23:00 12.08.2008 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"

РАСІЯ АТРЫМАЕ ТАКІЯ РЭСУРСЫ, ШТО НА МАРАЛЬНЫЯ СТРАТЫ МОЖА НЕ ЗВАЖАЦЬ

    Еўрапейцы аднагалосна асуджаюць інтэрвенцыю Расіі ў Грузію, заклікаюць бакі спыніць баявыя дзеянні, вінавацяць Расію ў злоўжыванні вайсковай моцай. Заходняя прэса выходзіць з загалоўкамі ў стылі “Расійскія пілоты ведалі, што страляюць у дзяцей”, “ На сваіх паўднёвых межах Расія гуляе з агнём”, “Грузія не можа стаць другой Чачнёй”.
    І толькі голас італьянскага МЗС выбіваецца з агульнага хору: італьянскі міністр замежных справаў Франка Фраціні засцерагае еўрапейцаў перад “стварэннем антырасійскай кааліцыі” ў шэрагах еўрапейскіх дзяржаваў.
    З пытаннямі наконт еўрапейскай пазыцыі ў расійска-грузінскай вайне за Паўднёвую Асецію Еўрарадыё звярнулася да палітолага Юрыя Шаўцова.
    Юры Шаўцоў: Ёсць сілы, якія, стаўшы маральна на бок Грузіі, усё ж такі спрабуюць зразумець Расію. Гэта Нямеччына, Францыя, зрэшты — уся старая Еўропа, можа быць, без Вялікабрытаніі.
    Еўрарадыё: А ў чым гэта праяўляецца?
    
Шаўцоў: А яны прапанавалі свае пасярэдніцкія функцыі ва ўрэгуляванні канфлікту.
    Еўрарадыё: Ці магчымы ў Еўропе раскол, як у выпадку з Іракам?
    
Шаўцоў: Думаю, не, бо ў выпадку з Іракам былі актыўныя дзеянні Злучаных Штатаў. Грузія для Еўропы не такая важная краіна, як ЗША, каб раскалвацца з-за яе. Тут можа быць нейкая напружанасць у адносінах паміж старой Еўропай і новай, бо Польшча, Літва, Украіна – яны ўжо акрэсліліся як яскравыя паплечнікі Грузіі. Для іх гэтая вайна вельмі істотная для будучыні, бо калі там будуць гарантавана функцыянаваць трубаправоды ад Каспійскага мора да Чорнага, гэта будзе значыць, што ва Ўсходняй Еўропы ёсьь магчымасць стварыць незалежную ад Расіі сістэму забеспячэння вуглевадародамі. А калі ў Грузіі рызыка для пампавання вуглевадародаў будзе вялікая, тады такой магчымасці не будзе, прычым гадоў на 20. Калі знікне нават тэарэтычная магчымасць для Ўсходняй Еўропы атрымліваць вуглевадароды не з Расіі, гэта будзе азначаць, што Ўсходняя Еўропа будзе вымушаная памяняць усю стратэгію адносна Расіі і ў прынцыпе знешняй палітыкі. Ім давядзецца зноў вяртацца да адбудовы ўзаемапаразумення і супрацоўніцтва з Расіяй.
    Еўрарадыё: Як вы лічыце, ці можа зараз Расія змяніць стаўленне Еўропы да сваёй ролі ў канфлікце ў Паўднёвай Асеціі?
    
Шаўцоў: Я думаю, не. Што б Расія ні рабіла, знешнепалітычны пройгрыш гарантаваны. Занадта моцная ў Еўропе існуе традыцыя русафобіі, да таго ж не толькі Ўсходняя, а ўся Еўропа залежыць ад расійскіх вуглевадародаў. Гэта будзе ўвесь час падштурхоўваць насцярогу адносна Расіі ў еўрапейцаў. Але тыя бонусы, якія Расія можа атрымаць для сябе ад гэтай вайны, настолькі вялікія, што яна можа не зважаць на маральныя страты.
    Еўрарадыё: Якія бонусы вы маеце на ўвазе?
    
Шаўцоў: Па-першае, у іх адбываецца вельмі моцная кансалідацыя насельніцтва і палітыкаў вакол такой, я б сказаў, нацыяналістычнай ідэалогіі. Па-другое, вуглевадароды рэгіёну Каспійскага мора цяпер амаль стопрацэнтова пойдуць праз Расію, а гэта значыць, Расія атрымае гарантаванае манапольнае становішча на ўсходзе Еўропы як пастаўшчык вуглевадародаў. Гэта дасць ёй такія фінансавыя рэсурсы, абапіраючыся на якія яна можа не зважаць на маральныя страты ў Еўропе.
                2008-08-11 19:32:07, Мара Нальшанская  



Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)

  Обсудить новость на Форуме