15:15 09.09.2008 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"

Польскія палітыкі за адмену санкцыяў супраць Беларусі

Польская палітычная сцэна пазытыўна сустрэла магчымасьць адмены санкцыяў супраць Беларусі. Звычайна падзеленыя па ўсіх магчымых пытаньнях унутры краіны, у гэтым выпадку польскія палітыкі гавораць адным голасам – ад левых да правых: санкцыяў быць не павінна, бо ад іх церпяць звычайныя людзі. У пазыцыі польскіх палітыкаў, зрэшты, няма нічога новага, яны ад самага пачатку скептычна ставіліся да ўвядзеньня абмежаваньняў супраць Беларусі.

Галоўнай прычынай зьмены тону эўрапейскай палітыкі адносна Беларусі польскія палітыкі называюць вызваленьне палітвязьняў. На іх думку, адмена санкцыяў магла б значна паспрыяць іншым крокам кіраўніцтва Беларусі па дэмакратызацыі палітычнай сыстэмы ў краіне.

Гаворыць старшыня парлямэнцкай фракцыі кіроўнай партыі “Грамадзянская плятформа” Зьбігнеў Хлябоўскі.

З. Хлябоўскі: Я думаю, што Эўразьвяз павінен зьмяніць сваю палітыку адносна Беларусі. Але адначасова ўзамен Эўропа павінна дамагацца ўвядзеньня ў краіне дэмакратычнага ладу, павагі да грамадзянскіх свабодаў і правядзеньня істотных рэформаў. 

Міхал Каміньскі з Канцылярыі прэзыдэнта Польшчы ня ўпэўнены, што адмена санкцыяў зможа выклікаць лібэралізацыю ў Беларусі. Але ён падкрэсьлівае, што гэта варта зрабіць толькі таму, што ад гэтага выйграюць звычайныя людзі.

М. Каміньскі: Гэта досыць дыскусійная справа. Але я ўпэўнена магу сказаць, што ў Беларусі назіраюцца некаторыя сымптомы пазытыўных зьмен. Неабходна сур’ёзна задумацца над тым, ці ня трэба палегчыць жыцьцё, найперш, беларускаму грамадзтву.

Яахім Брудзіньскі з правай партыі Права й справядлівасьць прыгадвае, што ў Беларусі жыве вялікая колькасьць прадстаўнікоў польскай нацыянальнай меншасьці, якія неаднаразова зьвярталіся да польскіх палітыкаў з просьбай наладзіць партнэрскія стасункі паміж Менскам і Варшавай.

Я. Брудзіньскі: Нічым нельга апраўдаць дзеяньні Лукашэнкі адносна дэмакратычнай апазыцыі Беларусі. Такія паводзіны павінны крытыкавацца. Ня толькі як палітык, але й як паляк, я б вельмі цешыўся, калі б наш вялікі сусед, якім зьяўляецца Беларусь, рабіўся ўсё больш дэмакратычным, каб гэтая краіна мела моцную эканоміку. Тады б гэта адбілася на жыцьці нашых землякоў у Беларусі.

Паводле Брудзіньскага, час заявы аб магчымай адмене санкцыяў невыпадковы.

Я. Брудзіньскі: Вялікае значэньне маюць і геапалітычныя пытаньні, як, напрыклад, на Каўказе альбо цяпер ва Ўкраіне. Мы б вельмі хацелі мець добрыя дачыненьні з Расеяй, але мы ня можам забыць аб тым, што Расея кіруецца імпэрыяльнымі замашкамі й хоча лічыць Польшчу й краіны былога СССР сваёй тэрыторыяй уплыву. На гэта мы ніколі не пагодзімся.

На думку Войцеха Аляйнічака з партыі Саюз левых дэмакратаў, адмена санкцыяў супраць Беларусі дазволіць беларускай і польскай эканомікам выйсьці на новы ўзровень узаемадзеяньня, што ў выніку адаб’ецца на жыцьці звычайных грамадзянаў.

В. Аляйнічак: Я лічу, што гэта вельмі добрае рашэньне для Польшчы. Мы можам выйграць на гэтым перш за ўсё з эканамічнага пункту гледжаньня, імпартуючы й экспартуючы шмат тавараў. Бясспрэчна, гэта добра й для саміх беларусаў. Чым больш яны будуць езьдзіць па сьвеце, гандляваць і абменьвацца вопытам, тым лепшыя будуць адносіны й шанец на перамены, якія раней ці пазьней у Беларусі адбудуцца. 

Пытаньне адмены санкцыяў супраць Беларусі будзе тэмай дыскусіі 27 міністраў замежных справаў ЭЗ падчас чарговага саміту ў Брусэлі, які адбудзецца 15 верасьня. Чакаецца, што ў гэтай сустрэчы возьме таксама ўдзел і міністар замежных справаў Беларусі Сяргей Мартынаў.

Дзеля таго, каб санкцыі спынілі сваё дзеяньне, неабходная згода ўсіх краінаў-чальцоў эўрапейскай супольнасьці.

Дзьмітры Гурневіч  

 



Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)

  Обсудить новость на Форуме