22:00 11.08.2008 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"

БЕЛАРУСКІЯ ПАЛІТЫКІ СУПРАЦЬ ВАЙНЫ

    За разьвіцьцём падзяў на Каўказе напружана сочыць увесь сьвет, не застаюцца ў баку й беларускія апазыцыйныя палітыкі.
    Партыя БНФ на нечарговым зьездзе, які адбыўся 9 жніўня, выступіла з адназначнаю заяваю наконт канфлікту ў Грузіі.
    БНФ занепакоеная ўзброеным канфліктам у Паўднёвай Асэтыі і лічыць, што забесьпячэньне тэрытарыяльнай цэласнасьці Грузіі ёсьць унутранаю справаю сувэрэннай краіны. А ўвод расейскіх войскаў на тэрыторыю Грузіі ды ўдзел у баявых дзеяньнях называе агрэсіяй Расеі.
    Лявон Баршчэўскі: Мы за мірнае вырашэньне любых канфліктаў. Прынцып тэрытарыяльнай цэласнасьці сьвяшчэнны. Расея свае апэрацыі ў Чачэніі абгрунтоўвала гэтым прынцыпам. Двайныя стандарты. Партыя БНФ настойвае на неадкладным прыпыненьні баявых дзеяньняў і вывадзе расейскіх войскаў з тэрыторыі Грузіі.
    Партыя камуністаў Беларуская ня мае на сёняшні дзень дастаткова зьвестак, каб зрабіць адназначную выснову што да расейска-грузінскага вайсковага канфлікту. Паводле лідэра партыі Сяргея Калякіна, нельга дакладна вызначыць, хто вінаваты ў канфлікце, таму партыя не сьпяшаецца з заявамі.
    Сяргей Калякін: Мы палічылі немагчымым прымаць заявы. Трэба ведаць, што там адбываецца. Ня маю поўнай інфармацыі, яна розная. Але баявыя дзеяньні трэба спыніць, бо церпяць простыя людзі.
    Сацыял-дэмакраты зьбіраюцца прыняць заяву наконт падзеяў на Каўказе ў чацьвер, калі зьбярэцца на паседжаньне ЦК партыі. Лідэр Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Анатоль Ляўковіч выказвае пакуль што асабістае меркаваньне.
    Анатоль Ляўковіч: Палітычныя пытаньні ніколі не вырашаліся з дапамогаю зброі. Там, дзе перастаюць працаваць палітыкі, пачынаюць працаваць генэралы. Тое, што адбылося, даказвае, што палітыкі працавалі кепска. З абодвух бакоў. Тупіковая сытуацыя. Трэба спыняць бойку генэралаў і садзіцца за стол перамоваў.
    Лідэр АГП Анатоль Лябедзька разглядае грузінска-расейскую вайну ў беларускім кантэксце.
    Лябедзька: Тое, што адбываецца на Каўказе, на карысьць беларускаму рэжыму. Міжнароднай супольнасьці будзе не да Беларусі. Не да нашай выбарчай кампаніі. Гэта таксама ўмацоўвае пазыцыі Лукашэнкі ў няпростых перамовах з Масквою, зацікаўленай у пошуках нешматлікіх саюзьнікаў і ў Эўропе, й на постсавецкай прасторы. Лукашэнка можа гэтым гандляваць. Што да канфлікта, дык я супраць таго, каб пераглядаць межы й ствараць новыя краіны.
    Рух «За свабоду» таксама мяркуе ў бліжэйшыя дні выступіць з заяваю, якая асуджае дзеяньні Расеі ў адносінах да сувэрэннай цэласнасьці Грузіі. Лідэр руху Аляксандар Мілінкевіч заняты выбарчай кампаніяй, нам не ўдалося да яго датэлефанавацца. Намеснік кіраўніка Руху «За Свабоду» Віктар Карняенка адназначна гаворыць пра імпэрскі сындром Расеі, але падкрэсьлівае, што гэта пакуль што ягонае асабістае меркаваньне.
    Віктар Карняенка: Лічу недапушчальнымі дзеяньні расейскіх уладаў. Да сур'ёзных наступстваў прывёў імпэрскі сындром. Міжнароднай супольнасьці трэба сказаць гучнае слова. Я б зьвярнуў увагу беларускага кіраўніцтва на рыторыку ў дачыненьні Ўкраіны. Жорсткія выказваньні пра недружалюбныя дзеяньні.
    Пакуль невядома як будзе развівацца вайсковы канфлікт, але назіральнікі слушна сьцьвярджаюць, што цэласнай Грузіі й цэласнай Расеі на Паўночным Каўказе адначасова быць ня можа.
    Ганна Гарачка 11.08.2008  
    



Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)

  Обсудить новость на Форуме