09:00 15.08.2008 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"
СТРЫМАЦЬ РАСЕЮ МАГЧЫМА
калі Захад
вернецца да маральных
прынцыпаў замежнай палітыкі
ў рэгіёне. Піша Віталь Сіліцкі.
Грузіна-расейская вайна які раз засведчыла, што
сучасныя войны гэта найперш інфармацыйныя мерапрыемствы, дзе перамогу здабываюць
ня толькі на полі бою, але і ў віртуальнай
прасторы.
Аднак віртуальныя войны мусяць
узьдзейнічаць ня толькі на падсьвядомасць, але і на розум. У сёньняшняй вайне
трэба ня толькі забіць мэдыяканалы сваёй карцінкай ці страшылкамі, але навязаць
уласнае вызначэньне зла, якое трэба паканаць, і дабра, за якое варта праліць
кроў. Адначасова са стрэламі гарматаў і мэдыйнымі войнамі (у якіх адна і тая ж
карцінка можа агучвацца ваюючымі бакамі як доказ злачынцаў праціўніка), такія
войны ідуць у фармаце судовых спрэчак, дзе кожны бок, спасылаючыся на
прэцэдэнты, імкнецца прыдаць законнасьць і легітымнасьць уласным дзеяньням.
Прычым чым больш такіх спасылак, тым менш надзеяў на тое, што нормы міжнароднага
права і элемэнтарнай маралі яшчэ маюць хоць неякае значэньне і карысьць для
прадухіленьня ці вырашэньня такіх канфліктаў.
Для
апраўданьня сваіх паводзінаў у Паўднёвай Асеціі Грузія фактычна скарыстала
расейскую апэрацыю па «навядзеньні канстытуцыйнага ладу» ў Чачні. Нават
улічваючы тое, што лічбы пра тысячы ахвяраў – яўнае перабольшваньне (аб гэтым
пазьней), дзеяньні грузінскіх вайскоўцаў, як слушна заўважае «НН» у сваім
аналізе, бясспрэчна цягнулі на этнічныя чысткі.
У той
жа час, абвінавачваньні Саакашвілі ў генацыдзе можна ўспрымаць адкуль заўгодна,
але ня з боку расейцаў. Бо калі хочаце пабачыць Мішу ў Гаазе, то, даруйце,
толькі разам з усім Крамлём – за рэальны, а не мэдыйны, генацыд у Чачні. На
жаль, непакараныя злачынствы ствараюць доўгатэрміновую праблему, нашмат
глыбейшую за іх саміх – наступнага злачынцу пакараць нашмат цяжэй. Гітлер
таксама думаў, што генацыд габрэеў яму сыдзе з рук як туркам – генацыд
армянаў...
Для Расеі ж умяшальніцтва ў вайну было
асьвячана як змаганьне з генацыдам і этнічнымі чысткамі – толькі так можна было
дамагчыся галоўнай мэты гэтага канфлікту, які насьпяваў ужо некалькі месяцаў,
пасьля таго як Паўднёвая Асеція папрасілася ў склад Расеі, а Дума заклікала яе
просьбу задаволіць. Нагадаем, што ЗША і большая частка ЭС даказвалі, што выпадак
Косава ня можа стаць прэцэдэнтам у міжнародным праве, бо там была пагроза
генацыду мясцовага насельніцтва і этнічных чыстак. Што прыдумалі? Стварыць
карцінку генацыду ў Цхінвалі.
Выйшла даволі непрафэсійна – хіба толькі «вызваленьне» гораду 58-й арміяй давяло
колькасьць руінаў да патрэбнай для мэдыяпрапаганды колькасьці. Затое, лаўры
Буша-вызваліцеля для гаспадароў Крамля паказаліся дробнымі, і Мядзьведзеў пачаў
гуляць ужо ў Чэрчыля і заклікаць Захад ад устрыманьня ад «уміратварэньня
агрэсара» – акурат у той час, як расейская авіяцыя працягвала бамбёжку
грузінскай тэрыторыі, а абхаскія марыянэткі, хаваючыся за танкамі расійскіх
дэсантнікаў, адкрылі другі фронт.
