11:15 29.08.2008 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"
АПАЗІЦЫЙНЫЯ ПАРТЫІ ВЫЛУЧЫЛІ НА ВЫБАРЫ ЎСЯГО 39 КАНДЫДАТАЎ
Усяго 39 прадстаўнікоў апазіцы падалі дакументы на
рэгістрацыю кандыдатамі ў дэпутаты шляхам вылучэння ад партыяў без збору
подпісаў. Прычым кожная з партыяў мае больш за тысячу членаў. Агулам па
рэспубліцы ад партыяў былі вылучаныя 59 чалавек, расказаў у інтэрв’ю Еўрарадыё
сакратар Цэнтрвыбаркама Мікалай Лазавік.
“59
грамадзянаў былі высунутыя палітычнымі партыямі. З іх 30 на гэтым і
абмежаваліся. А 25 акрамя гэтага пайшлі яшчэ збіраць подпісы. А 4 і подпісы
збіралі, і ад працоўных калектываў высунуліся”.
Віною
такой малой колькасці патэнцыйных кандыдатаў у дэпутаты стала беларускае
заканадаўства, а таксама самі аб’яднаныя дэмакратычныя сілы. Так, па словах
лідэра Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Анатоля Ляўковіча,
партыя можа вылучыць кандыдата толькі па той акрузе, дзе зарэгістраваная
структура гэтай партыі. Акрамя таго, на малую колькасць паданых заяваў паўплываў
і агульны спіс высунутых кандыдатураў ад АДС.
Анатоль
Ляўковіч: “Мы б вылучылі і сто чалавек, але атрымліваецца так, што нават з тых
15, якія ў нас былі, якія выйгралі ў конкурсе і патрапілі ў спіс АДС, толькі ў
шасці чалавек супала, што на яго акрузе ёсць зарэгістраваная
арганізацыя”.
Канечне, можна было б пашырыць агульны
спіс АДС, каб запоўніць як мага большую колькасць акругаў апазіцыйнымі
кандыдатамі. Аднак спадар Ляўковіч кажа, што яны пайшлі па шляху канкурэнцыі, а
не прыстасавання да ўмоваў дзяржавы.
Анатоль
Ляўковіч: “Хто перамагаў, той перамагаў. Хаця вы маеце рацыю. Мы б маглі
паглядзець, дзе ў якой партыі якія акругі зарэгістраваныя. І сказаць – гэта
акруга вашай партыі, а гэта вашай партыі. Па такім шляху можна было ісці. Але мы
ўсё ж такі пайшлі па шляху канкурэнцыі, а не адаптацыі да беларускага
заканадаўства і да акругаў”.
Як выявілася, прынцып
“чым больш, тым лепш” не для беларускай апазіцыі. Ды што там казаць, у некаторых
нават працуе прынцып “чым менш, тым лепш”. Напрыклад, як заявіў Еўрарадыё
выконваючы абавязкі старшыні кансерватыўна-хрысціянскай партыі БНФ Юры Беленькі,
яны ўвогуле не вылучалі ніводнага кандыдата ад сваёй
партыі.
Юры Беленькі: “Дык а што, ёсць выбары? У нас
у Беларусі даўно няма выбараў. Адбываецца спектакль. Усё загадзя вядома. Потым
зацвярджаюцца пратаколы, загадзя падрыхтаваныя. Ну і ўсё. Ад нашай партыі не
падавалі людзі на рэгістрацыю. Гэта, напэўна, чарговая правакацыя
ўладаў”.
Палітолаг Андрэй Казакевіч таксама звязвае
нізкую актыўнасць апазіцыйных палітыкаў з недаверам і расчараванасцю ў
беларускіх выбарах.
Андрэй Казакевіч: “Гэта звязана з
тым, што мала хто верыць, што ягоныя намаганні прывядуць да таго, што ён будзе
абраны. Усе ведаюць, што гэта магчыма, толькі калі самі ўлады раптам вырашаць
прапусціць. Але ніякім чынам гэта не звязана з тым, як людзі будуць весці
кампанію, як яны будуць весці працу з
насельніцтвам”.
Лічбу 33 спадар Казакевіч лічыць
недастатковай для добрай выбарчай кампаніі, хоць у выніку, апазіцыйных
кандыдатаў можа быць зарэгістравана і больш.
Андрэй
Казакевіч: “Канечне, гэта няшмат. Таму што атрымліваецца, што, можа, толькі
палова акругаў будуць мець апазіцыйных кандыдатаў. Што, натуральна, недастаткова
для таго, каб правесці шырокую, нацыянальную
кампанію”.
Лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі
Анатоль Лябедзька заявіў Еўрарадыё, што справа тут нават не ў колькасці, а ва
ўзгодненасці АДС. Да чаго прывядзе такая ўзгодненасць, пакажуць
выбары.
2008-08-21 17:11:34, Віталіна
Грахоўская
Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)
Обсудить новость на Форуме