круціць дакументальны стужкі пра ВКЛ, беларускіх князеў і г.д. Праўда, яны ідуць далека не ў прайм-тайм, але усе ж… Дык што, Дзяржава паварочваецца да нацыянальнай свядосці?
— Пакуль нацыянальна-дэмакратычны рух быў галоўным палітычным апанентам (дакладней — галоўным ворагам) улады, яна нішчыла усе праявы нацыянальнага, каб такім чынам пазбавіць гэты рух яго асноўнай базы. Урэшце рэшт улада дасягнула сваёй мэты. І нацыянал-дэмакраты, як палітычная сіла, змарнелі ў нішто.
Але, як паказаў час, з гэтага нацыянальныя каштоўнасці для многіх беларусаў не страцілі сваёй вабноты. І таму ўлада цяпер шукае спосабы, як упісаць хоць штосьці з нацыянальнай спадчыны ў сваю антынацыянальную палітыку і такім чынам паспрабаваць прывабіць да сябе нейкую частку нацыянальна заангажаванага электарата. Ці хаця б зменшыць ягоную агрэсію супраць сябе.
Мяркую, што згаданыя вамі прыклады — гэта толькі пачатак працэсу «нацыяналізацыі» беларускай улады. Бо якраз для таталітарных рэжымаў нацыянальнае (а тым болей — нацыяналістычнае) мае неверагодна багаты патэнцыял улады.
— Расія мацуецца з кожным месяцам — цэны на сыравіну азалочваюць нашу суседку з вялікімі амбіцыямі. Адпаведна там расце сярэдні заробак амаль ва ўсіх галінах. І ўсе больш беларусаў прымерваюць на сабе статус гастарбайера ў РФ. Едуць беларусы і ва Украіну, больш прывабную ў плане заробкаў і лібералізаваную ў правілах вядзення не толькі бізнесу, а і любой іншай галіны жыццядзейнасці. Прычым, з’язджаюць не толькі будаўнікі і вадзіцелі, але і журналісты, рэкламшчыкі, праграмісты, менэджэры і т.д. Ужо зразумела, што гэтую тэндэнцыю ў бліжэйшыя часы дзяржава спыніць не ў стане.
Наколькі гэта для нас небяспечна ў плане нацыянальнага станаўлення краіны?
— Праблема, як цяпер звыкліся казаць, «гастарбайтараў», неўпрыкмет робіцца адной з самых драматычных для нашай дзяржавы. Тым болей, што раней беларусы не спяшаліся пакідаць Айчыну ў пошуках лепшай працы. А сёння, магчыма ўпершыню, у нас склалася ўнікальная сітуацыя: колькасць вольных працоўных месцаў перавысіла колькасць беспрацоўных. Гэта значыць, цяпер не беспрацоўе ёсць актуальнай праблемай, а цалкам наадварот — недахоп працоўных рук.
Яшчэ больш трывожыць той факт, што кожны трэці працаздольны грамадзянін Беларусі сёння юрыдычна не зафіксаваны ні ў дзяржаўным, ні ў прыватным працоўным сектары. І тут не так істотна, дзе ён зарабляе грошы сабе на жыццё — у сваёй краіне ці за яе межамі. Істотна тое, што гэтая траціна працаздольных беларусаў ігнаруе дзяржаву куды больш радыкальным чынам, чым апазіцыя, бо не плоціць у «казну» падаткі. Інакш кажучы, калі ў краіне Беларусь прыкладна 10 мільёнаў насельнікаў, дык у беларускай дзяржаве іх на сотні тысяч, а можа і на мільён, меней. Усё гэта сведчыць пра глыбокі структурны крызіс той сацыяльна-эканамічнай сістэмы, якую прапаноўвае нам улада.
Плён здабываюць толькі з джалам у плоці
— Вашы калегі філосафы, літаратары, сацыёлагі з дзяржаўнага лагеру апошнім часам змянілі сваё стаўленне да беларускасці?
— У дзяржаўных інстытуцыях працуе шмат шчырых, сумленных і таленавітых людзей, якія адданыя нацыянальнай Беларусі нічуць не меней за іх апазіцыйных калег. Да таго ж, калі не матэрыяльна, дык маральна ім значна цяжэй, чым нам. Ужо хаця б таму, што яны, як некалі пісаў Маякоўскі, мусяць увесь час наступаць на горла ўласнай песні. Але што паробіш, у апазіцыі ўсім месцаў не хапае. Дакладней, каб заняць там сваё месца, трэба прыкласці не абы якія намаганні і шмат чым заахвяраваць. А на гэта не кожны здольны.
— Хто з людзей ці грамадскіх арганізацыяў, узяўшыхся за справу беларусізацыі краіны, на Ваш погляд, дабіўся рэальных поспехаў у гэтай справе? А хто наадварот захлынуўся ва ўласнай дэмагогіі?
— У Беларусі быць беларусам — гэта зусім не простая справа, а часам і даволі небяспечная. Таму цягнуць лямку беларуса праз усё жыццё можа адно той, хто, прабачце за пафас, мае Беларусь, як джала у плоць (Сёрэне Кіркегар). Але толькі такія і здабываюць плён.
Разам з тым, шмат хто, асабліва ў палітыцы (хаця не толькі ў палітыцы) карыстаецца нацыянальнай ідэяй дзеля нейкіх уласных мэтаў (матэрыяльных ці маральных — не істотна). Такія людзі, пакарыстаўшыся з нацыянальнага ў патрэбную ім меру, ці сыходзяць у прочкі, ці, як вы кажаце, «захлынаюцца дэмагогіяй». Але канкрэтызаваць, а тым болей персаналізаваць гэтую праблему я, натуральна, не буду, паколькі залішне яна далікатная…
— Падсумоўваючы, ці можна ўсё ж сказаць, што беларусы апошнім часам сталі больш беларускімі?
— Каб адказаць на гэтае пытанне, нам зноў давядзецца развесці беларусаў і беларусаў. Бо калі мы будзем казаць пра нацыянальна свядомых беларусаў (з «джалам у плоці»), дык яны пераважна засталіся тымі самымі, што былі на пачатку 90-х, толькі многія з іх адрэфлексавалі сваю пазіцыю.
А вось калі мы звернем увагу на тых, хто за гады незалежнасці змяніў сваю ідэнтыфікацыю з савецка-расейскай на беларускую (хай сабе і не напоўненую нацыянальным зместам), дык тут пабачым радыкальныя перамены. Я гэтыя перамены быў бы гатовы нават назваць ментальнай рэвалюцыяй, каб яны не адбывалiся так марудна.
Карацей кажучы, сёння ўжо большасць насельнікаў Беларусі кладзецца спаць і прачынаецца беларусам.
Аляксандр КОКТЫШИсточник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)
Обсудить новость на Форуме