14:30 19.08.2008 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"

Удзел ці байкот – усё вырашыць Палітрада АДС

    Што будуць рабіць аб’яднаныя дэмакратычныя сілы пасьля таго, як улада фактычна адмовілася дапускаць апазыцыю ва ўчастковыя выбарчыя камісіі?
    З паўтары тысячы прадстаўнікоў аб’яднаных дэмсілаў у склад участковых камісіяў уключылі 18 чалавек.
    30 жніўня адбудзецца пашыраны Сойм Партыі БНФ, які вызначыць пазыцыю гэтай арганізацыі. Пра гэта паведаміў намесьнік старшыні Партыі БНФ Віктар Івашкевіч. Пакуль жа палітык дзеліцца ўласнымі поглядамі на тое, што рабіць далей:
    “Мы павінны абвясьціць, што выбары дэмакратычна несумленныя, і самае галоўнае, што няма кантролю за падлікам галасоў. Гэта значыць, што падліку галасоў ня будзе, а напішуць загадзя падрыхтаваныя лічбы. У сувязі з гэтым я лічу, што АДС і БНФ павінны абвясьціць байкот і даць загад сваім кандыдатам зьняцца. Чаму не адразу? Каб мець магчымасьць выступіць у дзяржаўных СМІ.
    Ёсьць іншая пазыцыя: удзельнічаць у выбарах да канца пры любых умовах. Я лічу гэта памылковым, бо ўсё ўжо перадвырашана. Мы павінны рабіць свае адказныя палітычныя рашэньні, а не спадзявацца, што ўлада пашкадуе нас і ня будзе рабіць рэпрэсіяў, што раптам 1—2 сябраў БНФ уключаць у Палату, каб паказваць эўрапейцам, што ў нас дэмакратычныя выбары”.
    У сваю чаргу кіраўнік Партыі камуністаў Беларускай Сяргей Калякін перакананы, што ў выбарчай кампаніі трэба ўдзельнічаць і надалей:
    “Я супраць таго, каб здымаць кандыдатуры. Выбыцьцё з выбарчай кампаніі нічога дэмакратычным сілам не дае, а толькі палягчае жыцьцё ўладзе. Трэба ісьці да канца і на ўсіх этапах даказваць, што ўлада не праводзіць празрыстых і дэмакратычных выбараў”.
    Пра тое, што ва ўчастковыя камісіі прайшло так мала прадстаўнікоў апазыцыі, спадар Калякін кажа наступнае:
    “Чарговым разам улада даказала, што яе словы і справы разыходзяцца. А што, мяняць стратэгію? Гэта было вядома. А раней дапускалі? Ці раней уключалі ў камісіі? На этапе фармаваньня камісіяў улада зноў атрымала двойку”.
    Будуць удзельнічаць аб’яднаныя дэмакратычныя сілы ў выбарах ці не, вырашыць 31 жніўня Палітрада АДС, зазначыў лідэр АГП Анатоль Лябедзька:
    “Мы ніколі не прызнаем вынікаў выбарчай кампаніі, калі мы ня маем доступу да падліку галасоў. Што будзем рабіць? Гэта павінна вырашаць кааліцыя АДС. Сёньня сытуацыя 50/50 — ці здымаць кандыдатаў зараз, ці ўдзельнічаць далей. Я лічу, што трэба ісьці так далёка, як нам дазваляюць умовы і сытуацыя”.
    Гэта была думка кіраўніка Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзькі.
    На тым, што ў выбарах удзельнічаць трэба, настойвае і адзін з кіраўнікоў Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Анатоль Ляўковіч:
    “Наша партыя заўжды ўдзельнічала ў гэтым працэсе. На вайне як на вайне. Ніхто нам дэмакратыю не падорыць і ня дасьць. Мы палітычны суб’ект, і мы павінны змагацца ў любых умовах. Як штрафныя батальёны… Нашая задача — дайсьці да нашага выбарца. Мы разумеем, што мы не памяняем зараз рэжым, але мы ідзем да людзей і працуем на пэрспэктыву. Заўтра гэты рэжым сам упадзе, бо так скажуць людзі”.
    15.08.2008 15:58 Ягор Маёрчык



Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)

  Обсудить новость на Форуме