Калі нормы маралі і
міжнароднага права перакручваюцца і выкарыстоўваюцца для апраўданьня злачынстваў
і агрэсіі – вінаватыя ня толькі тыя, хто гэта робіць, але і тыя, хто гэтаму не
пярэчыць. Заходнія дэмакратыі, як шмат разоў у гісторыі, ізноў паплацілся за
тое, што прамянялі нормы права і маралі на цынічную
realpolitik.
Амерыканцы спрыялі канфлікту тым, што,
фактычна ўсынавіўшы Саакашвілі і прызначыўшы яго сваім сучым сынам, яны ня
толькі заплюшчвалі вочы на яго замежныя авантуры, але і на ўнутраную палітыку,
якая пасьлядоўна скатывалася да дыктатарскай (тут, дарэчы, расейцы цалкам маюць
рацыю, але зноў – чыя б карова мычала...) Менавіта гэтае адчуваньне
беспакаранасьці прывяло грузінскага лідэра да высновы, што Захад яго падтрымае ў
любым разе. Тут навука для ўсіх, хто хоча быць чыімсьці сучым сынам – памятайце,
што калі прыйдзе час выцягіваць вас з ж... лужы, такія паплечнікі могуць
узгадаць іншую прымаўку – пра тое, што свая кашуля бліжэйшая да
цела.
Але сваю долю адказнасьці нясе і старая Эўропа.
Як гэта ні парадаксальна, але каб прыструніць Саакашвілі, Захад мусіў апрануць
на яго «сьмірэнчую кашулю» абавязкаў, якая прымае на сябе краіна, якая імкнецца
стаць паўнапраўным сябром эўраатлянтычнай супольнасьці. Але каб гэта адбылося,
трэ былі дзьве рэчы. Першая – дакладны сыгнал, што Захад падтрымлівае грузінскую
дэмакратыю, а не Саакашвілі асабіста. Гэта магло б адбыцца падчас парлямэнцкіх і
прэзыдэнцкіх выбараў у Грузіі – чаго, як мы ведаем, не адбылося. Другая – гэта
даць Грузіі дакладную пэрспэктыву далучэньня да НАТО, што якраз-такі вымагала б
шанаваньня Грузіяй дэмакратычных працэдураў і няўвязваньня ў авантуры, падобныя
да апошняй (насуперак таму, што цьвердзіў у нядзелю прэм’ер Расеі Пуцін).
Менавіта Францыя, якая разам зь Нямеччынай адмовілі Грузіі і Ўкраіне ў
эўраатлянтычнай пэрспэктыве, зараз мусіць расхлёбваць за ўсю Эўропу кашу, якая
заварылася.
Выправіць сытуацыю ў
рэгіёне і стрымаць Расею магчыма, толькі калі Захад вернецца да маральных
прынцыпаў замежнай палітыкі ў рэгіёне.
На кану ня
толькі лёс Грузіі і стратэгічных трубаправодаў, што мусілі прайсьці празь яе
тэрыторыю. На кану лёс Украіны, якая імкліва робіцца наступным кандыдатам на
дэстабілізацыю. На кану лёс самой Расіі, дзе прыхільнікі пуцінскага курсу амаль
паверылі ў тое, што цяпер ляскат зброяй і пусканьне крыві можа стаць абсалютна
беспакараным, а таму прымальным сродкам паводзінаў на постсавецкай прасторы. На
кану рэпутацыя самой Эўропы як замежнапалітычнага гульца, які здольны вырашаць
канфлікты і забясьпечваць стабільнасьць у сваім непасрэдным
атачэньні.
Бэрлін і Парыж пайшлі на саступкі Пуціну ў
Бухарэсьце, але ў іх яшчэ ёсьць шанец пазьбегнуць усіх трагічных наступстваў
палітыкі ўміратварэньня. Вашынгтон і Брусэль стаяць перад выклікам карэннага
перагляду ўсёй сваёй палітыкі ў дачыненьні да Расіі і да постсавецкага рэгіёну,
але ў любым выпадку гэтая палітыка мусіць выправіць памылку нядаўняй realpolitik
– Грузія і Ўкраіна мусяць быць тэрмінова запрошаныя ў НАТО, прычым першая –
толькі пры ўмове паўторнай здачы іспыту на
дэмакратыю.
Віталь Сіліцкі 16:19, 13 жнiня 2008
Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)
Обсудить новость на Форуме