12:45 09.08.2008 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"

ПЕКІН, ПЛОШЧА ЦЯНЬАНМЭНЬ І БЕЛАРУСКАЯ ДЭМАКРАТЫЯ

    У Пекіне адкрыліся Алімпійскія гульні.
    Ну, няхай туды паехаў “наш” са сваім новым сынам Колем, няхай туды паехаў Цынобэр-Пуцін, няхай туды падаліся яшчэ дзясяткі да іх падобных. Але што там робіць Нікаля Сарказі, што там выглядвае “кульгавая качка” Буш? Што там робяць лідэры іншых дэмакратычных краінаў? Ці была іх прысутнасьць там абавязковаю, жыцьцёва неабходнаю?
    Яны, заходнія палітыкі, могуць так патлумачыць сваю прысутнасьць у сталіцы Паднябеснай: Кітай – вялікі рынак збыту. Клапоцячыся пра збыт амэрыканскіх (францускіх, нямецкіх і г. д.) тавараў у Кітай, мы дбаем аб працоўных месцах у Амэрыцы (Францыі, Нямеччыне і г. д.), дбаем пра дабрабыт сваіх народаў.
    На адкрыцьці Алімпіяды ў Пэкіне перамог капітал, якому напляваць на дэмакратыю і правы чалавека. Перамог буржуазны цынізм: падумаеш, нейкая жменька нейкіх там тыбэтцаў, нейкіх там уйгураў!..
    На плошчы Цяньаньмэнь танкі ператваралі ў месіва і крошыва людзей, якія хацелі дэмакратыі і павагі да правоў чалавека.
    На гэтай палітай людскою крывёю плошчы Буш, Сарказі і кампанія рукаюцца з катамі і вучнямі і пасьлядоўнікамі катаў.
    Я не здзіўлюся, калі Буш і Сарказі паклічуць афіцыйны Кітай у “дзявятку”. Такая ідэя ўжо агучана.
    Паклікалі ж Буш і кампанія Пуціна ў “васьмёрку”…
    …Па-мойму, беларускія дэмакраты, зашмат спадзяваньняў ускладаюць на заходнія краіны. Трэба быць гісторыкамі і рэалістамі. У афіцыйных колах заходніх краінаў ніколі не было ідэалістаў. Афіцыйныя колы заходніх краінаў заўсёды цынічна ставіліся да Беларусі. Што Жорж Клемансо, што Фрыдрых Эберт і Філіп Шайдэман, што Лойд-Джордж і кампанія.
    Фраў Мэркель і Нікаля Сарказі, Джордж Буш і Гордан Браўн на выгоды для нямецкага, францускага, амэрыканскага ці брытанскага капіталу ўмэнт забудуць аб праблемах дэмакратыі ў Беларусі, пра палітзьняволеных і г. д. “Наш”, калі б ён не быў таталітарыстам паводле сваёй натуры, мог бы лёгка паразумецца з усімі гэтымі панамі і панямі. І яны рукаліся б зь ім на Кастрычніцкай плошчы ў Менску, як рукаюцца з кітайскімі мандарынамі.    
                Анатоль Сідарэвіч


Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)

  Обсудить новость на Форуме